Архитектура Гид История Фотографии 

Трыумфальная арка ў Маладзечне, 30 фота

Спачатку невялікая гістарычная даведка пра арку.

У 1929 годзе мястэчку Маладзечна быў дадзены статус горада. Адміністрацыйныя межы паселішча былі пашыраны і ў іх увайшла ў тым ліку і тэрыторыя фальварка Гелянова, дзе з 1922 года месціўся гарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскага. У тым жа годзе на паўночным уездзе ў гарнізон была ўзведзена трыумфальная арка, прысвечаная тагачаснаму кіраўніку Другой Рэчы Паспалітай Юзафу Пілсудскаму. Адкрыццё аркі адбылося падчас урачыстасцяў, прысвечаных святкаванню дзесяцігодзя 86-га пяхотнага палка. Полк быў створаны ў 1919 годзе і ўваходзіў у склад так званых сіл «Самаабароны Літвы і Беларусі» пад назвай «Мінскі стральцовы полк». Полк адзначыўся ўдзелам у Варшаўскай бітве 1920 года.

Трыумфальная арка была ўпрыгожана шматлікімі барэльефамі, статуямі рыцараў і львоў. На вяршыні аркі спачатку была пастаўлена статуя, але праз некалькі год па нявысветленых пакуль што прычынах яе замянілі на флагшток. У верхнім аб’ёме аркі знаходзілася невялікая капліца, адкуль палкавы капелан бласлаўляў жаўнераў падчас вайсковых урачыстасцяў (ёсць меркаванне, што ў той капліцы размяшчаўся звон, які нядаўна быў абнаружаны на даху будынка № 16 на прашп. Незалежнасці ў Мінску, выраблены той звон як раз у 1929 годзе ў ліцейні братоў Фельчынскіх у Калушы і прысвечаны «Мінскаму стральцоваму палку»). Вось як арку ўспрымалі сучаснікі. Урывак з дзённіка сяржанта Войска Польскага Вітавецкага, які ў 1939 годзе так апісваў знакамітую маладзечанскую трыумфальную арку: «Dojeżdżamy do koszar, a raczej wojskowego osiedla, do którego wchodzi się przez coś na kształt ciężkiego, niegustownego łuku triumfalnego w szarym kolorze. Wejście to zwie się Bramą Mińska, zapewne dla podkreślenia naszych zapędów do tego miasta, którego łuny co wieczór rozpalają się na wschodniej stronie nieba.» (пераклад: «Мы даехалі да казармаў, а дакладней цэлага ваеннага гарадка, уваход у які ішоў праз нешта накшталт грувасткай і безгустоўнай трыумфальнай аркі пафарбаванай шэрым. Уваход гэты завецца Мінскай Брамай, відаць, для падкрэслення нашых памкненняў да таго горада, агні якога штовечар запаляюцца на ўсходнім баку неба»):

Напрыканцы 1939 года Маладзечна, як і іншыя гарады Заходняй Беларусі, было ўключана ў склад БССР. На першых парах новыя ўлады абмежаваліся толькі пазбаўленнем аркі ад яе «польскага мінулага»: статуі рыцараў і львоў былі дэмантаваны, разбіты ўсе ўшанавальныя надпісы і барэльефы ў гонар Войска Польскага, саму арку зносіць не сталі. Перажыла яна і вайну.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў у 1944 годзе была ўтворана Маладзечанская вобласць. Горад пачаў развівацца і пашыраць тэрыторыю, адміністрацыйны цэнтр Маладзечна быў перанесены з плошчы Свабоды (цяпер плошча Старое Месца) на новапабудаваную плошчу Леніна (цяпер Цэнтральная) з будынкам аблвыканкама і абкама партыі (установы праіснавалі да 1960 года, калі Маладзечанская вобласць была скасавана). Гелянова, якое раней было далёкім ускрайкам Маладзечна, стала значна бліжэй да новага цэнтра.

У 1954 годзе на тэрыторыі Гелянова была заснавана мэблявая фабрыка, частка цэхоў якой першапачаткова размясцілася ў пабудовах былога вайсковага гарнізона. У канцы 1950-х была пракладзена прамая дарога Маладзечна-Валожын (Р56), у сувязі з гэтым узмацніўся рух па вуліцы Машэрава ў Маладзечна. Арка стала перашкодай, бо праз вялікі праём мог праехаць толькі адзін аўтамабіль. Улады не сталі замарочвацца ўладкаваннем дарожнага кальца вакол аркі і ў пачатку 1960-х міжваеннае збудаванне было проста знесена.

А цяпер фоткі аркі з маёй электроннай калекцыі, размеркаваныя, па магчымасці, у храналагічным парадку.

01. Спачатку абазначу месца, дзе стаяла арка на здымку «Гугла» і на нямесцкім аэрафотаздымку часоў вайны.

Перыяд: 1929-1941.

02. Адна з першых выяў аркі, пачатак 1930-х гадоў.
03. Жаўнеры каля аркі — на вяршыне аркі бачна статуя, якая пратрымаецца там не доўга.
04. Паштоўка ў выявай аркі. На заднім фоне справа бачна будоўля новых казармая, будынак які захаваўся да нашых дзён.
06. Прыезд у Маладзечна прэзідэнта Польскай Рэспублікі, 1930 год.
07. Таксама 1930 год і візіт прэзідэнта. Бачна, што капліца у верхняй часцы аркі выкарыстоўвалася па прызначэнню.
08. Урачыстасці ў гарнізоне 86-га палка, меркавана, 1933 год.
09. Унікальны від на арку, зняты з будынка казармаў, 1933 год (статуі на арцы ўжо няма, але ёсць флагшток).
10. 86-ты полк быў месцам службы прызыўнікоў з наваколляў Маладзечна і хлопцы падчас службы рабілі такія памятныя фотаздымкі з намаляванай аркай.
11. Яшчэ прыклад «дзембельскага» фотаздымка.

Перыяд: 1941-1944 (на жаль здымкаў аркі часоў акупацыі вельмі мала).

12. У часы нямецкай акупацыі арка стала прапускным пунктам.

Перыяд: 1944-пачатак 1960-х.

13. Фотаздымак датуецца 1947 годам.
14. Футбольны матч на маладзечанскім стадыёне.
15. Кадр з кінахронікі: савецкія ўрачыстасці 1950-х праходзяць каля аркі. Кажуць, што ў той час у былой капліцы былі жылыя памяшканні, у якіх да зносу аркі жылі людзі.
16. Яшчэ адзін кадр з савецкай кінахронікі 1950-х.
17. Від на арку з боку горада.
18. Падобны ракурс на іншым фота.
18. Дзяўчыны фатаграфуюцца на фоне аркі, 1950-я. Злева бачны плот гарадскога парка.
19. Падобны ракурс.
20. Сямейны партрэт на фоне аркі.
21. Кадр з кінахронікі пачатку 1960-х гадоў — апошнія гады існавання аркі.
22. Як бачна, арка сапраўды была не вельмі зручнай для транспарта.
23. Каля аркі ў 1950-я быў канцавы прыпынак гарадскіх аўтобусаў (фота з фондаў МВЦ г.Находка).
24. На прыпынку таксама было некалькі крам, якія да нашага часу не захаваліся.
25. Пашарпаная ўжо арка з савецкімі плакатамі замест польскіх ганаровых надпісаў (фота з сайта фатографа Я.Стэльмаха).
26. Транспарт у Маладзечна 1950-х быў ня толькі матарызаваны (фота з сайта фатографа Я.Стэльмаха).
27. Аўтамабіль ГАЗ М20 «Перамога» накіроўваецца да аркі.
28. Аўтобус выязджае праз арку з тэрыторыі Гелянова (злева бачна статуя ільва). Фота з сайта фатографа Я.Стэльмаха.
29. Дзеці часта выкарыстоўвалі гэтых львоў для сваіх гульняў, цяпер гэтыя статуі знаходзяцца ў пасёлку Беразінскае.
30. Развітальны від на арку з тэрыторыі стадыёна.

Связанные статьи

Leave a Comment