Горад З газет За польскім часам Карты Тапаніміка 

Міцкевіча, Сянкевіча і плошча Напалеона: тапаніміка Маладзечна ў перыяд 1921-1939 гадоў

Доўгі час мяне цікавіла пытанне, як ў Маладзечне ў міжваенны час называліся вуліцы і не ў апошнюю чаргу з-за таго, што менавіта ў тыя часы ці канкрэтна ў 1929 годзе Маладзечна атрымала статус горада, а значыць, што з гэтым статусам павінна была ўсталявацца трывалая гарадская тапаніміка, замест местачковых звычак прагаворваць адрасы ў стылі «зялёны дом насупраць царквы» ці «трэці дом справа, як ехаць на Краснае». На пытанне пра назвы вуліц не давалі адказу ні краязнаўчыя кнігі, ні даведка з нашага занальнага архіва. Максімум удавалася знайсці спіс вуліц, якія існавалі ў горадзе ў 1930-я, але без канкрэтнай іх лакалізацыі і прывязкі да сучасных назваў. Іншым гарадам ў гэтым плане пашчасціла болей — шмат па якіх паселішчах знайшліся карты польскага часу, на якіх былі пазначаны ўсе вуліцы, ці, напрыклад, па Вілейцы ў тым жа Маладзечанскім занальным архіве знайшоўся дакумент 1939 года з зацверджаным новай савецкай уладай спісам перайменаванняў вуліц горада пасля далучэння да БССР.

Па Маладзечну ж такіх карт і такіх дакументаў не знаходзілася. Тым не менш за гады краязнаўчай працы ў мяне назапасіўся такі-сякі масіў тапанімічнай інфармацыі: дзякуючы архіўным знаходкам, газетным зацемкам з міжваеннай прэсы, даведнікам і ўспамінам людзей, мне нарэшце ўдалося рэканструяваць больш-менш поўную карту горада міжваеннага часу з назвамі вуліц.

Калі доўга не цягнуць — то вось яна (пры націсканні на карцінку павінны адчыняцца поўны памер):

Рэканструяваная карта Маладзечна перыяду 1921-1939 гадоў з назвамі вуліц.

Цяпер коратка раскажу, якім чынам удалося аднавіць гэтыя звесткі і якія пытанні яшчэ засталіся.

Па-першае, вялікую ролю адыгралі нядаўнія знаходкі ў Цэнтральным Дзяржаўным Архіве Літвы — у фондах архіва захоўваецца шмат спраў звязаных з будаўніцтвам на тэрыторыі Віленскага ваяводства Другой Рэчы Паспалітай, у складзе каторага знаходзілася Маладзечна ў 1921-1939 гадах. Архітэктурныя праекты, знойдзеныя у архіве, у графічнай частцы суправаджаюцца сітуацыйнымі планамі —  невялічкімі схемкамі з месцам пасадкі будынка і назвамі вуліц побач. Маючы некалькі такіх праектаў у розных частках горада можна скласці пэўную карціну па назвах.

Вось прыклад такога плану для праекта рэканструкцыі будынка 1-й маладзечанскай школы 1936 года (LCVA ф.51 оп.10 спр.913). Хаця да сённяшняга дню той будынак не захаваўся, тым не менш цяперашняя маладзечанская СШ №1 знаходзіцца на тым жа самым месцы, што і польская — на збегу вуліц Янкі Купалы і Вялікасельскай. Іх міжваенныя назвы бачныя на плане:

План размяшчэння школы №1, 1936 год.

Другая цудоўная знаходка — гэта карта часткі горада ў раёне вакзала і сучаснай Цэнтральнай плошчы, якая знайшлася ў справе перапіскі гарадскіх улад з ваяводскімі наконт выбару месца размяшчэння будынка гімназіі імя Тамаша Зана (LCVA ф.51 оп.10 спр.912) ў 1938-39 гадах. Будынак той так і не паспелі пабудаваць, але план застаўся:

Карта прывакзальнай тэрыторыі 1938 года.

Міжваенныя даведнікі і зацемкі з газет — таксама добрая крыніца па тапаніміцы, але часцяком назвы вуліц там падаюцца з прывязкай да пэўных устаноў, крамаў ці спецыялістаў, кшталту дактароў, пра месцазнаходжанне каторых мала што вядома (цяжка прывязаць іх адрас да пэўнай сучаснай мясцовасці). Праўда, дзякуючы газетам удалося лакалізаваць  адзін цікавы тапанімічны аб’ект Маладзечна — плошчу Напалеона.

Вось, напрыклад, у зацемцы з газеты «Kurjer Wileński» №101 1935, прысвечанай пяцігадоваму плану развіцця горада, згадваецца, што новы гарадскі парк, а таксама будынак пошты павінны з’явіцца на плошчы Напалеона:

«Kurjer Wileński» №101 1935

У 165-м нумары той жа газеты згадвалася пра пабудову новага дома паліцыі на той жа плошчы і пры гэтым дадавалася дадатковая лакалізацыя — вуліца Пілсудскага:

«Kurjer Wileński» №165 1935

Такім чынам, ужо ведаючы, дзе знаходзілася тая вуліца і абапіраючыся на нямецкі аэрафотаздымак 1941 года, на якім бачны вялікі трыкутнік незабудаванай тэрыторыі, я вызначыў, што, хутчэй за ўсё, тая плошча Напалеона знаходзілася на тым месцы, дзе пасля вайны пабудавалі СШ №3.

Меркаванае масца знаходжання плошчы Напалеона. Параўнанне нямецкага аэрафотаздымка 1941 года з сучасным спадарожнікавым з дапамогай сайта Luflbild.by

Зрэшты, да канца яшчэ не вядома, ці была гэтая назва афіцыйна зацверджана і ці ўвогуле планы на абсталяванне плошчы Напалеона, агучаныя ў газетах 1935 года, захаваліся да 1939 года, бо існуе праект пабудовы ў тых мясціна цэнтру аховы здароўя, выкананы ў жніўні 1939 года, на сітуацыйным плане каторга, у тым трыкутніку ніякай плошчы Напалеона не згадваецца, а проста напісаны тры вуліцы: Пілсудскага, Ягелонская і Баторыя. Таму плошча на карце пазначаная пытальнікамі.

Другое пытанне (і пытальнікі на карце) у мяне ўзнікла з міжваеннай назвай сучаснай Чыгуначнай вуліцы, я прысвоіў ёй тую ж назву, што і вуліцы у раёне вакзала, але, магчыма, яна і ў міжваенны час была Чыгуначнай. Таксама няма інфармацыі па дробных завулках і назвах вуліц у вайсковым гарнізоне ў Гелянова, акрамя той вуліцы што ішла да яго (сучасная Машэрава). Так што можна сказаць, што гэтая мая рэканструкцыя карты мае незавершаны статус.

Таксама, мне зусім невядомыя назвы вуліц у дарэвалюцыйны перыяд (іх, ясна, было меней, дый і Маладзечна тады было яшчэ мястэчкам), а таксама невядомая тапаніміка горада перыяду «першых саветаў» 1939-1941 гадоў і часоў нямецкай акупацыі. Усё гэта яшчэ давядзецца адшукаць.

З цікавостак, заўважаных пры складанні карты: з польскіх часоў і да нашага часу прынамсі тры гарадскія вуліцы не мянялі назву ні пры «другіх саветах», ні ў 1990-я — гэта Афіцэрская,  Сухая і Чыстая.

Падобныя артыкулы

Leave a Comment