Брама 86-га палка ў МаладзечнаГорад За польскім часам Першая Сусветная Помнікі 

Таямніца вайсковых могілак Маладзечна

Упершыню я наведаў Маладзечна шэсць гадоў таму. Мяне цікавіла міжваенная польская архітэктура і гісторыя гарнізона Войска Польскага ў Гелянове. Але заўсёды, калі я наведваю новае месца, іду на могілкі.

Брама 86-га палка ў Маладзечна
Брама 86-га палка ў Маладзечна

«Так, былі ў цэнтры горада могілкі, у тым ліку і вайсковыя, але іх знішчылі», — казалі мясцовыя. Праз нейкі час мне патэлефанаваў мой сябра, гісторык і фалерыст Андрэй Аралін, і сказаў, што непадалёк ад чыгуначнай станцыі «Маладзечна» былі вялікія вайсковыя пахаванні, дзе былі магілы жаўнераў рускага імператарскага, кайзераўскага і польскага войска. «Там шмат польскіх жаўнераў, якія загінулі ў перыяд польска-бальшавіцкай вайны, было пахавана. Але зараз няма нічога. Можа што ведаеш?» — запытаў калега.

На той момант інфармацыі, акрамя ўспамінаў мясцовых жыхароў, не было. І вось днямі іншы мой знаёмы Вадзім Прэўрацкі знайшоў у віленскім архіве дакументы, звязаныя з даваеннымі вайсковымі могілкамі ў Маладзечна. «Магчыма, у 52-га пошукавага батальёна будзе шмат працы», — кажа ён.

Дык якая ж гісторыя была ў маладзечанскіх вайсковых могілак?

Жаўнеры 267-га палка рускага імперскага войска
Жаўнеры 267-га палка рускага імперскага войска

Уратавалі польскія ўлады

Падчас Вялікай вайны 1914–1918 гадоў Маладзечна, па сутнасці, быў прыфрантавым горадам. Пад Смаргонню і Нараччу ішлі жорсткія баі, у выніку якіх рускае войска несла цяжкія страты. У горадзе знаходзіўся лазарэт, куды прывозілі параненых і атручаных. Ахвяр той вайны хавалі на некалькіх могілках. Адны з іх былі ля чыгуначнай станцыі «Маладзечна».

Карта Маладзечна 1934 года
Карта Маладзечна 1934 года

Пра іх ва ўспамінах згадваў генерал Рускага імператарскага войска Алі-Ага Шыхлінскі: «Да 11 гадзінаў я вярнуўся да нашага цягніка, які стаяў на запасным шляху на станцыі Маладзечна, каля штаба 10-й арміі, і далажыў галоўнакамандуючаму аб дзеяннях артылерыі. Дзянікін прасіў і яго туды павезці. Паехалі. […] Калі селі ў аўтамабіль, ён мне сказаў: «Правей дарогі ёсць невялікія могілкі. Там сярод крыжоў вы ўбачыце прыгожую спаласаваную дошку, звярніце на яе ўвагу». Убачыўшы дошку, я спытаўся: у чым справа?

Ён сказаў: «Там ваш адзінаверац пахаваны. Сядзелі ў акопах, раптам з боку немцаў падзьмуў вецер, і яны пусцілі атрутны газ. Усе надзелі адгазнікі, а ў афіцэра яго не аказалася, тады адзін казанскі татарын сарваў з сябе адгазнік і надзеў на афіцэра: «Надзеньце, вам больш патрэбны. Сам ён загінуў, атручаны. Мы яго пахавалі ўрачыста, з пашанаю». І ў іншых месцах у Маладзечне былі могілкі Першай сусветнай вайны.

У 1917 годзе імперыя Раманавых сканала. Потым горад занялі кайзераўскія войскі. У 1919 годзе пачалася польска-бальшавіцкая вайна, у выніку якой Маладзечна засталося за палякамі. Улады Другой Рэчы Паспалітай узгадалі пра маладзечанскія жаўнерскія пахаванні ў пачатку 1930-х гадоў.

Ліст з Маладзечна Віленскаму ваяводзе
Ліст з Маладзечна Віленскаму ваяводзе

Вось што адзначалася ў лісце, дасланым 29 кастрычніка 1930 года на імя віленскага ваяводы ад павятовага маладзечанскага старасты: «На тэрыторыі горада Маладзечна, на адлегласці каля 3-х кіламетраў ад цэнтра, ля тэрыторыі дзяржаўнага ляснога масіву знаходзяцца даволі вялікія вайсковыя могілкі з часоў сусветнай вайны і польска-бальшавіцкай.

Гэтыя могілкі зусім занядбаныя, не маюць ніякай агароджы, і там пастаянна пасвяцца хатнія жывёлы, якія знішчаюць магілы. З-за адсутнасці матэрыяльных сродкаў магістрат Маладзечна не можа абараніць могілкі ад далейшага знішчэння. Таму звяртаюся да пана ваяводы па распараджэнне на ўпарадкаванне гэтых могілак і пабудову агароджы».

Дакументы па рамонце могілак ў Віленскім ваяводстве ў 1930г.
Дакументы па рамонце могілак ў Віленскім ваяводстве ў 1930г.

Ужо 12 лістапада 1930 года ў маладзечанскім старостве атрымалі ліст з Вільні, у якім загадвалася прыцягваць да адказнасці тых, хто пасвіць жывёлаў на могілках, і падкрэслівалася, што могілкі… рамантаваліся ў 1927 годзе (быў выкапаны роў, пастаўленыя новыя крыжы і агульны помнік). Аднак мала­дзечанскі страста не супакоіўся, і зноў накіраваў ваяводзе ліст з просьбай аб вылучэнні грошай на ўпарадкаванне вайсковых могілак.

Урэшце было прынята рашэнне эксгумаваць парэшткі пахаваных жаўнераў усіх трох войскаў і перапахаваць іх на могілках, якія знаходзіліся на поўначы ад чыгуначнай станцыі «Маладзечна», у накірунку вёскі Цывідаўка. У канцы 1934 года працы былі скончаныя. Хутка адказныя за гэтую справу адрапартавалі, што эксгумацыя парэшткаў тых, хто быў пахаваны на месцы спартовай пляцоўкі (стадыёна), а таксама на плацы Тышкевіча была скончаная.

Жаўнеры трох армій

У віленскім архіве захоўваецца падрабязны спіс усіх перапахаваных напачатку 1930-х гадоў на старых царскіх вайсковых могілках ля вёскі Цывідаўка. Перш за ўсё, гаворка ідзе пра польскіх жаўнераў, якія загінулі ў баях супраць бальшавікоў у 1919–1920 годзе. Уланы, пяхотнікі, артылерысты, інтэнданты, медыкі — дзясяткі людзей назаўсёды засталіся ў маладзечанскай зямлі. Калі казаць пра вайсковыя злучэнні, то ў спісе пахаваных, сярод іншых, згадваюцца жаўнеры 21, 24, 29, 30, 33, 36, 47, 60, 68 пяхотных палкоў; 1, 2, 3, 4, 5, 6, 8, 9 палкоў пяхоты легіёнаў; 7 і 10 палкоў уланаў, 2-я кавалерыйская брыгада і 1-ы полк швалежэраў; 8-ы полк палявой артылерыі; супрацоўнікі палявых шпіталяў №4 і 294; харцэры, якія загінулі пры абароне Маладзечна ў 1920 годзе.

Жаўнеры Войска Польскага ў Маладзечна
Жаўнеры Войска Польскага ў Маладзечна

У спісе можна сустрэць шарагоўца Франца Гакала, які быў жаўнерам «беларускага пяхотнага палка». Таксама было эксгумавана шмат парэшткаў невядомых жаўнераў польскага войска. Сярод іншых з магілы, што знаходзілася побач з Маладзечна на могілкі ў Цывідаўцы, былі перанесеныя парэшткі невядомага польскага ўлана, які загінуў у 1919 годзе. Яго цела было перапахавана ў магіле №54.

План вайсковых могілак ў Цывідаўцы
План вайсковых могілак ў Цывідаўцы

Апроч жаўнераў Войска Польскага, службы, якія праводзілі эксгумацыю і перапахаванне парэшткаў, апісалі і пахаванні рускіх жаўнераў. Усяго, паводле іх дадзеных, на могілкі ля Цывідаўкі было прывезена больш за 200 царскіх ваяроў. У спісе жаўнераў Рускага імператарскага войска большасць складалі «невядомыя», аднак ёсць і прозвішчы: Самсонаў, Соскін, Вішнеўскі (267 Духаўшчынскі пяхотны полк, які прымаў удзел у Віленскай і Нарачанскай аперацыях), Рыгор Сідоркін (219-ты Кацельніцкі пяхотны полк), Кузьма Сергеенка (253-га Перакопскага палка) і іншыя. Даты смерці: 1915, 1916 гады. Ёсць там і жаўнеры 378-й Мінскай дружыны. Сярод пахаваных былі і жанчыны. Напрыклад, Елізавета Станіславаўна Мышкевіч, сястра міласэрнасці з 26-га рэзервовага палявога шпіталя.

Немцы ў Маладзечна. Лагер
Немцы ў Маладзечна. Лагер

Пахаванні жаўнераў нямецкага войска, якія загінулі падчас Першай сусветнай вайны і былі пахаваныя ў Маладзечне, датуюцца, у асноўным, лістападам-снежнем 1918 года. Хаім Ота, Гайслер Эміль, Бергер Фрыц, Вансэдлер Ота… і яшчэ дзясяткі кайзераўцаў знайшлі свой супакой на нашай зямлі. Нарэшце, сярод перапахаваных у Цывідаўцы былі палонныя чырвонаармейцы (Кузняцоў, Францаў і іншыя), якія памерлі ў 1920 годзе, польскія вайскоўцы, пахаваныя ў 1921 годзе, і жаўнеры «невядомага войска». Усяго на гэтых могілках, па дадзеных польскіх чыноўнікаў на 1934 год, было перапахавана каля 1100 (!) чалавек.

Першая старонка спісу
Першая старонка спісу
Спіс невядомых польскіх жаўнераў
Спіс невядомых польскіх жаўнераў
Інфармацыя аб заканчэнні прац па эксгумацыі
Інфармацыя аб заканчэнні прац па эксгумацыі

Дзе ж могілкі?

«Зараз там нічога няма. Тыя пахаванні знаходзяцца паміж сённяшнімі вуліцамі Лясная і Шаранговіча. Мой бацька ўзгадваў, што ў цэнтры там стаяў вялікі крыж і белая мармуровая пліта, на якой пасля вайны дзеці ў класікі гулялі. Дарэчы, ён казаў, што там было некалькі пахаванняў чырвонаармейцаў з 1944 года, на якіх віселі… медалі «За адвагу». У 1960-я гады могілкі цалкам знішчылі. Чаму? Пытанне рытарычнае. Магчыма, таму, што ў гэтым раёне пасля вайны сялілася шмат былых хутаран, якіх зганялі ў вёскі і гарады. Былі там былыя «андэрсаўцы», і іншыя так званыя «антысавецкія элементы». Мне здаецца, што знішчэнне польскай брамы ў Гелянова і жаўнерскіх могілак ля Цывідаўкі — гэта адна справа. Нехта не жадаў бачыць у Маладзечне сімвалы «панскай Польшчы». Тых, хто знішчаў могілкі, не спыніла, што там і царскія жаўнеры ляжалі. Для іх яны былі «белыя». Цікава, што сталася з пахаваннямі чырвонаармейцаў, якія загінулі тут у 1944-м? Няўжо таксама пайшлі пад бульдозер?!» — разважае Андрэй Аралін.

Жаўнер беларускага палка
Жаўнер беларускага палка

Будзем спадзявацца, што ўсё ж атрымаецца паставіць на месцы, дзе былі вайсковыя могілкі ў Маладзечна, мемарыяльны знак. Магчыма, гэта будуць каталіцкі і праваслаўны крыж, а магчыма — і простая дошка, на якой будзе пазначана, што на гэтым месцы пахаваныя парэшткі соцень польскіх, расійскіх і нямецкіх жаўнераў, сярод якіх напэўна былі і беларусы. Уласна кажучы, гэта і не важна, кім былі тыя ваяры па нацыянальнасці. Іх лёс — частка беларускай гісторыі, якую варта памятаць і шанаваць.

Немцы ў Маладзечна
Немцы ў Маладзечна

Аўтар артыкула Ігар Мельнікаў.

Аўтар выказвае шчырую падзяку за дапамогу ў напісанні гэтага артыкула Вадзіму Прэўрацкаму і Андрэю Араліну.

Фота з архіву аўтара.

Падобныя артыкулы

Leave a Comment