Асобы Горад 

Мікола Ермаловіч – амаль невідушчы выбітны гісторык з Маладзечна

У гадавіну трагічнай гібелі вядомага гісторыка з Маладзечна інтэрнэт скалынулі спрэчкі, кім быў Мікола Ермаловіч — «стваральнікам нацыянальнага рамантычнага міфа пра ВКЛ» ці «лекарам», які зрабіў пераварот у нацыянальнай гістарычнай навуцы, пазбавіў беларусаў комплексу непаўнавартасці і комплексу недзяржаўнай нацыі.

Мікола Ермаловіч
Мікола Ермаловіч

Мікалай Іванавіч Ермаловіч нарадзіўся 29 красавіка 1921 года ў вёсцы Малыя Навасёлкі цяперашняга Дзяржынскага раёна, скончыў мясцовую школу, пасля Мінскі педагагічны інстытут. Працаваў загадчыкам Шаркаўшчынскага раённага педагагічнага кабінета, настаўнікам у Мардовіі, інспектарам Суражскага раённага аддзела народнай асветы, завучам у Дзяржынску. У 1948-1955 гадах – старшы выкладчык кафедры беларускай літаратуры Маладзечанскага настаўніцкага інстытута, наступныя два гады – загадчык метадычнага кабінета Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У выніку практычна поўнай адсутнасці зроку (-27) выйшаў на пенсію.

Больш за чатыры дзесяцігоддзі, з 1957-га па 2000-ы, Мікола Ермаловіч даследаваў старажытныя беларускія летапісы, творы і іншыя гістарычныя крыніцы. Вынікам гэтай дзейнасці сталі яго кнігі: «Дарагое беларусам імя» (1970 г), «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды» (1990 г), “Па слядах аднаго міфа” (1989 і 1991 гады выданняў), «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд» (1994 г.), і асабліва – «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае» (1999 г). Яны прымусілі ўсіх нас па-новаму паглядзець на шматлікія падзеі і даты ў айчыннай гісторыі, перагледзець ацэнкі асоб дзяржаўных дзеячаў старажытнай і сярэднявечнай Беларусі.

Па слядох аднаго міфа

Старажытная Беларусь

Беларуская дзяржава Валікае Княства Літоўскае

Гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў прысвяціў Міколу Ермаловічу нарыс у сваёй кнізе «Імёны Свабоды». Спадар Уладзімір згадвае, што праца Ермаловіча «Па слядах аднаго міфа» вельмі доказна абвяргала афіцыйную канцэпцыю гісторыі Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага адносна таго, што нібыта літоўскія феадалы захапілі беларускія землі. Твор быў напісаны ў 1968 годзе, але аб яго публікацыі ў тыя часы немагчыма было і думаць, таму кніга пашыралася ў самвыдаце па ўсёй краіне.

— Я памятаю, як мне мой сябра, паэт Алесь Касцень з Паставаў, паслаў бандэролькай гэтае надрукаванае на папіроснай паперы даследаванне Ермаловіча, і патэлефанаваў мне, каб сказаць, што адправіў. Дык яно ішло месяц з Паставаў да майго Полацка. Мы жартавалі, бо, па-першае, яно дайшло, што вельмі цешыла, і мы потым пашыралі яго ў Полацку, а па-другое, абмяркоўвалі, колькі ж людзей у розных кабінетах яго прачытала па дарозе з Паставаў да Полацка.

У 1990-я, калі адбылося прызнанне Ермаловіча, ён атрымаў Дзяржаўную прэмію імя Кастуся Каліноўскага за кнігу «Старажытная Беларусь», медаль Францыска Скарыны, Уладзімір Арлоў неаднаразова ездзіў з ім на выступы ў розныя гарады. Ён прыгадвае, што гэта заўсёды было цікава, бо ў Ермаловіча была бясспрэчная харызма, якая вельмі адчувалася, калі ён захапляўся выступам.

— Цяпер акадэмічная навука, прафесійныя гісторыкі мяркуюць, што Ермаловіч быў рамантыкам у сваёй працы. Але тое, што ён спарадзіў дыскусію і актывізаваў акадэмічных гісторыкаў на новыя даследаванні гісторыі Вялікага Княства з беларусацэнтрычных пазіцый, — гэта бясспрэчна, — перакананы Уладзімір Арлоў. — Яго творы «Па слядах аднаго міфа» і «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» былі ўважліва прачытаныя і ў Літве і, натуральна, выклікалі там вельмі вострую крытыку. Але, я думаю, што яны таксама паспрыялі таму, што частка літоўскіх гісторыкаў, прынамсі, сучаснай генерацыі, глядзіць на гісторыю ВКЛ іначай, чым той самы спадар Гудавічус, які выдаў таўшчэзную «Гісторыю Літвы са старажытных часоў да 1569 года», прымудрыўшыся не згадаць ні Беларусь, ні беларусаў. Таму працы Ермаловіча спрыялі таму, каб частка літоўскіх гісторыкаў пачала больш узважана глядзець на супольнае мінулае. Выкліканыя ім навуковыя і грамадскія дыскусіі цяжка пераацаніць.

«Я жыву ў Маладзечне, але кожны дзень ежджу ў Менск у Дзяржаўную бiблiятэку, дзе праседжваю з 10-й да 18-й гадзiны. Вяртаюся дамоў i замест адпачынку iду працаваць у таварыства сьляпых, дзе працую 5 гадзiн, склейваю каробкi. Бяз гэтага немагчыма было б пражыць, бо дзецi мае iнвалiды, трэба на ix зарабляць. Цяжкое маё жыцьцё. Аднак усё ж, нягледзячы на вялiкiя жыцьцёвыя цяжкасьцi і iгнараваньне, я не здаюся, вяду досьледы, вяду пошукі і, як кажа Васпан [маецца на ўвазе Міхась Белямук — старшыня згуртаваньня беларускай моладзі ў Кліўлэндзе (ЗША), выдавец гістарычнага часопіса „Полацак“ — ПА], выяўляю стойкасьць крывiча. Калi вочы канчаткова не адмовяць, я маю надзею, што сёе-тое зраблю, напiшу, каб ведалi нашчадкi», — казаў Мікола Ермаловіч.

За вялікую даследчыцкую і падзвіжніцкую дзейнасць, аб’ектыўнае вывучэнне гісторыі нашай Бацькаўшчыны ў 1992 годзе Мікалай Іванавіч Ермаловіч быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь – адным з першых у маладой суверэннай незалежнай дзяржаве.

Мікола Ермаловіч трагічна загінуў у Мінску 4 сакавіка 2000 года, трапіўшы пад колы аўтамабіля.

Паводле матэрыялаў kraj.by.

Падобныя артыкулы

Leave a Comment