Аўтобус, як грамадскі транспарт, з’явіўся на пачатку ХХ стагоддзя. Па нашым горадзе (а Маладзечна атрымала статус горада толькі ў 1929 годзе) першыя аўтобусы пачалі ездзіць у часы Другой Рэчы Паспалітай — але гэта былі адзінкавыя экзэмпляры міжгародняга руху. У пасляваенны час, калі Маладзечна стала цэнтрам Маладзечнаскай вобласці, у горадзе з’явіўся свой унутраны гарадскі транспарт. З гадамі павялічвалася колькасць маршрутаў і абнаўляўся мадэльны шэраг аўтапарку. У 1970-я ўлады горада нават планавалі арганізаваць у Маладзечне тралейбусны рух, але далей за планы справа не пайшла.
Краязнаўчы сайт Molodechno.net склаў вялікую фотападборку з аўтобусамі розных мадэляў, якія ездзілі па вуліцах горада ў перыяд з 1930 па 1991 год.
«За польскім часам»: 1930-я
Фотаздымкаў міжваеннага часу з аўтобусамі ў горадзе знайсці не ўдалося, але некалькі машын патрапіла на кінаплёнку, напрыклад, гэты міжгародні аўтобус маршрута №98 Івянец-Маладзечна, засняты ў раёне вакзала ў 1930 годзе:
Увогуле, аўтобусныя маршруты ў міжваеннай Польшчы — гэта тэма асобнага даследвання. Праўда, Маладзечна ў той час не магло пахваліцца разнастайнасцю аўтобусных маршрутаў, магчыма з-за таго, што ў горадзе была буйная чыгуначная станцыя, якая забаяспечвала ўсе патрэбы па міжгародніх транспартных зносінах.
Як вынікае з наступнай ілюстрацыі — у 1929 годзе з горада за дзень адпраўлялася 8 аўтобусных рэйсаў, а ў 1931 — 0 (нуль). У 1930 годзе, як бачна, быў толькі адзін маршрут — Івянец-Маладзечна, які і трапіў на кінаплёнку.
Міжгародні аўтобусны рух у Віленскім ваяводстве і наваколлях у 1929-1931 гадах.
Яшчэ адзін аўтобус (а можа і той самы, мадэль вызначыць цяжка) трапіў у кадр на іншай плёнцы 1930 года — машына стаіць задам на фоне справа:
Мужчыны стаяць пасярод цяперашняй вуліцы Прытыцкага, злева ад іх будынак тыпаграфіі.
З міжгароднім зразумела, а вось гарадскога аўтобуснага транспарта ў той час у Маладзечне ўвогуле не было. Яго паспяхова замяняў конны.
Рамізнік у брычцы чакае пасажыраў недалёка ад будынка маладзечанскага вакзала.
Абласны цэнтр: 1944-1960
З перайменаваннем Вілейскай вобласці ў Маладзечнаскую і з пераносам абласнога цэнтра з Вілейкі ў Маладзечна ў верасні 1944 года гостра стала пытанне і аб арганізацыі гарадскога аўтобуснага транспарту. Справа ў тым, што у той час разбураны ваеннымі дзеяннямі горад ўяўляў з сябе не адзінае цэлае, а тры адасобленыя вялікімі адлегласцямі кавалкі гарадской забудовы (падрабязней пра такую акалічнасць можна пачытаць у эсэі «Маладзечна — горад з трыма сэрцамі»). Так, напрыклад, абласныя ўлады размясціліся ў будынках былога польскага гарнізона ў раёне Гелянова, а асноўная маса ацалелых жылых дамоў размяшчалася ў раёне старога цэнтра горада (сучасная плошча Старое Места) — адлегласць паміж імі складала амаль 4 кіламетры па дарогах.
Захаваліся звесткі і нават фотаздымак першага маладзечанскага гарадскога аўтобуса. Гэта была даваенная савецкая мадэль 16-цімесны ГАЗ-03-30, які збіраўся на агрэгатах ГАЗ-АА з 1933 па 1950 гады. Першы гарадскі аўтобус пайшоў па маршруце плошча Старое Места — Гелянова ў сакавіку 1947 года, яго кіроўцам быў Раман Чырвонцаў, а кандуктарам працавала Зінаіда Ярмальчук.
Фота з «Рэгіянальнай газеты» №9 2004 года.
Першым жа масавым пасляваенным гарадскім аўтобусам стаў ЗіС-154, які выпускаўся з 1946 па 1950 гады, зрабілі іх, праўда, толькі 1165 штук, таму да Маладзечна ён не дабраўся, прынамсі, на фотаздымках той пары яго знайсці не ўдалося. Іншая справа яго наступнік — аўтобус ЗіС/ЗіЛ-155, якога з 1949 па 1957 год вырабілі больш за 22 тысячы экзэмпляраў. Гэты аўтобус у 1950-х гадах склаў аснову аўтобуснага парка Маладзечна, што добра бачна на наступных фотаздымках.
1954 год. Аўтобусы ЗіС-155 на канцавым прыпынку ў Гелянова. Справа можна бачыць польскую трыумфальную арку, пастаўленую ў 1929 годзе ў часы гарнізона. Яе знясуць на пачатку 1960-х. Фота з фондаў МВЦ г.Находка (РФ).1954 год. ЗіС-155 праязжае трыумфальную арку. Падрабязней пра яе можна пачытаць у артыкуле «Трыумфальная арка ў Маладзечне». Фота з сайта: esphoto.ru.1950-я гады. ЗіС-155 на маршруце на цяперашняй вуліцы Прытыцкага (зараз яна пешаходная). Фота з сайта: esphoto.ru.1950-я гады. Аўтобусы каля кінатэатра «Радзіма» — там быў прыпынак.1950-я гады. Аўтобус ЗіС-155 паварочвае на вуліцу Маркава каля былога дома культуры будаўнікоў (цяпер тэатр «Батлейка»). Гэта не адзіны здымак, дзе аўтобус паказаны з адкрытымі дверцамі капота, відаць, у мадэлі былі праблемы з ахаладжэннем рухавіка.1955 год. ЗіС-155 маршрута «Дом сацкульутры (цяперашні Абласны драматычны тэатр у Гелянова) — вул.Афіцэрская (вуліца ў раёне вайсковай часткі на Замкавай)». Фота з сайта: esphoto.ru.1956 год. Аўтобус едзе па вул.Машэрава. Фота хутчэй за ўсё зроблена з польскага афіцэрскага дома. Фота з сайта: esphoto.ru.1958 год. Тая ж вуліца праз два гады.1959 год. Тая ж вуліца толькі від з зямлі. Статуя ільва справа — таксама з часоў польскага гарнізона Войска Польскага ў Гелянова. Ільвы, у адрозненні ад аркі, захаваліся і знаходзяцца зараз у г.п.Беразінскае. Фота з фондаў МВЦ г.Находка (РФ).Плошча Старое Места ў 1950-я была вялікім транспартным вузлом, ад якога да нашага часу практычна нічога не засталося. У той час адсюль адыходзілі як гарадскія, так і прыгарадныя аўтобусы, таксама тут было месца, дзе канцэнтравлася гарадское таксі. Фота 1959 года з фондаў МВЦ г.Находка (РФ).
Напрыканцы 1950-х на змену ЗіС/ЗіЛ-155 прыйшоў ЗіЛ-158 (выпускаўся з 1957 па 1970 год). Разам з ім на вуліцах Маладзечна пачалі з’яўляцца і аўтобусы вытворчасці Львоўскага аўтазавода ЛАЗ-695 «Львів» (гады вытворчасці 1956-2010), а таксама невялікія «калабкі» Паўлаўскага аўтазавода ПАЗ-652 (гады вытворчасці 1958-1968). Усе яны масава трапляюца на здымках горада 1960-х гадоў.
Канец 1950-х гадоў. Адзін з першых у Маладзечне ЗіЛ-158 праязжае праз геляноўскую арку. Дарэчы, адной з прычынаў зноса аркі было тое, што яна не забяспечвала адначасовы праезд двух машын.Раннія 1960-я. ЗіЛ-158 на Цэнтральнай плошчы (тады плошча Леніна). Фота з фондаў МВЦ г.Находка (РФ).Пачатак 1960-х. Зноў ЗіЛ-158 на Цэнтральнай плошчы.1960-я. Пачатак вуліцы Прытыцкага з боку Вакзала, тут было некалькі аўтобусных прыпынкаў, на адным з каторых стаіць ЗіЛ-158.Аналагічны здымак, толькі цяпер з двума ЗіЛ-158.Зрэшты, ЗіЛ-155 у пачатку 1960-х яшчэ не зніклі цалкам з вуліц горада. Адзін аўтобус (зноў з адкрытым капотам) едзе па вуліцы Віленскай на здымку 1961 года з сайта: esphoto.ru.1961 год. Яшчэ адзін ЗіЛ-155 на вуліцы Прытыцкага. Фота з сайта: esphoto.ru.1961 год. ЗіЛ-155 на прыпынку каля універмага. Фота з сайта: esphoto.ru.А вось каля таго ж універмага ўжо пара львоўскіх ЛАЗ-695 першых серый. Раннія 1960-я. Фота з фондаў МВЦ г.Находка (РФ).Пачатак 1960-х. ЛАЗ-695 едзе па цяпершняму Вялікаму Гасцінцу. Фота з фондаў МВЦ г.Находка (РФ).ЛАЗ-695 паварочвае на вуліцу Прытыцкага (можна пабачыць, што вуліца ў тыя часы была брукаванай). Пачатак 1960-х. Фота з фондаў МВЦ г.Находка (РФ).1960-я. ЛАЗ-695 і ЗіЛ-158 на плошчы Старое Места (раней плошча Свабоды). Як было адзначана вышэй, на плошчы тады была свая аўтобуная станцыя.ЛАЗы, ЗіЛы і ПАЗік на плошчы Старое Места.Акрамя аўтобусаў (тут зноў можна пабачыць стары ЗіЛ-155 і новы ЛАЗ-695), на плошчы паркаваліся таксама грузавікі і легкавыя машыны.Від трохі здаля. Шмат аўтобусаў і грузавікоў.Стаянка таксі на той жа плошчы Старое Места. 1960-я. Машыны, як бачна, спрэс ГАЗ-21 «Волга» (1956-1970) другой і трэцяй серыі. Яшчэ цікава што нумары узору 1946 года (справа) суседнічаюць з новымі на той час нумарамі ўзору 1959 года (злева).Пачатак 1960-х. Геляноўская арка яшчэ на месцы, а перад ёй канцавы прырынак, на якім стаіць ранні ПАЗ-652.Від на арку з іншага боку. На прыпынку бачны таксама ПАЗ-652.1962 год. ЛАЗ-695 і ПАЗ-652 у святочнай калоне на парадзе ў гонар гадавіны рэвалюцыі. Едуць па вуліцы Віленскай.Напрыканцы 1960-х у Маладзечне быў адчынены будынак новага аўтавакзала, на плошчы перад каторым збіралася шмат аўтобусаў. На гэтым здымку 1960-х ЛАЗ-695 стаіць перад будынкам былога польскага староства (аўтавакзал за спінай фатографа), у пасляваенныя гады там размяшчалася гасцініца, а цяпер знаходзіцца падатковая.Сам аўтавакзал пабудавалі справа ад былога староства. Звярніце увагу на вежачку назіральнага пункта супрацьпаветранай абароны — такія часта будаваліся на новых і старых будынках напрыканцы 1940-х, пачатку 1950-х. Да нашага часу яна не захавалася . Фота 1970 года.Аўтавакзал у 1970 годзе. На пярэднім плане ЛАЗ-695, на фоне — пара ПАЗ-652.Каля аўтавакзала таксама размяшчалася стаянка таксі і помнік Леніну (пра яго гісторыю можна пачытаць у артыкуле «Усе Леніны горада М»).1970-я. Патрапаны жыццём ЛАЗ-695 перад універмагам.Дарэчы. ЛАЗы гэтай серыі будуць хадзіць па горадзе да канца 1980-х. Фота 1986 года з архіва фатографа Салагуба.Акрамя класічных ЗіЛаў, ЛАЗаў і ПАЗаў на вуліцах Маладзечна можна было сустрэць і больш экзатычныя мадэлі. Напрыклад, тут на фота 1961 года па вуліцы Прытыцкага едзе хутчэй за ўсё КАвЗ-651. Па сутнасці гэта пасляваенны капотны аўтобус, які збіралі на вузлах грузавіка ГАЗ-51 на розных заводах, у тым ліку і на ПАЗе (мадэль ПАЗ-651), але самы масавы іх выпуск быў на аўтобусным заводзе ў Кургане. Зрэшты, ёсць звесткі, што ПАЗ-651 збіралі і на Барысаўскім аўтарамонтным заводзе, так што на фота можа быць і аўтобус беларускай вытворчасці.1961 год. Тут па вуліцы Леніна (цяпер Вялікі Гасцінец) едзе мабыць чысты КАвЗ-651 (табло для указання маршрута адрозніваецца ад папярэдняга экзэмпляра). За аўтобусам едзе вайсковы аўтамабіль-амфібія альбо лэндлізаўскі Ford GPA (што малаверагодна), альбо яго савецкая копія ГАЗ-46 (што больш верагодна). Фота з сайта: esphoto.ru.Яшчэ адзін аўтобус невядомай мадэлі можна пабачыць на фота пачатку 1960-х на сучасным Вялікім Гасцінцы. Магчыма, гэта мадэль Каўнаскага аўтобуснага завода KAG-3. Фота з сайта: esphoto.ru.
У 1970-я на гарадскіх маршрутах пачалі з’яўляцца першыя аўтобусы Ikarus 260 венгерскай вытворчасці (мадэль выпускалася з 1972 па 2002 гады). У 1980-я и 1990-я «Ікарусы» стануць асноўным грамадскім транспартам Маладзечна, апошнія ГДРаўскія «гармошкі» знікнуць з вуліц напрыканцы 00-х, іх заменяць айчынныя МАЗы (фоткі «Ікарусаў» пачатку 00-х можна паглядзець тут).
1977 год. Адзінокі Ikarus-260 едзе ў бок «Модуля». Фота з сайта: esphoto.ru.Канец 1980-х. «Ікарус» каля сцен нядаўна пабудаванай гасцініцы «Маладзечна».1980-я. Ikarus-260 на перакрыжаванні цяперашніх вуліц Віленскай і Валынца. Фота з сайта: esphoto.ru.1980-я. Міжгародні Ikarus-250 і гарадски ЛіАЗ-5256 на стаянцы перад будынкам аўтавакзала. Можна заўважыць, што у будынка з’явіліся вітражы (на фота 1970-х іх не было), на жаль, да нашага часу яны не захаваліся.
На гэтым экскурс у аўтобусную гісторыю горада можна лічыць завершаным.