Архітэктура Аэрафота БССР 1960-1991 Горад Другая Сусветная За польскім часам 

Гісторыя аднаго дома: Лібава-Роменская 67 — завод, староства, гасцініца

Артыкул У.А.Садоўскага «Краязнаўчыя даследаванні гісторыі архітэктуры г. Маладзечна 1920–1960 гг. з дапамогай архіўных дакументаў» апублікаваны ў зборніку артыкулаў НАРБ «Архіўны дыялог. Выпуск 2» у 2024 годзе.

Прадметам маіх краязнаўчых даследаванняў з’яўляецца гісторыя архітэктуры г.Маладзечна першай паловы ХХ стагоддзя – часы калі Маладзечна прайшло шлях ад мястэчка да абласнога цэнтра. Працы папярэднікаў у галіне краязнаўства зачастую мала ўтрымліваюць ці зусім не маюць звестак пра гісторыю патрэбных мне будынкаў, таму за дакладнымі дадзенымі ўсё часцей прыходзіцца звяртацца да архіваў як беларускіх, так і замежных.

У сваім дакладзе я на прыкладзе будынка па сучасным адрасе г.Маладзечна вул.Лібава-Роменская 67 раскажу пра свае архіўныя знаходкі датычныя гісторыі гэтай пабудовы і дам кароткія практычныя звесткі з уласнага досведу працы з архіўнымі ўстановамі.

Іл. 1. Сучасны выгляд будынка па вуліцы Лібава-Роменская, 67. Фота аўтара

Для пачатку некалькі слоў пра сам будынак і чым ён цікавы. Сёння ў гэтым доме размяшчаецца раённая падатковая інспекцыя, а ў левым крыле – жылыя кватэры маладзечанцаў. Першапачаткова я лічыў, што гэта будынак 1927 года, пабудаваны з нуля для патрэб адміністрацыі Маладзечанскага павета, утворанага ў той год польскімі ўладамі (Маладзечна да 1939 года знаходзілася ў складзе Польскай Рэспублікі). Але апошнія знаходкі кажуць, што гэта адзін з самых старых будынкаў Маладзечна, які вядзе адлік сваёй гісторыі ад канца ХІХ стагоддзя.

Першыя сумневы ў дакладнай даце пабудовы ўзніклі, калі я пабачыў план пабудовы чыгуначнага вакзала на станцыі Маладзечна 1903 года [17, c.186]. На гэтым плане на месцы, дзе знаходзіцца будынак, была ўжо выяўлена пабудова з падобнымі абрысамі і з пазнакай, што гэта рэктыфікацыйны завод. Пошукі па фондах алічбаваных кніг Нацыялальнай электроннай бібліятэкі Расійскай Федэрацыі [15] прывялі да даведніка «Адресная книга винокуренных, дрожжевых и спиртоочистительных заводов Российской Империи» 1911 года [3, c.19], дзе быў пазначаны Маладзечанскі спіртаачысны завод №2 1897 года пабудовы, які належыў панам Гечэвічу і Любанскаму. Такім чынам знайшоўся дакладны год пабудовы.

Іл. 2. План станцыі Маладзечна 1903 года з будынкам рэктыфікацыйнага завода

Далейшыя росшукі прывялі да Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва (далей LVIA). Справа ў тым, што вялікі масіў архіўных спраў датычных да былой Віленскай губерні Расійскай Імперыі ў складзе якой было Маладзечна ў ХІХ стагоддзі знаходзіцца ў гэтым літоўскім архіве. Напрыклад, вопіс №1 фонду №382  «Аддзел будаўніцтва Віленскай губерні» утрымлівае дадзеныя пра будоўлю і рамонт дамоў, мастоў, храмаў і прамысловых прадпрыемстваў губерні за 1817-1912 гады. Гэты фонд можа быць цікавы краязнаўцам і даследчыкам з Ашмян, Вілейкі, Глыбокага, Ліды і іншых населеных пунктаў паўночнага захаду Беларусі, якія да Рэвалюцыі знаходзіліся ў межах Віленскай губерні.

Праглядзець адсканаваныя вопісы гэтага і іншых фондаў архіва LVIA можна з дапамогай літоўскага сайта «Электронная архіўная інфармацыйная сістэма» [1]. Сайт на літоўскай мове, але самі вопісы, якія датычныя спраў часоў Віленскай губерні, запоўнены на рускай мове. Таксама ў літоўскіх архівах існуе магчымасць дыстанцыйнага сканавання дакументаў – калі даследчык, знаходзіць нешта цікавае ў вопісе, ён можа замовіць сканаванне, напісаўшы на e-mail архіва нумар патрэбнай справы. Архіў выставіць рахунак і пасля аплаты дашле алічбаваныя копіі па e-mail. Але, па-першае, кошты на сканаванне ў архівах даволі вялікія, ад 0,95€ да 4,23€ за сканаванне 1 аркуша А4, і, па-другое, трэба мець магчымасць пераводзіць грошы на літоўскі рахунак, што даступна далёка не з усіх беларускіх картак.

У архіве LVIA захоўваецца справа аб прашэнні памешчыкаў Гечэвічаў і Любанскага аб дазволу ім пабудаваць паравы спіртаачышчальны рэктыфікацыйны завод у маёнтку Бухаўшчына (з 1929 года ў складзе г.Маладзечна) Вілейскага павета [11], якая датуецца 1896 годам. На жаль, сканаў гэтай справы я яшчэ не маю, але дзякуючы самой згадцы пра яе, можна меркаваць, што год пабудовы завода адзначаны ў даведніку рэальны ці блізкі да яго, бо за год са звароту памешчыкаў да уладаў Віленскай губерні будынак мог быць узведзены.

Далейшы лёс будынка можна прасачыць дзякуючы фондам ужо іншага архіва, а менавіта Літоўскага цэнтральнага дзяржаўнага архіва (далей LCVA). Там сабраныя справы датычныя часоў Польскай Рэспублікі 1920-1939 гадоў. Справы адзела будаўніцтва Віленскага ваяводства сканцэнтраваныя ў двух фондах №51 і №154. Вопісы гэтых фондаў таксама можна скачаць у электронным выглядзе з літоўскага сайта архіўнай інфармацыйнай сістэмы, пра каторы казалася вышэй. Запоўнены вопісы на польскай мове і таксама могуць быць цікавыя беларускім краязнаўцам з тых гарадоў і вёсак, якія да 1939 года ўваходзілі ў склад Віленскага ваяводства.

Па маладзечанскаму будынку у архіве LCVA удалося знайсці некалькі спраў. Па-першае, у фондзе №51 захоўвалася справа датаваная 1925 годам «Эскіз будынку cпіртзавода пры чыгуначнай станцыі ў Маладзечне, прызначанага пад староства» [12], дзе утрымліваліся абмерачныя чарцяжы будынка былога спіртзавода, а таксама ягоны фотаздымак.

Іл. 3. Будынак былога рэктыфікацыйнага завода на фотаздымку 1925 года.

З гэтай справы можна зрабіць вынік, што за гады Першай сусветнай і Савецка-Польскай войнаў будынак рэктыфікацыйнага завода моцна пацярпеў і пасля доўга стаяў закінуты. Ён па ранейшаму належаў пану Гечэвічу, але, мабыць, з-за недахопа грошай на яго аднаўленне, быў прададзены польскім уладам. У той час як раз планавалася вылучыць з Вілейскага павета асобны Маладзечанскі павет з цэнтрам у тады яшчэ мястэчку Маладзечна, што і адбылося ў 1927 годзе. У 1929 годзе Маладзечна афіцыйна атрымала статус горада.

З іншай справы гэтага ж фонду LCVA можна даведацца, што ў 1925 годзе віленскім архітэктарам Конрадам Клосам быў распрацаваны праект перабудовы былога завода ў будынак староства і жылля для ўраднікаў [13]. Конрад Клос быў братам іншага архітэктара і прафесара Віленскага ўніверсітэта Юльюша Клоса, які ў тыя гады займаўся распрацоўкай нацыянальнага польскага стылю ў архітэктуры.

Іл. 4. Праект перабудовы завода ў староства. Архітэктар Конрад Клос.

У праекце перабудовы былога завода можна пабачыць некаторыя характэрныя рысы таго польскага стылю, напрыклад, высокі вальмавы дах с комінамі, ганак з калонамі і высокая лінія падмурку, выкладзенага з бутавага камення. У той жа час праект захоўвае і неакласічныя рысы, характэрныя для архітэктуры адміністрацыйных будынкаў канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Апроч таго архітэктар майстэрскі схаваў усе дэталі, якія б выдавалі ў будынку яго прамысловае мінулае. У 1927 годзе перабудова былой рэктыфікацыі была скончана.

Іл. 5. Будынак староства на завяршальным этапе перабудовы, 1927 год.

Дарэчы, копія гэтага праекту захоўваецца і ў фондах Занальнага дзяржаўнага архіва г.Маладзечна (далей ЗДАМал) [9], але на момант майго наведвання чытальнай залі, гэтыя дакументы былі на рэстаўрацыі. Увогуле ў фондах ЗДАМал вельмі мала спраў за перыяд знаходжання Маладзечна ў складзе Польскай Рэспублікі ў 1920-1939 гадах, а сярод тых, што ёсць – архітэктурных праектаў вобмаль. Асноўны масіў такіх праектаў, як я ўжо пісаў, знаходзіцца ў літоўскіх архівах.

У перыяд 1927 па 1939 гады будынак выконваў функцыі староства і жылля для польскіх урадоўцаў. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі і далучэння г.Маладзечна да БССР у будынку размясціўся райкам КП(б)Б і Райвыканкам. Пра гэта сведчаць архіўныя дакументы ўжо ваеннага часу. Так, у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца карта горада і станцыі Маладзечна станам на 5.05.1944, складзеная падпольшчыкамі для РК КП(б)Б [14, c.290]. У легендзе да карты будынак былога староства пазначаны лічбай 20 і подпісам «дом райисполкома (при Сов.власти)».

Іл. 6. Будынак староства на паштоўцы 1930-х гадоў.

Таксама ў зборах Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі захоўваецца «Фота-альбом разбурэнняў, нанесеных нямецка-фашыстскімі акупантамі гораду Маладзечна» [8, c.20-21] са здымкамі, зробленымі пасля вызвалення горада ў ліпені 1944 года. На двух фота з былым староствам стаяць подпісы «Дом Райкома КП/б/Б и Райисполкома, разрушенный немецкими захватчиками».

Іл. 7. Былое староства на здымку 1944 года.

Дарэчы, хроніку разбурэння будынка ў часы вайны можна назіраць з дапамогай іншых архіўных дакументаў, якія сталі даступныя даследчыкам адносна нядаўна. Я маю на ўвазе аэрафотаздымкі беларускіх гарадоў, якія рабілі немцы ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Вялікі архіў з фотаплёнкамі, зробленымі нямецкімі самалётамі-разведчыкамі ў 1945 годзе апынуўся ў амерыканскай зоне акупацыі Германіі і адтуль быў перапраўлены ў ЗША. Доўгі час плёнкі мелі грыф сакрэтнасці, бо амерыканскія ваенныя самі карысталіся нямецкімі здымкамі тэрыторыі СССР у мэтах разведкі. Але ў 1990-я гады фотаздымкі рассакрэцілі і перадалі ў Нацыянальны архіў ЗША (далей NARA), дзе цяпер любы жадаючы можа заказаць іх копіі.

Праўда, там існуе свая спецыфіка: наведвальнік не можа напрамую звярнуцца ў архіў, а павінен працаваць праз пасрэднікаў – сертыфікаваных архівам спецыялістаў, спіс каторых прыведзены на сайце NARA [2]. Звязвацца са спецыялістамі таксама можна праз e-mail і дыстанцыйна рабіць заказы, адзінае, што тут зноў, як і ў выпадку з літоўскімі архівамі, трэба мець магчымасць аплачваць замежныя рахункі. Таксама ў сацыяльных сетках існуюць групы, якія аказваюць паслугі па пошуку нямецкіх аэрафотаздымкаў для пэўных месцаў – адна з іх «Аэрофотоснимки Люфтваффе | Аэрофотосъемка ВОВ» [4].

На жаль, масіў савецкіх аэрафотаздымкаў часоў Вялікай Айчыннай вайны з большага пакуль яшчэ не рассакрэчаны.

За апошні час у мяне назапасілася 82 копіі нямецкіх аэрафотаздымкаў Маладзечна і Маладзечанскага раёна перыяду паміж 26.06.1941 і 14.10.1944, прычым большасць здымкаў прыпадае на лета-восень 1944 года – калі адбывалася савецкая наступальная аперацыя «Баграціён», цягам каторай Маладзечна было вызвалена. Дзякуючы гэтым здымкам можна нават аднавіць хроніку нямецкіх авіяналётаў на горад і на чыгуначную станцыю, якія адбываліся ўжо пасля вызвалення. Станцыя Маладзечна была буйным транспартным вузлом, праз каторы працягвалася забеспячэнне наступаючай Чырвонай Арміі і таму яна адразу стала першаснай цэллю для немцаў. А так як будынак былога староства знаходзіцца побач са станцыяй, то моцна пацярпеў і ён.

Іл. 8. Будынак былога староства на нямецкіх аэрафотаздымках 26.06.1941 і 26.08.1944 гадоў з фондаў NARA.

На сайце «Память народа» [16] можна знайсці адсканаваныя з фондаў Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі журналы баявых дзеянняў тых падраздзяленняў, якія вызвалялі г.Маладзечна 5 ліпеня 1944 года. З іх можна даведацца калі адбываліся авіяналёты на горад. Напрыклад, у журнале баявых дзеянняў войск 3 Беларускага фронта за ліпень 1944 года [18, c.121,126] ўзгадваецца, што авіяцыя праціўніка бамбіла станцыю Маладзечна ўдзень 20 ліпеня і ў ноч на 21 ліпеня. Наступствы гэтых бамбаванняў можна пабачыць на нямецкім аэрафотаздымку, які датуецца 22 ліпеня – праціўнік, хутчэй за ўсё, спецыяльна здымаў горад пасля бамбардзіровак, каб карэктаваць наступныя авіяналёты.

Вялікі авіяналёт з удзелам каля 80 бамбардзіроўшчыкаў адбыўся 29 ліпеня 1944 года [18, c.172]. Хутчэй за ўсё менавіта падчас гэтага налёта, будынак былога староства і атрымаў самыя значныя пашкоджанні – на аэрафотаздымку ад 26 жніўня можна пабачыць што ў двор будынка трапіла як мінімум тры вялікія бомбы і было цалкам знішчана правае крыло будынка, якое не будзе адноўлена пасля вайны.

Матэрыялаў па пасляваеннаму аднаўленню г.Маладзечна шмат у двух архівах: у маладзечанскім ЗДАМал і ў мінскім Беларускім Дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі (далей БДАНТД).

Што тычыцца будынка былога староства, то ў ЗДАМал у фондзе №933 захоўваюцца акты прыёмкі новых і адноўленых будынкаў у горадзе за 1951 год [10]. Сярод іх згадваецца адноўленая гасцініца на 120 месцаў, якая была прынятая камісіяй 10 лютага 1951 года. Гэта і ёсць будынак былога рэктыфікацыйнага завода і староства. У 1944 годзе Маладзечна атрымала статус абласнога цэнтра і для патрэб адміністрацыі планавалася ўзвесці новыя адміністратыўныя будынкі, якія б болей адпавядалі высокаму статусу чым былое польскае староства. Таму было вырашана размясціць у адноўленым будынку гасцініцу.

У фондах Беларускага Дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (далей БДАКФФД) у г.Дзяржынску захоўваецца два здымка гасцініцы, зробленых фатографам Л.Папковічам для газеты «Советская Белоруссия» у 1954 годзе [5][6], на якіх можна пабачыць адноўлены будынак, які практычна цалкам захаваў даваенныя рысы. Адзіным дадаткам стала дабудаваная вежа паветранага назірання над левым крылом – такія імправізаваныя пункты супрацьпаветранай абароны былі распаўсюджаны ў 1950-я гады і іх яшчэ можна пабачыць на дамах, пабудаваных ці рэканструяваных у той перыяд. Да нашага часу вежа на маладзечанскім будынку не захавалася.

Іл. 9. Будынак гасцініцы на фота 1954 года з фондаў БДАКФФД.
Іл. 10. Будынак гасцініцы на фота 1954 года з фондаў БДАКФФД.

У архіве БДАНТД знаходзіцца генплан г.Маладзечна, зроблены ў 1956 годзе [7]. Згодна з графічнымі планамі — будынак гасцініцы арганічна ўпісваўся ў будучую забудову абласнога горада (статус абласнога цэнтра Маладзечна страціць у 1960 годзе). І хаця не ўсе палажэнні генплана 1956 года былі выкананы, будынак былога рэктыфікацыйнага завода і ў нашы дні працягвае быць адным з самых адметных пабудоў горада.

Іл. 11. Будынак гасцініцы на фота 1960-х.

Такім чынам можна канстатаваць, што менавіта архіўныя росшукі  дазваляюць дэтальна аднавіць гісторыю пэўнага будынка і атрымаць вялікі масіў графічных матэрыялаў – архітэктурных праектаў, фотаздымкаў, картаў і планаў – звязаных з ім. Ідучы такім жа шляхам, які я зрабіў для пошукаў інфармацыі па будынку былога староства ў Маладзечне, можна вывучаць гісторыю і іншых будынкаў, як ў нашым горадзе, так і ў іншых гарадах Беларусі.

Іл. 11. Будынак у 2011 годзе на фота з паветра (аўтар Яўген Стэльмах).

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Elektroninio archyvo informacinė sistema (Электронная архіўная інфармацыйная сістэма) [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: https://eais-pub.archyvai.lt/eais/. — Дата доступу: 20.12.2023
2. Researchers Specializing in Records held at the National Archives Building, Washington, DC (Даследчыкі, якія спецыялізуюцца па справах, што захоўваюцца ў будынку Нацыянальнага архіва, Вашынгтон, округ Калумбія) / NARA [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: https://www.archives.gov/research/hire-help/locations?facility=washington-dc . — Дата доступу: 20.12.2023
3. Адресная книга винокуренных, дрожжевых и спиртоочистительных заводов Российской Империи / Правл. Рос. о-ва винокур. заводчиков. – Санкт-Петербург : Типография «Реклама» Л.Д. Сапер, 1911. – 301 с.
4. Аэрофотоснимки Люфтваффе | Аэрофотосъемка ВОВ [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: https://vk.ru/ww2luftwaff. — Дата доступу: 20.12.2023
5. Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў (БДАКФФД). ‒ 0-009338.
6. БДАКФФД. ‒ 0-041566.
7. Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі (БДАНТД). ‒ Ф. 3. Воп. 4. Спр. 590.
8. Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі (Государственный архив Российской Федерации, ГАРФ). ‒ Ф. P-7021. Воп. 128. Спр. 194.
9. Занальны дзяржаўны архіў г.Маладзечна (ЗДАМал). ‒ Ф. 59. Воп. 1. Спр. 3.
10. ЗДАМал. ‒ Ф. 933. Воп. 1. Спр. 6.
11. Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў (Lietuvos vyriausiojo archyvaro tarnyba, LVIA). ‒ Ф. 382. Воп. 1. Спр. 1672.
12. Літоўскі цэнтральны дзяржаўны архіў (Lietuvos centrinis valstybės archyvas, LCVA). ‒ Ф. 50. Воп. 10. Спр. 1.
13. LCVA. ‒ Ф. 50. Воп. 10. Спр. 1278.
14. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). ‒ Ф. 1334. Воп. 1. Спр. 44.
15. НЭБ: Национальная электронная библиотека [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: https://rusneb.ru/. — Дата доступу: 20.12.2023
16. Память народа 1941-1945 / МО РФ [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: https://pamyat-naroda.ru/. — Дата доступу: 20.12.2023
17. Полоцк-Седлецкая железная дорога. Альбом типовых и исполнительных чертежей сооружений железнодорожной линии Полоцк-Седлец и ветви Гродна-Мосты 1902-1906 гг. [Текст] / М.П.С. — Санкт-Петербург : Техническая автолитография Георгия де-Кельш, 1907. — 4 с., [103] л. ил., карт.; 42х58 см.
18. Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі (Центральный архив Министерства обороны Российской Федерации, ЦАМО). ‒ Ф. 241. Воп. 2593. Спр. 332.

Падобныя артыкулы

Leave a Comment