Архитектура История 

На Цэнтральнай плошчы да канца 1950-х стаяў бетонны крыж

Да страчанай міжваеннай архітэктурнай спадчыны Маладзечна можна аднесці адзін цікавы аб’ект — бетонны высокі крыж, які быў пастаўлены «за палякамі» на сённяшняй Цэнтральнай плошчы. Вось што пра гэтую падзею сведчыць матэр’ял з пльскай газеты «Głos Ziemi» №23 ад 19.09.1937 (знайшоў Кастусь Шыталь):

Пераклад напісанага:

Помнік-крыж каля Маладзечна.

Стараннем ксянза-капелана Завадскага 13 чысла бягучага месяцу распачата будоўля помніка-крыжа пры тракце Вільня-Маладзечна, як трывалага следу нашай веры і культурнай працы ў Маладзечне. 
Праект выканаў інжынер-архітэктар Галаўня з Вільні, а план зацвердзіў ваяводскі кансерватар др. Півоцкі. Тэхнічнае кіраўніцтва над праектам ўзяла на сябе будаўнічая фірма «Dom PZUW» з Маладзеча, а дапамагаць ёй будзе Павятовы Дарожны аддзел. Фізічныя работы выконваюць салдаты гарнізону. Таксама ўзяў на сябе частку прац на будащўніцтве помніка інжынер Гедройць з Вільні, які працуе на чыгуначнай электрастанцыі і ў паравозным дэпо. Ксёнз-арцыбіскуп віленскі блаславіў распачатую будоўлю.
Крыж-помнік будзе мець 13 метраў вышыні, стаяць будзе на пастаменце плошчай 6,5 м2, зроблены будзе з жалезабетону і якасна атынкаваны. На пастаменце будуць размешаны 4 табліцы з адпаведнымі надпісамі. 

Сапраўды, раён, дзе цяпер знаходзіцца Цэнтральная плошча і дзе быў пабудавны крыж, да 1929 года быў далёкай ускраінай горада. Пасля 1929 да горада далучылі Гелянова, але цэнтрам ад гэтага будучая плошча таксама не стала. Фактычна, пабудаваны ў 1937 годзе крыж абазначаў ўезд у горад з боку Вільні. Менавіта ад яго пачыналася Віленская вуліца, якая і цяпер носіць такую ж назву.

Крыж, яго грунтоўны пастамент і даўгі цень, добра бачныя на нямецкім аэрафота часоў вайны:

Аэрафотаздымак часоў акупацыі і сучасны спадарожнікавы здымак (чырвоным крыжыкам паказана месца, дзе знаходзіўся крыж).

Крыж перажыў вайну і прастаяў ледзь не да канца 1950-х гадоў. Мой дзядуля, які прыязжаў у 1954 годзе ў Маладзечна як у абласны горад па справах з Глыбоччыны, узгадвае што сам крыж з адбітай перакладзінай — так што ён проста ператварыўся ў слуп — і вялікім бетонавым пастаментам у той час быў добра бачны па дарозе ад вакзала да раёна Гелянова. Месца яго ўстаноўкі прысутнічае і на геападаснове генплана 1956 года:

Цэнтральная плошча і пастамент крыжа на генплане Маладзечна 1956 года.

Падчас рэалізацыі гэтага генплана — паводле якога на гэтым месцы паўставала новая плошча Леніна (цяпер Цэнтральная) — крыж і быў знесены. Кажуць, што пры яго зносе была выкарыстана выбухоўка — бо пастамент пад крыжам быў вельмі масіўны, ламамі не браўся. Яшчэ кажуць, што разбітыя падмуркі кінулі ў канаву рэчкі Бухаўкі, што знаходзілася непадалёку і што яны праляжалі там ледзь не да канца 1970-х, калі на месцы русла пачаліся працы па ўзвядзенню спачатку гасцініцы, а пазней і палаца культуры.

Я праглядзеў сотні фотаздымкаў Маладзечна 1950-х гадо і на вялікі жаль не знайшоў на іх ніводнай выявы таго крыжа. Часам я паражаўся майстэрству савецкіх фатографаў так фотаграфаваць будоўлі на Цэнтральнай плошчы, каб на фота не трапляліся рэшткі крыжа.

Калі ў кагосці раптам захаваліся такія здымкі, то пішыце каліласка ў каменты альбо мне асабіста ў фэйсбук (спасылка на акаўнт).

На гэтым вядомым фота канца 1950-х можна пабачыць месца дзе знаходзіўся крыж — недалёка ад пераезда праз рэзервную чыгуначную галіну (яе дэмантуюць у пачатку 1960-х) прыкладна паміж двума слупамі што бачныя зблізу ў далечыні. У момант, калі было зроблена фота, крыж ужо паспелі несці.

Здымак Цэнтральнай плошчы з фондаў Маладзечанскага краязнаўчага музея

У якасці ілюстрацыі, я зрабіў прыкладную графічную рэканструкцыю таго, як бы мог выглядаць крыж цяпер, калі б захаваўся на сваім старым месцы.

Прыкладнае месца размяшчэння крыжа на сучасным здымку.

Связанные статьи

Leave a Comment