Архітэктура Горад Расійская Імперыя 

Гісторыя аднаго дома: плошча Старое Места 4

«Гісторыя аднаго дома» — гэта новая рубрыка на сайце molodechno.net ў якой будуць размяшчацца звесткі пра асобныя знакавыя будынкі горада Маладзечна.

І першы будынак у рубрыцы  — гэта дом па адрасе плошча Старое Места №4 (далей ў тэксце “дом №4” альбо “будынак №4”)

Гэты будынак з’яўляецца адным з нешматлікіх архітэктурных аб’ектаў Маладзечна, якія захаваліся з дарэвалюцыйных часоў. Дакладная дата пабудовы дома №4 невядомая, але зыходзячы з фатаграфічных сведчанняў і знешніх асаблівасцях архітэктуры, можна меркаваць, што дом узведзены альбо напрыканцы ХІХ стагоддзя, альбо ў пачатку ХХ стагоддзя.

Дом №4 уяўляе з сябе прыклад тыповай так званай “ўезднай” грамадзянскай архітэктуры, характэнай для мястэчак і малых гарадоў, якія знаходзіліся на тэрыторыі былой Расійскай Імперыіі. Архітэктурны стыль да якога можна аднесці дом №4 — гэта мадэрн, але даволі спрошчаны, адаптаваны пад умовы небагатага мястэчка і пазбаўлены многіх архітэктурных элементаў, якімі характарызуецца больш багатыя прыклады мадэрнавай архітэктуры з вялікіх гарадоў.

Дом №4 каштоўны, па-першае, тым фактам, што ён змог захавацца цягам усіх войнаў і разбурэнняў, што прынесла Маладзечнаскай зямлі ХХ стагоддзе. Такіх гістарычных будынкаў, якім больш за 100 гадоў, у Маладзечне вельмі мала.

Па-другое, ён разам з іншымі нешматлікімі захаваўшыміся дарэвалюцыйнымі будынкамі, а таксама разам з Пакроўскай царквой, фармуе ансамбль гістарычнай забудовы старой часткі горада Маладзечна. Не дарэмна плошча, дзе стаіць будынак №4 цяпер называецца Старое Места. Менавіта гэтая плошча была цэнтральным месцам горада ад даты яго заснавання і да сярэдзіны ХХ стагодзя.

Па-трэцяе, сам па сабе дом №4 з’яўляецца арыгінальным прыкладам грамадзянскай архітэктуры канка ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя са сваімі архітэктурнымі асаблівасцямі. Некаторыя аналагічныя будынкі, якія захаваліся на тэрыторыі Беларусі, былі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь (спіс аналагаў будзе прыведзены ніжэй).

Будынак №4 упершыню з’яўляецца на фотаздымку ў сувязі з падзеямі 1917 года (прынамсі, ранейшых фотадакументаў знайсці пакуль не ўдалося). У 16-м нумары часопіса “Искры” ад 30 красавіка 1917 года была апублікаваная фотапанарама з мітынга, які адбываўся на плошчы Старое Места (тады Базарнай) ў Маладзечне вясной таго ж года.

Фотаздымак Маладзечна з часопіса “Іскры” №16 1917.

Частка дома №4 бачная злева на здымку, справа – частка Пакроўскай царквы. На здымку бачна, што забудова плошчы ў той час складалася ў асноўным з драўляных дамоў, будынак №4 быў адной з нешматлікіх каменных пабудоў Маладзечна.

1917 год у гісторыі горада быў бурлівым годам — падзеі двух рэвалюцый адбіваліся на ім нэпасрэдна. Дом №4 у гэтых падзеях адыграў не апошнюю ролю. Як пішыцца на старонках кнігі “Памяць: Маладзечна і Маладзечнаскі раён” [стар.131]:

“6 снежна 1917 года на агульным сходзе дэлегатаў ад часцей Маладзечанскага гарнізона з удзелам прадстаўнікоў мясцовай валасной земскай управы быў арганізаваны Часовы выканаўчы камітэт Савета салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Маладзечанскага гарнізону”.

Створаны савет размяшчаўся як раз у доме №4. Аб гэтым сведчыць мемарыяльная дошка, усталяваная на будынку ў 1967 годзе.

Мемарыяльная шыльда на доме №4. Фота 2008 года.

Наступны раз дом №4 трапляе на фота ў 1934 годзе, калі Маладзечна было ў складзе Польскай Рэспублікі. На плошчы Старое Места (тады яна мела назву плошча 3-га Мая) 3-га мая 1934 года адбываўся вайсковы парад з нагоды гадавіны Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 года. Гэтая дата ў Польскай Рэспубліцы была дзяржаўным святам.

На плошчы перад домам №4 выстраіліся шэрагамі салдаты 86-га Пяхотнага палка Войска Польскага, чый гарнізон размяшчаўся у Маладзечне. Бачна, што дом №4 быў у той час адной з дамінантаў галоўнай плошчы горада. Дарэчы, зыходзячы з гэтага і папярэдняга гістарычнага здымка, можна меркаваць, што будынак у тыя часы меў кантрасную афарбоўку: больш цёмныя сцены і светлыя ці, хутчэй за ўсё, проста белыя элементы дэкору.

Плошча Старое Места ў маі 1934 года. Фота з інтэрнэт-аўкцыёна allegro.pl

У часы Вялікай Айчыннай вайны горад Маладзечна моцна пацярпеў ад бамбардзіровак і гарадскіх баёў. Тлумачальная запіска да “Генеральнага плана г.Маладзечна”, складзеная інстытутам Белдзяржпраект у 1947 годзе (арыгінал зхоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі), так апісывае стан гарадской забудовы ў Маладзечна пасля вызвалення:

“Целиком уничтожено: 363 жилых здания, 755 прочих строений.
В наибольшей степени пострадал построечный фонд в районе расположения железнодорожного узла и в центральной части старого города (район базарной площади).
Уничтожено целиком: два деревянных здания (главные корпуса) районной больницы на 80 коек, поликлиники с пропускной способностью 50 тыс. посещений в год, здание детской и женской консультации с пропускной способностью 10 тыс. посещений в год, сожжено 2-х этажное каменное здание городской аптеки
[магчыма, гаворка як раз і ідзе пра дом №4 – У.С.], здание инфекционной больницы на 40 коек, здание детских яслей на 40 коек, здание городской санитарной станции, два каменных здания средних школ…”

Невядома дакладна, ці размяшчлася ў доме №4 аптэка, але і ён быў спалены цалкам. На здымку з альбома “Фото-альбом разрушений, причиненных немецко-фашистскими оккупантами городу Молодечно” (захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі ГА РФ. Ф. P-7021. Оп. 128. Д. 194.) можна пабачыць, што будынак выгарэў знутры і ад яго засталася толькі цагляная скрыня з пустымі праёмамі вокнаў.

Плошча Старое Места пасля вызвалення. Фота з Дзяржаўнага Архіва Расійскай Федэрацыі.

У пасляваенныя гады дом №4 быў адноўлены. Ня гледзячы на вялікія пашкоджанні, будынку быў вернуты ягоны першапачатковы выгляд, што можна назіраць на здымках таго часу. Напрыклад ёсць серыя здымкаў, зробленая сябрамі фатаграфічнага гуртка Маладзечанскага дома піянераў у 1959 годзе. Гэтыя фотаздымкі піянеры зрабілі для альбома, які быў дасланы ў Находку на бераг Японскага мора экіпажу танкера з назвай “Маладзечна” (арыгіналы фота захоўваюцца ў фондах музейна-выставачнага цэнтра г.Находка, Расійская Федэрацыя):

Плошча Старое Места (тады Свабоды) на фота 1959 года. Дом №4 бачны ў левай частцы здымка.

На наступным здымку можна ацаніць элементы арыгінальнага дэкору дома №4, якія ў 1959 годзе яшчэ захоўваліся. Гэта рустоўка на бакавых пілястрах, таксама дэкаратыўныя зубчыкі, якія лініямі аддзялялі першы паверх ад другога, і другі паверх, ад даху, фігурнае афармленне аконных і дзвярных праёмаў. Са зменаў, якія заўважны, калі параўноўваць гэты здымак з больш раннімі – можна пабачыць, што ўваход, які раней размяшчаўся ў правай частцы будынка да 1959 года быў закладзены, а новы ўваход зроблены па цэнтру дома.

Дом №4 на здымку 1959 года.

У наступныя гады дэкор будынка №4 трохі спрасціўся – рустоўку і зубчыкі зараўнялі тынкоўкай. Напэўна, гэта былі наступствы капітальнага рамонту будынка. Змены можна пабачыць на фотаздымках 1980-х гадоў. Напрыклад на фотаздымку 1988 года, зробленым маладзечанскім фатографам А.Фецісавым:

Дом №4 на здымку 1988 года. Аўтар А.Фецісаў.
Дом №4 узімку на фота 1980-х гадоў.

У 1990 годзе будынак №4 быў унесены ў спіс помнікаў архітэктуры мясцовага значэння [рашэнне Мінскага аблвыканкама № 9 ад 20.09.1990]. У 1990-я і 2000-я гады на будынку вісела шыльда, якая сцвярджала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці будынка №4, але ў сярэдзіне 2010-х яна была знятая.

Дом №4 з шыльдай на фота 2011 года. Фота А.Дыбоўскага.
Шыльда на будынку №4. 2006 год. Фота В.Трацяка.
Дом №4 з шыльдай на фота 2008 года.

У 2016 годзе дом №4 быў унесены ў спіс помнікаў гісторыі, культуры, архітэктуры і археалогіі Маладзечанскага раёна [рашэнне Маладзечанскага райвыканкама № 746 ад 15.08.2016]. У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь дом №4 адсутнічае.

На жаль, у апошнія гады арыгінальны знешні выгляд будынка №4 быў страчаны, а архітэктурныя элементы, характэрныя для архітэктуры мадэрна, былі пазбіваныя ці канчаткова затынкаваныя.

Дом №4 у 2020 годзе. Фота У.Садоўскі.
Дом №4 у 2021 годзе. Фота У.Садоўскі.

Тым не менш, аднавіць арыгінальны знешні выгляд будынка №4 не так і цяжка, большая частка арыгінальных элементаў дэкору схаваная пад слаямі тынкоўкі, адбітыя элементы можна аднавіць з дапамогай лепніны.

Рэканструкцыю дома №4 з вяртаннем яму арыгінальнага віда варта было б зрабіць, каб вярнуць старому цэнтру Маладзечна яго гістарычнае аблічча.

Да таго ж дом №4 варты да уключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (адпаведная заяўка можа быць падрыхтаваная ў тым ліку на падставе і гэтага артыкула).

На цяперашні час у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь унесены наступныя будынкі, якія вельмі падобныя па знешняму выгляду, а таксама па даце пабудовы да будынка па адрасе г.Маладзечна плошча Старое Места дом №4. Вось некалькі прыкладаў:

1. Будынак канца ХІХ стагоддзя па адрасе: г.Віцебск, вул.Пушкіна, 4
Шыфр у дзяржспісе ГКК: 213Г000067

2. Будынак сярэдзіна ХІХ -канец ХІХ стагоддзя па адрасе: г.Верхнядзвінск, вул.Савецкая, 43
Шыфр у дзяржспісе ГКК: 213Г000219

3. Будынак былой вайсковай установы канец ХІХ стагоддзя па адрасе: г. Мсціслаў, вул. Пралетарская, 51.
Шыфр у дзяржспісе ГКК: 513Г000511

4. Будынак пачатка ХХ стагоддзя па адрасе: г.Хоцімск, вул.Камсамольская, 22
Шыфр у дзяржспісе ГКК: 513Г000537

 

Падобныя артыкулы

Leave a Comment