Архітэктура Аэрафота Гісторыя транспарта Горад Другая Сусветная За польскім часам 

Краязнаўчыя знаходкі на аэрафотаздымках Маладзечна часоў Другой сусветнай вайны

Нядаўна нарэшце атрымаў з нацыянальнага архіва ЗША копіі некалькі аэрафотаздымкаў горада, зробленых немцамі ў 1942 і 1944 гадах. Заказ быў аформлены напрыканцы 2019 года, але з-за сітуацыі з каронавірусам у свеце, здымкаў прыйшлося чакаць амаль два гады.

Даведка. Вялікі архіў з фотаплёнкамі, зробленымі нямецкімі самалётамі-разведчыкамі ў часы Другой Сусветнай вайны, пасля перамогі ў 1945 годзе апынуўся ў амерыканскай зоне акупацыі Германіі і адтуль быў перапраўлены ў ЗША. Доўгі час плёнкі мелі грыф сакрэтнасці – амерыканскія ваенныя самі карысталіся нямецкімі здымкамі тэрыторыі СССР у мэтах разведкі. Але ў 1990-я гады фотаздымкі рассакрэцілі і перадалі ў нацыянальны архіў, дзе цяпер любы жадаючы можа заказаць іх копіі.  

Краязнаўцам з Маладзечна ужо даўно вядомыя і даследаваныя аэрафотаздымкі горада, якія выкладаў на сваім сайце амерыканскі даследчык Джон Кальвін, але гэтыя новыя здымкі дазволілі зрабіць некалькі краязнаўчых адкрыццяў.

Тэрыторыя канцлагера “Шталаг-342”

На аэрафотаздымку, зробленым ў снежні 1944 года, упершыню можна пабачыць, як выглядаў з паветра канцэнтрацыйны лагер для ваеннапалонных “Шталаг-342”. Як вядома, немцы адразу пасля захопа горада ў чэрвені 1941 года, арганізавалі ў Маладзечне лагер для ваеннапалонных. Першапачаткова чырвонаармейцаў і цывільных трымалі на тэрыторыі былой польскай вайсковай часткі на вуліцы Замкавай, там дзе і зараз размяшчаецца вайсковая частка і дзе ў 1995 годзе быў усталяваны мемарыял. Пазней ў 1942-43 гадах сіламі палонных былі пабудаваныя новыя баракі для канцлагера. Праз “Шталаг-342” за гады акупацыі прайшло каля 80 тысяч чалавек, 33 тысячы з каторых загінулі.

Новы аэрафотаздымак дазваляе разглядзець, дзе размяшчаўся канцлагер. Прастакутная тэрыторыя з шэрагам з шасці вялікіх баракаў і з некалькімі дапаможнымі пабудовамі знаходзілася ў раёне цяперашняй прыватнай забудовы па вуліцах Семінарыйскай і Ільянскай.

Мал.1. Тэрыторыя канцлагера “Шталаг-342” на аэрафотаздымку і на сучаснай карце.

Абходная галіна чыгункі

Новыя здымкі адказалі на яшчэ адно пытанне па ваеннай гісторыі горада – калі была пабудаваная чыгуначная галіна ў абыход вакзала? Раней у даследчыкаў было толькі два здымкі цэнтральнай часткі горада – першы ад чэрвеня 1941 года без новай галіны і другі за кастрычнік 1944 года, дзе галіна ўжо была цалкам пабудавана і на ёй можна было нават пабачыць састаў з некалькіх вагонаў. Было пытанне, хто пабудаваў галіну – немцы падчас акупацыі, ці саветы пасля вызвалення горада. Цяпер жа з’явіўся кадр, які датуецца 15 ліпеня 1944 года – 10 дзён пасля вызвалення Маладзечна. На ім ніякай галіны яшчэ няма. Адсюль можна зрабіць вынік, што будавалі галіну савецкія войскі.

Прычына пабудовы новай галіны хутчэй за ўсё палягала ў тым, што адыходзячыя нямецкія сілы актыўна бамбілі чыгуначную станцыю Маладзечна – буйны транспартны вузел, які граў вялікую ролю у наступленні савецкіх войск. Каб хутчэй праводзіць саставы на захад мінаючы разбураную станцыю інжынерныя войскі Чырвонай Арміі і пабудавалі новую чыгунку.

Цікава, што галіна даўжынёй амаль 5 кіламетраў была пабудавана менш чым за тры месяцы. А выкарыстоўвалася яна да канца 1950-х гадоў (частка лініі нават праходзіла праз сучасную Цэнтральную плошчу). Сляды галіны і дагэтуль можна знайсці ў некаторых частках горада.

Мал. 2 . Параўнанне двух аэрафотаздымкаў ліпеня і кастрычніка 1944 года. Новая чыгуначная галіна пазначана стрэлачкамі.

Пазней дайшоў яшчэ адзін здымак цэнтра горада, які датуецца 28 жніўня 1944 года. На ім ужо бачны насып будучай галіны, але палатна яшчэ няма.

Мал. 3. Аэрафотаздымак ваколіц станцыі Маладзечна ад 28 жніўня 1944 года.

Польская пажарная частка

На аэрафотаздымку, зробленым летам 1942 года з невялікай вышыні, можна пабачыць адзін цікавы аб’ект гарадской інфраструктуры, пра які захавалася вельмі мала інфармацыі. Гэта пажарнае дэпо з вялікай каланчой пабудаванае ў 1934 годзе, калі Маладзечна знаходзілася ў складзе Польскай Рэспублікі. Дэпо размяшчалася на вуліцы Віленскай у раёне яе перасячэння з сучаснай вуліцай Местачковай, там дзе зараз знаходзіцца аўташкола ДАСААФ.

Мал.4. Параўнанне месца дзе стаяла дэпо на аэрафотаздымках 1942 і 2018 гадоў.

Будынак перажыў вайну і па ўспамінах маладзечанцаў прастаяў да сярэдзіны 1960-х гадоў, калі і быў разабраны. (UPD. Будынак часткова захаваўся, у 1960-я была разабраная толькі каланча, а корпус з боксамі пад пажарныя машыны захаваўся і выкарыстоўваецца цяпер для патрэб аўташколы).

Дарэчы, нядаўна ў польскім архіве знайшоўся фотаздымак 1939 года, на якім можна пабачыць каланчу і пажарнае дэпо з зямлі.

Мал. 5. Пажарнае дэпо бачнае на рагу вуліц. Крыніца: Archiwum Akt Nowych.
Мал. 6. Сучасны від на гэтае ж месца — будынак былога дэпо на месцы.

Таксама ў міжваенным польскім часопісе, прысвечаным пажарнай бяспецы, знайшоўся здымак з будаўніцтва гэтага дэпо ў 1934 годзе.

Мал.7. Будаўніцтва дэпо.
Мал. 8. Від на былое дэпо збізку — бачная кладка з буйных блокаў і старая рустоўка на вуглу.

Падобныя артыкулы

One Thought to “Краязнаўчыя знаходкі на аэрафотаздымках Маладзечна часоў Другой сусветнай вайны”

  1. Анатоль

    Железную дорогу построили за кароткое время население города кучей отсыпало насыпь как говорили женщины в подолах насили песок для насыпи Военные быстро проложили рельсы и пошли составы . А делали из за минирования станций молодечно.Немцы сильно бомбили железную дорогу поэтому привозили бочки со смолой в определенные места и делали дымовую завесу это знали все жители города и не знать этого значит так работать

Leave a Comment