1990-я Гісторыя транспарта З газет Раён 

Шык з 1990-х: незавершаная гісторыя самаробнага аўтамабіля з Краснага

Першы раз я пабачыў гэты незвычайны аўтамабіль на фотаздымках маладзечнаскага фатографа Яўгена Стэльмаха, зробленых падчас музычнага фестываля «Маладзечна ’94» у 1994 годзе:

Машына прыцягвала ўвагу ўдзельнікаў фестываля. Фота: Я.Стэльмах
На фоне за плотам можна пабачыць «кабанчык» — 600-ты Мэрсэдэс. Фота: Я.Стэльмах
Аўтасамаробка ўдзельнічала і ў самім фестывалі ў якасці шоў-кара. Фота: Я.Стэльмах
За рулём машыны сядзеў яе стваральнік — майстр з вёскі Краснае Аляксандр Лыскоў (яго імя я даведаўся пазней). Фота: Я.Стэльмах

Другі раз фотаздымкі самаробкі трапіліся мне на вочы, калі я праглядаў падшыўку «Рэгіянальнай газеты» за 1997 год. У першай знойдзенай зацемцы, сцвярджалася, што аўтасамаробку можна часам пабачыць на Цэнтральнай плошчы ў Маладзечне і што за яе стрыном можна было сфатаграфавацца за грошы.

Другі артыкул быў ужо больш разгорнуты — журналісты знайшлі аўтара самаробкі і падрабязна распыталі ў яго пра машыну.

З артыкула можна даведацца, што аўтарам самаробкі быў майстр з Краснага Аляксандр Лыскоў — вядомы ў часы СССР авіямадэліст. Сваю машыну аўтар называў «Залатой карэтай» і ездзіў з ёй на аўтафестывалі ў Маскву. Вось, здаецца, і ўсё.

Я захацеў даведацца пра лёс гэтай аўтасамаробкі, ці захавалася яна да нашых дзён? Прайшло ж ужо 25 гадоў з публікацыі артыкула. Запытаў у знаёмых з Краснага, ці ведалі яны такога майстра? Калі ў 1997-м яму ўжо было 74 гады, то зараз ён наўрад ці быў жывы, і сапраўды, прыйшлі звесткі, што і сам Аляксандр і ягоны сын, які быў лётчыкам, ужо памерлі. Пра лёс «Залатой карэты» мне расказалі, што напрыканцы 1990-х, падчас чарговай паездкі на аўташоў у Маскву машына была прададзена нейкаму маскоўскаму калекцыянеру за нядрэнныя на той час грошы.

Я пацікавіўся ў адной суполцы аўтааматараў з Масквы, ці ведаюць яны такую самаробку і там узгадалі, што сапраўды на маскоўскіх шоў «Аўтаэкзотыка» напрыканцы 1990-х, пачатку 2000-х бачылі такую машыну, але пра далейшы лёс яе не ведаюць. Мне ўдалося знайсці відэа з «Аўтаэкзотыкі-1999» і там знайшлася і наша «Залатая карэта».

Масква, «Аўтаэкзотыка 1999»
Можна заўважыць, што на машыне ўжо транзітныя нумары.
Маскоўскія аўтааматары ўзгадвалі, што красненскі майстра пазіцыянаваў сваю самаробку, як копію дарэвалюцыйнай расійскай маркі «Руссо-Балт»
Але на сапраўдны «Руссо-Балт» гэтая машына не была падобна ні з якога ракурса

Таксама знайшоўся адзін здымак з «Аўтаэкзотыкі» 2000 года. Тут таксама красненская аўтасамаробка была на транзітных нумарах — гэта значыць, што яе на той момант маглі ўжо купіць расіяне і не паспець паставіць на расійскі улік (што магло быць увогуле немагчыма, з-за іншыт тэхнічных патрабаванняў, чым ў Беларусі).

Далейшыя сляды «Залатой карэты» губляюцца. Інфармацыі пра лёс машыны пасля 2000 года я пакуль не знайшоў.

UPD ад 01.04.2024.

Некалькі гадоў таму на форуме аматараў аўтастарыны www.retro-magic.ru ўсплывалі фотаздымкі нашай самаробкі. Аўтамабіль прадаваўся за фантастычныя 25 мільёнаў расійскіх рублёў, што на форуме выклікала толькі непаразуменне. На жаль, зараз тэма з продажам «Залатой карэты» там не адшукваецца і даведацца гісторыю машыны ў прадаўца немагчыма.

Падобныя артыкулы

Leave a Comment