Маладзечна — горад з трыма сэрцамі
Эсэ Уладзіміра Садоўскага, апублікавана ўпершыню ў літаратурным часопісе «Прайдзісвет».
Што можна сказаць пра душу нашага горада? Мабыць, тое, што яна ўсё-ткі ёсць, але пра гэта як-небудзь пазней. Цяпер я хацеў бы расказаць пра сэрца, дакладней, пра тры сэрцы аднаго горада.
Пад сэрцам я разумею цэнтр, вакол якога разбудоўвалася і расло паселішча, бачу ў ім пункт, дзе перакрыжоўваюцца асноўныя гарадскія і міжгароднія плыні. Склалася так, што за ўсю гісторыю існавання ў Маладзечне было ажно тры такія пункты. Першы і самы старажытны — гэта цяперашняя плошча Старое Места. “Места” не ад пляцоўкі ў прасторы, а ад старажытнага сіноніма слова “горад”. Ад “места” ўтварылася і вядомае многім “мястэчка”, замененае ў савецкія часы брыдкім акронімам ПГТ — “пасёлак гарадскога тыпу”.
Дарэчы, у часы калі Старое Места было адзіным сэрцам, Маладзечна, па сутнасці, і было мястэчкам: чатыры вуліцы, што разыходзяцца ў чатыры бакі свету, квадратная плошча, на плошчы — царква, на захад — сінагога, на поўнач — касцёл. У цэнтры поўна лавак і крамак, спрэс драўляная забудова і толькі пара камяніц. Некалькі разоў на год на плошчы збіраецца шумны кірмаш. Так было спрадвеку ад заснавання. Старое Места і цяпер не надта адрозніваецца ад свайго выгляду часоў мястэчка — ціхая плошча, на якой увосень гандлююць ураджаем навакольныя калгасы і фермеры, і не скажаш, што гэта цэнтр стотысячніка.
Зрэшты, не сюды маладзечанцы прывозяць гасцей, каб паказаць цэнтр нашага горада. Час Старога Места даўно мінуў, няўмольная хада прагрэсу вырвала Маладзечна з местачковай цішы — у сярэдзіне ХІХ стагоддзя праз паселішча прайшла першая чыгуначная галінка. Ну як праз, недзе збоку прыпёку, але прайшла. Па нейкай дзіўнай традыцыі, якую можна назіраць на планах многіх беларускіх гарадоў, інжынеры Расійскай імперыі размясцілі чыгуначную станцыю на значным аддаленні ад старога цэнтра горада. Дзве з паловай вярсты на стары капыл давялося б прайсці местачкоўцу ад плошчы да вакзала. А прайсці было варта.
Чыгунка разам з вугальным дымам і вадзяной парай занесла ў мястэчка пах грошай. Ад часу з’яўлення чыгункі колькасць жыхароў Маладзечна пастаянна расла. Менавіта чыгуначнай станцыі было наканавана стаць новым сэрцам, вакол якога гэты рост канцэнтраваўся. У пачатку ХХ стагоддзя другая чыгуначная лінія працяла Маладзечна — утварыўся чыгуначны вузел. А гэта ўжо была сур’ёзная заяўка на поспех. У наваколлях станцыі будаваліся прадпрыемствы і жылыя дамы ўжо новага мадэрнізаванага выгляду. Цагляныя гмахі прыйшлі на змену драўлянам хаткам, прамысловасць замяніла кустаршчыну.
Першая сусветная вайна амаль не закранула горад, разбуральная лінія фронту прайшла за некалькі дзясяткаў кіламетраў на захад ад Маладзечна і на друз разабрала Смаргонь. І гэта, як ні сумна казаць, стала прычынай пасляваеннага ўздыму Маладзечна. Адносна ацалелае ў пажарах войнаў і рэвалюцый мястэчка стала новым эканамічным цэнтрам рэгіёна. Сюды ў пошуках лепшай долі сцякаліся людзі з пагарэлых вёсак і гарадкоў. Новыя ўлады (а па выніках савецка-польскай вайны Маладзечна апынулася ў складзе Польскай Рэспублікі) з нагоды выбуховага росту спачатку зрабілі ў 1927 годзе Маладзечна цэнтрам павета, а затым, у 1929-м, надалі паселішчу афіцыйны статус горада. Гэты новаспечаны горад рос усё гэтак жа вакол чыгуначнай станцыі — менавіта тут у канцы 1920-х быў узведзены гмах гарадской і павятовай адміністрацыі, адсюль цяпер разыходзіліся дарогі-жылы на ўсе бакі свету. Старое Места схавалася ў цені новага сэрца.
Другая сусветная вайна не была такой літасцівай да Маладзечна, як першая, горад зазнаў бамбардзіроўкі, нападнікі бамбілі чыгуначны вузел. Новае сэрца аказалася самай разбуранай часткай горада, настолькі разбуранай, што пасля вызвалення давялося будаваць чыгуначную лінію ў абыход знішчанай станцыі.
Але нягледзячы на страты, паселішча ў пасляваенныя гады займела і здабыткі: менш чым праз дваццаць гадоў пасля атрымання статусу горада Маладзечна стала абласным цэнтрам. З гэтай нагоды савецкая ўлада вырашыла падарыць яму і новы цэнтр. Бальшавікі не сталі замарочвацца з рэканструкцыяй калястанцыйнага раёна ці перабудовай Старога Места — новае сэрца абласнога горада паўстала на балоцістым пустыры на паўднёвай ускраіне Маладзечна. І гэта даволі станоўчы прыклад, бо вядомы савецкі прынцып “до основанья, а затем” часцяком пазбаўляў гарады гістарычнай архітэктурнай спадчыны.
Маладзечну ў гэтым плане пашчасціла, наш горад у прынцыпе цікавы тым, што амаль кожная гістарычная эпоха пакідала на яго мапе новы цэнтр. Дык вось, цэнтр абласнога Маладзечна, паводле планаў камуністычных архітэктараў, мусіў увасабляць ідэю камуністычнага горада-саду. Шырокія праспекты, дамы-палацы, бульвары і паркі — усё гэта мусіла вырасці на месцы ворных земляў, пустак і забалочаных ручаёў. Цяпер гэта цяжка ўявіць, але старажылы расказваюць, як іх бацькі касілі траву на паплавах будучай Цэнтральнай плошчы, а камарыныя хмары накрывалі горад з боку багнаў будучага парка Перамогі.
Зрэшты, не ўсім планам архітэктараў было наканавана здзейсніцца. У 1960 годзе па краіне прайшла хваля ўзбуйненняў адміністрацыйных адзінак, і Маладзечанская вобласць перастала існаваць. Маладзечна зноў стала райцэнтрам, і ў пышнай архітэктуры патрэба адпала. Пра былы абласны статус сёння нагадвае маштабная забудова Цэнтральнай плошчы, а таксама пампезны будынак былога аблвыканкама, які праз скасаванне вобласці перадалі маладзечанскаму палітэхнікуму. Тым не менш гэты пасляваенны цэнтр, пабудаваны ў чыстым полі, стаў новым сэрцам горада. Першае месца, куды вядуць гасцей, — Цэнтральная плошча і парк, а ўжо потым, калі ўспомняць, што такі ўсё яшчэ ёсць, вязуць паказваць стары горад.
Тры сэрцы, тры эпохі, тры статусы — мястэчка, горад, абласны цэнтр — геаграфія і гісторыя вельмі шчыльна перапляліся на мапе Маладзечна. Я магу памыляцца, але такая повязь, робіць наш горад, не пабаюся гэтага слова, унікальным.
Спасибо за интересный сайт! С большим удовольствием прочитала все Ваши статьи об истории и архитектуре нашего города. Люблю рассматривать старые фотографии. Расскажите, пожалуйста, про застройку бывшей улицы Кирова (теперь Волынца) — она ведь создавалась тоже в 50-х годах, и в том числе про здание детской больницы — как-то не очень оно похоже на «учреждение здравоохранения», тем более детского, ведь раньше на ограждении балкона были звезды в обрамлении венков. И стояло здание на «окраине», и архитектура интересная. А ещё было бы интересно проследить хронологию открытия школ по мере «роста» города. Большое спасибо!
Дзякуй за водгук!
Да, участак Валынца ад лазні (на Грамадоўскай) да дзіцячай бальніцы — гэта 1950-я гады, а бальніца з самага пачатку будавалася як бальніца, ніякай іншай функцыі ў яе не было. Магчыма, хутка я зраблю падборку фотак бальніцы ад пабудовы да рамонта.
Пра школы харошая тэма, дзякуй!
Спасибо, буду ждать! Я приехала в Молодечно с родителями в 1965 году. Наш дом — 78 по проспекту Ленина — стоял крайним посреди полей. Только открыли школу №8, улицы Космонавтов ещё не было, рядом дома 76,74-б и 74-в ещё строились. В Графский сад мы ходили гулять через ржаные поля. Там ещё были окопы. На другой стороне проспекта дома заканчивались №109. Вот таким я увидела город в 8 лет. А приехали мы из Загорска, теперь Сергиев Посад. Поэтому извините, что пишу по-русски, но по-белорусски очень хорошо понимаю и с интересом Вас читаю. Ещё раз спасибо!