Архітэктура Горад За польскім часам Расійская Імперыя 

Дзе да вайны ў Маладзечне знаходзіўся чыгуначны шпіталь?

Дзякуючы фэйсбук-суполцы Mołodeczański Kraj, здаецца, ўдалося вызначыць прызначэнне аднаго вялікага будынка ў Залінейным раёне Маладзечна ў раёне цяперашняй вуліцы Садовай, які добра бачны на нямецкіх аэрафота 1940-х гадоў і ад якога на сёння не засталося нічога:
Будынак на кадрах 1941, 1944 і 2019 гадоў
Згодна з апісаннем, дадзеным ў артыкуле пра маладзечанскае адзяленне Чыгуначнай вайсковай падрыхтоўкі (па-польску PKW — арганізацыя вайсковай падрыхтоўкі чыгуначнікаў, аналаг савецкага ДОСААФ) ад 1937 года, яно размяшчаўся ў будынку былога яшчэ дарэвалюцыйнага чыгуначнага шпіталя.
Артыкул пра PKW 1937 года (апісанне былога шпіталя вылучана ў рамку)
Побач з будынкам размяшчаўся парк, а недалёка знаходзіўся стадыён для заняткаў фізкультурай чальцоў арганізацыі. На аэрафотаздымку 1941 года ўсе гэтыя тры аб’екты добра бачныя:
Нямецкі аэрафотаздымак чэрвеня 1941 года

Таксама ў той польскай публікацыі 1937 года змяшчаўся здымак адзялення PKW у Маладзечне, на якім можна бачыць стары будынак — аднапавярховы, крыты дахоўкай, з прыкметамі архітэктуры, характэрнай для рубяжа ХІХ-ХХ стагоддзяў. Мабыць гэта на сёння адзіная выява былога чыгуначнага шпіталя, якая ёсць у нас.

Фота адзялення вайсковай арганізацыі чыгуначнікаў у Маладзечна, 1937 год

Пасля верасьня 1939 года, паводле сведчанняў з даваеннай савецкай прэсы, у гэтым месцы размясціўся дом культуры чыгуначнікаў а парк побач з былым шпіталем займеў назву парка Чыгуначнікаў.  Як было бачна з аэрафота 1944 года, размешчанага вышэй, будынак былога шпіталя і парк перад ім моцна пацярпелі ад бомбавых налётаў. Мне не вядома, што было з разбураным будынкам пасля вайны і чаму яго не сталі аднаўляць, але на сёння на месцы былога шпіталя красуецца вялікая пустка.

Некалькі гадоў таму я наведваў тыя мясціны і зрабіў пару здымкаў:

Агульны від на пустку. Тут шмат смецця і вельмі брудна
Сярод пусткі знаходзіцца закінутая земляная кладоўка-склеп, якая, магчыма, зроблена з выкарыстоўваннем матэр’ялу разбуранага шпіталя
Вялікае бутавае каменне і старая цэгла, магчыма, узяты з падмуркаў і сцен былога шпіталя
У гэтым месцы таксама можна натыкнуцца на сляды цэглы у зямлі — магчыма гэта ўсё што засталося ад старога будынка
У цэлым пустка на месцы шпіталя выглядае закінутай і недагледжанай

Падобныя артыкулы

Leave a Comment