Горад Маладзечанская вобласць 

Знаходка ў Находцы: рэдкія фота Маладзечна 1950-х знайшліся на беразе Японскага мора

Краязнаўца і пісьменнік з Маладзечна Уладзімір Садоўскі расказывае, як здабыў сканы некалькіх фотаальбомаў з рэдкімі фотаздымкамі горада 1950-х гадоў.

Канцавы аўтобусны прыпынак у раёне Гелянова 1957 год (фота з фондаў МВЦ г.Находка)

У Расіі існуе сайт Госкаталог.рф, які з’яўлецца дзяржаўным электронным каталогам музейнага фонда Расійскай Федэрацыі і пастаянна папаўняецца фотаздымкамі і апісаннем экспанатаў з музеяў усёй краіны. У Беларусі, дарэчы, таксама ёсць падобны сайт http://www.dkmf.by/ але ён амаль не абнаўляецца, напрыклад, за апошнія 10 месяцаў, згодна са статыстыкай сайта, беларускі музейны каталог папоўніўся на 508 экспанатаў, а ўсяго іх там каля 17 тысяч. У той жа час расійскі каталог за 2019 год апрацаваў 4,5 мільёны музейных прадметаў, а ўсяго на дзяржкаталогу ўтрымліваецца 18,5 мільёнаў экспанатаў. Сярод гэтага мноства ёсць тысячы аб’ектаў звязаных з Беларуссю. Я перыядычна манітору абнаўленні на сайце і шукаю экспанаты па назвах нашых гарадоў: Мінск, Гомель, Гродна і канешне ж Маладзечна.

І вось аднойчы пошук па слову “Молодечно” выдаў мне пяць новых экспанатаў: гэта былі фотаальбомы 1950-х гадоў падпісаныя як “Экіпажу танкера “Маладзечна” ад Маладзечанскага дома піянераў” альбо “ад працоўных горада Маладзечна”. На жаль сайт не даваў магчымасці пабачыць цалкам змест гэтых альбомаў, там размяшчаліся толькі фотаздымкі вокладак і інфармацыя ў якім музеі яны захоўваюцца. Аказалася, што гэтыя фотаальбомы знаходзяцца ў музейна-выставачным цэнтры расійскага горада Находка, што месціцца на беразе Японскага мора “ўсяго” у 7200 кіламетрах ад Маладзечна.

Натуральна, ідэю паехаць у Находку паглядзець на фотаздымкі я адкінуў адразу і прыняўся шукаць кантакты музейнага цэнтра ў інтэрнэце. Е-мэйл знайшоўся хутка і я напісаў у музей ліст з просьбай адсканаваць альбомы і даслаць мне як краязнаўцу для якога старыя здымкі горада будуць каштоўнай крыніцай гістарычнай інфармацыі. Пасля месячнай перапіскі сканы альбомаў былі перададзены мне з адной умовай – пры публікацыі здымкаў паўсюль узгадваць, што яны ўзяты з фондаў МВЦ г.Находка.

Танкер «Маладзечна» у льдах, 1960 год.

Але якім чынам фотаздымкі беларускага горада апынуліся на далёкім усходзе Расіі? Адказ ёсць  — гэта танкер “Маладзечна”. Згодна з даведнікам па марскіх суднах – танкер з назвай “Маладзечна” быў пабудаваны на ленінградскай верфі ў 1956 годзе. Чаму ён быў названы ў гонар нашага горада дакладна я не ведаю, але падазраю, што прычынай таму быў абласны статус Маладзечна, які меў горад ў 1944-1960 гадах. Многія танкеры гэтай серыі былі названыя ў гонар абласных гарадоў  Савецкага Саюза, напрыклад, Гродна, Вініца, Жытомір, Іванава, Растоў і інш (усяго танкераў тыпу “Казбек” было пабудавана 62 судна). Першапачаткова танкер “Маладзечна” размяшчаўся ў Туапсэ пры Чарнаморскім марскім параходстве. У 1966 годзе быў перададзены ў Дальнеўсходняе параходства і знаходзіўся спачатку у парту Ўладзівастока, а затым з 1972 года ў Находцы. У 1979 годзе танкер быў прададзены ў Японію на утылізацыю, якая адбылася ў 1980 годзе. У расійскім музеі мне не змаглі адказаць, калі і якім чынам альбомы з танкера аказаліся ў іх, але, падазраю, што адбылося гэта тады, калі судна рыхтавалі да ўтылізацыі і нехта з экіпажу вырашыў перадаць у музей альбомы, што захоўваліся на караблі.

Вокладка аднаго з альбомаў 1959 года (фота з фондаў МВЦ г.Находка)

Што ж ў тых альбомах, запытаецеся вы? Тры з пяці падрыхтаваны выхаванцамі гарадскога дома піянераў ў 1957, 1958 і 1959 гадах. У іх змешчаны з большага фотаздымкі з заняткаў у гуртках, якія ў той час былі ў доме піянераў. Напрыклад, там шмат здымкаў удзельнікаў гуртка судамадэлявання. Я чуў, што ўдзельнікамі гэтага гуртка была зроблена і мадэль танкера “Маладзечна”, якая захавалася дагэтуль. Ёсць здымкі з пастановак драматычнага гуртка, выявы чальцы шахматнага, танцавальнага, турыстычнага і іншых гурткоў. Найбольшую каштоўнасць уяўляе піянерскі альбом 1959 года, ён амаль на палову складаецца са здымкаў вуліц Маладзечна, зробленых удзельнікамі фотагуртка дома піянераў. На гэтых аматарскіх фотаздымках можна пабачыць горад без афіцыёзнага лоску, які характэрны для газетных кадраў. Ёсць там выявы самога дома піянераў – у гэтым будынку па Віленскай вуліцы каля СШ №3 месціцца зараз крама будматэр’ялаў. Ёсць кадры будаўніцтва бібліятэкі, універмага і камбіната “Бярозка”, фотаздымкі новых вуліц у цэнтры і старой забудовы на плошчы Старое Места.

Піянер з суда-мадэльнага гуртка Васіль Татун запускае яхту, 1957 год (фота з фондаў МВЦ г.Находка)
Гарадскі дом піянераў на Віленскай, 1959 год (фота з фондаў МВЦ г.Находка)
Будаўніцтва бібліятэкі, 1959 год (фота з фондаў МВЦ г.Находка)
Будаўніцтва ўнівермага на Цэнтральнай плошчы, 1959 год (фота з фондаў МВЦ г.Находка)
Першамайская дэманстрацыя 1959 (фота з фондаў МВЦ г.Находка)
Плошча Старое Места 1959 (фота з фондаў МВЦ г.Находка)

Дзякуючы гэтым здымкам я, напрыклад, са здзіўленнем даведаўся, што будынак, ў якім цяпер знаходзіцца гандлёвы цэнтр на Валынца, а раней размяшчалася гармонная фабрыка, быў напрыканцы 1950-х насамрэч двума асобнымі будынкамі, якія аб’ядналі ў адзін у 1960-я.

Гармонная фабрыка, 1959 год (фота з фондаў МВЦ г.Находка)
Былы камбінат бытавога абслугоўвання на вул.Валынца — цяпер ён злучаны з былой фабрыкай прыбудовай, 1959 год (фота з фондаў МВЦ г.Находка)

У альбомах ёсць шэраг здымкаў падпісаных як “піянеры атрымліваюць падарункі ад экіпажа танкера “Маладзечна”. Відаць, у 1950-я гады паміж чарнаморскімі маракамі і маладзечанцамі ішла актыўная перапіска, якая пасля скасавання Маладзечанскай вобласці прыпынілася, альбо проста пазнейшыя альбомы не захаваліся. Наколькі я ведаю, у Маладзечна захоўваецца, прынамсі, адзін фотаальбом дасланы экіпажам танкера ў адказ маладзечанскім школьнікам.

Уручэнне падарункаў ад экіпажу танкера «Маладзечна» у доме піянераў, 1958 год (фота з фондаў МВЦ г.Находка)
У доме піянераў разглядаюць фотаальбом і каралы, дасланыя экіпажам танкера (фота з фондаў МВЦ г.Находка)

Два іншых альбома з пяці, што захоўваюцца ў зборах находкінскага музея, падпісаны ад імя працоўных горада Маладзечна і аформлены работамі фотакарэспандэнтаў маладзечанскай абласной газеты “Чырвоны сцяг” у альбоме 1957 года і раёнкі “Святло камунізма” у альбоме 1963 года – адзінага альбома, які быў дасланы на танкер ужо пасля скасавання вобласці. Там размешчаны ідэалагічна вывераныя здымкі з перадавікамі вытворчасці, першамайскімі шэсцямі і паштоўкавымі відамі горада. Але і сярод такіх здымкаў былі цікавыя краязнаўчыя знаходкі, напрыклад, у альбоме 1957 года быў змешчаны фотапартрэт настаўніцы школы ў пасёлку Крывічы Паўліны Вінцэнтаўны Мядзёлкі. Той самай Мядзёлкі, якая ў 1913 годзе выконвала ролю Паўлінкі ў пецярбурскай прэм’еры аднайменнай п’есы Янкі Купалы.

Будынак райвыканкаму і выід на вуліцу Віленскую, 1957 год (фота з фондаў МВЦ г.Находка)
Кінатэатр «Радзіма», 1957 год (фота з фондаў МВЦ г.Находка)
Святкаванне 40-годдзя камсамолу, 1958 год (фота з фондаў МВЦ г.Находка)
Цяперашняя вуліца Прытыцкага, 1963 год (фота з фондаў МВЦ г.Находка)
Выступ танцавальнага калектыва на стадыёне ў Гелянова, 1957 год (фота з фондаў МВЦ г.Находка)
Удзельнікі ўсесаюзнай велагонкі ў Маладзечна, 1956 год (фота з фондаў МВЦ г.Находка)
Паўліна Мядзёлка ў 1957 годзе (фота з фондаў МВЦ г.Находка)

Які будзе далейшы лёс гэтых здымкаў? У хуткім часе я пры дапамозе маладзечанскага фатографа Яўгена Стэльмаха планую зладзіць выставу ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі, дзе будуць выстаўлены раздрукаваныя старонкі з фотаальбомаў, а таксама рэпрадукцыі здымкаў 1950-х з фондаў нашага музея. Пасля правядзення выставы я збіраюся выкласці альбомы ў інтэрнэт на новым краязнаўчым сайце molodechno.net, дзе кожны жадаючы зможа азнаёміцца з фотаздымкамі. Дарэчы, калі ў вас ў сямейным архіве захваліся старыя здымкі Маладзечна, то я быў бы рады зрабіць іх копію каб папоўніць гістарычную калекцыю выяў нашага горада.

Падобныя артыкулы

Leave a Comment