Фотографии 

Маладзечна часоў Маладзечанскай вобласці і цяпер

Гэта беларускамоўная версія матэрыяла пра Маладзечна, які выйшаў на TUT.BY: «Как это было: Молодечно времен, когда он был областным центром, и сейчас».

Маладзечанская вобласць праіснавала 16 гадоў з 1944 па 1960 год. Гэта самы працяглы тэрмін існавання буйной альтэрнатыўнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў пасляваеннай гісторыі БССР. Адразу пасля вызвалення ў 1944 годзе Беларусь налічвала 13 абласцей. 16 жніўня 1945 стала на адну вобласць менш — Беластоцкі край быў перададзены Польскай Рэспубліцы. У 1954 годзе ў ходзе ўзбуйнення былі скасаваныя Баранавіцкая, Бабруйская, Пінская, Палеская і Полацкая вобласці. Маладзечанская вобласць была павялічана і праіснавала адначасова са звыклымі сучаснаму беларусу абласцямі яшчэ 6 гадоў да наступнай хвалі узбуйнення.

За гэтыя 16 гадоў горад Маладзечна вельмі моцна змяніўся. Была пабудавана новая цэнтральная плошча, забудова якой павінна была адпавядаць абласному статусу горада. Вырас парк, з’явіліся новыя вуліцы і раёны. Прапаную сваім чытачам здзейсніць віртуальную экскурсію ў мінулае і параўнаць горад Маладзечна часоў Маладзечанскай вобласці з яго сучасным станам.

Новы адміністрацыйны цэнтр горада вырас у 1950-я на незабудаванай пляцоўцы паміж чыгуначным вакзалам і пасёлкам Гелянова. Згодна з генпланам Маладзечна ад 1947 года на Цэнтральнай плошчы павінны былі размясціцца гарадскія, абласныя і партыйныя арганізацыі, установы гандлю, адукацыі і культуры. У цэнтры плошчы арганізоўваўся невялікі сквер.

Новы адміністрацыйны цэнтр горада вырас у 1950-я
Новы адміністрацыйны цэнтр у 1950-я
Цэнтральная плошча Маладзечна і сёння не страціла свайго статусу, і з'яўляецца візітнай карткай горада
Цэнтральная плошча Маладзечна і сёння не страціла свайго статусу, і з’яўляецца візітнай карткай горада

Дамінантай Цэнтральнай плошчы па задуме архітэктараў павінны быў стаць масіўны і змрочны Дом Саветаў, выкананы ў стылі сталінскага неакласіцызму. У Доме Саветаў павінны былі размясціцца абласныя і гарадскія органы ўлады.

Дом Саветаў
Дом Саветаў

Да моманту завяршэння будаўніцтва Дома Саветаў у сярэдзіне 1960 года Маладзечанская вобласць была ўжо скасаваная. Горад Маладзечна з абласнога ператварыўся ў раённы цэнтр. Раённай адміністрацыі такі велізарны будынак быў непатрэбны, таму памяшканні і аўдыторыі былога Дома Саветаў былі перададзеныя новаўтворанаму політэхнічным тэхнікуму, які размяшчаецца тут і дагэтуль.

Маладзечненскі дзяржаўны палітэхнічны каледж
Маладзечненскі дзяржаўны палітэхнічны каледж

Акрамя Дома Саветаў на Цэнтральнай плошчы ўзводзіўся таксама і абкам кампартыі (будынак у левай частцы здымка). Дадзены фотаздымак 1950-х гадоў цікавы некалькімі момантамі. Па-першае, на ім можна пабачыць, што на момант будаўніцтва на плошчы яшчэ заставаліся сляды старой забудовы гэтага месца — адзінокая хата сярод цагляных палацаў. Па-другое, на здымку выразна бачная чыгуначная лінія, якая перасякала плошчу ў тыя гады (грузавік у правай частцы здымка аддаляецца ад чыгуначнага пераезду). Гэта была обыходная лінія, пабудаваная яшчэ ў час вайны ў 1944 годзе ў абыход разбуранай бамбаваннямі чыгуначнай станцыі Маладзечна. Лінія была разабраная толькі ў канцы 1950-х (пра гэтую лінію можна пачытаць падрабязней па спасылцы)

Пасля ліквідацыі вобласці абкам ператварыўся ў гаркам, а ўлетку 1991 года, пасля падзей ГКЧП і забароны на дзейнасць КПСС, партыйныя органы пакінулі будынак. Сёння ў былым абкаме размяшчаецца музычная школа

Былы абкам
Былы абкам

У 1958 годзе на Цэнтральнай плошчы перад будынкам Дома Саветаў адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Леніну, што і было захавана на кадрах кінахронікі. Скульптура аўтарства народнага мастака БССР Заіра Азгура была ўсталяваная на высокім п’едэстале, абліцаваным чорным мармурам.

Помнік Леніну
Помнік Леніну

Сёння ў Маладзечне не знайсці плошчы, вуліцы ці нават завулка, якія насілі б імя Леніна. У пачатку 1990-х гадоў улады горада правялі шэраг перайменаванняў, пасля якіх у Маладзечна амаль не засталося вуліц з савецкімі назвамі. Адзіным напамінам аб «правадыру пралетарыята» ў горадзе з’яўляецца помнік, які да гэтага часу стаіць на Цэнтральнай плошчы (да перайменавання — Плошча Леніна).

Помнік Леніну
Помнік Леніну

Галоўны ўнівермаг горада сталі будаваць у самым канцы 1950-х гадоў, у той час калі ўжо на ўсю моц бушавала хрушчоўская «барацьба з празмернасцямі ў архітэктуры». Таму будынак ўнівермага выглядае прасцей, чым навакольнае пампезная забудова Цэнтральнай плошчы.

Галоўны ўнівермаг горада
Галоўны ўнівермаг горада

Пасля шэрагу рэканструкцый маладзечанскі ўнівермаг і сёння з’яўляецца адной з асноўных гандлёвых пляцовак горада.

Галоўны ўнівермаг цяпер
Галоўны ўнівермаг цяпер

У красавіку 1946 года ў Маладзечне быў закладзены парк Перамогі. Ён размясціўся на вялікім адкрытым участку паміж праектаванай Цэнтральнай плошчай і пасёлкам Гелянова.

Участак парка Перамогі
Участак парка Перамогі

За больш чым паўстагоддзя маладзечанскі парк ператварыўся з бязладна засаджанай пусткі ў акультуранае і дагледжанае месца адпачынку тысяч гараджан

Маладзечанскі парк зараз
Маладзечанскі парк зараз

Земляныя работы ў парку ў 1950-я гады. Справа на здымку відаць будынак аблспажыўсаюза, пабудаваны ў 1959 годзе. У 1960 годзе пасля ліквідацыі Маладзечанскай вобласці будынак перадалі кааператыўнаму тэхнікуму, які сёння носіць назву «Маладзечанскі гандлёва-эканамічны коледж».

Земляныя работы ў парку ў 1950-я гады
Земляныя работы ў парку ў 1950-я гады

Сучасны выгляд з гэтага ж ракурсу дазваляе ацаніць маштаб азеляняльных работ праведзеных у цэнтры горада за мінулыя дзесяцігоддзі

Сучасны выгляд з таго ж ракурсу
Сучасны выгляд з таго ж ракурсу

Арка ўваходу ў парк з боку пасёлка Гелянова. У 1950-я гады і пазней наведванне гарадскіх паркаў культуры і адпачынку было платным. На здымку можна ўбачыць адкрытыя вароты ў праёмах аркі, а таксама шапікі кас, дзе прадаваліся квіткі ў парк. У глыбіні парку бачны гіпсавы помнік Леніну, які да нашых дзён не захаваўся.

Арка ўваходу ў парк з боку пасёлка Гелянова ў 1950-я
Арка ўваходу ў парк з боку пасёлка Гелянова ў 1950-я

Дрэвы выраслі, уваход у парк стаў бясплатным, а на месцы помніка Леніну ўсталяваны мемарыял воінам-інтэрнацыяналістам.

Арка ў нашы дні
Арка ў нашы дні

Акрамя ўладкавання адміністрацыйнага цэнтра, у Маладзечне вялося і жылое будаўніцтва. Новы мікрараён для будаўнікоў вырас у 1950-я недалёка ад пасёлка Гелянова ў паўднёва-заходняй частцы горада. У мікрараён ўваходзіла некалькі кварталаў, забудаваных малапавярховымі тыповымі будынкамі, накшталт забудовы мінскай «Асмолаўкі» або пасёлка трактарнага завода (падрабязней пра забудову Гелянова 1950-х чытайце па спасылцы). Сам пасёлак Гелянова -гэта былы фальварак, які ў 1929 годзе быў далучаны да горада Маладзечна. На месцы фальварка ў 1920-я і 1930-я гады узводзіўся гарнізон польскіх войскаў. Частка будынкаў былога гарнізона ацалела ў вайну, і ў 1940-я гады гэтыя пабудовы выкарыстоўваліся для часовага размяшчэння адміністрацыі горада. На старым здымку можна ўбачыць тыпавы дом культуры, пабудаваны ў новым раёне ў 1950-я, а гэтак жа аўтобус ЗІЛ-155, які едзе па гарадскім маршруце.

Дом культуры
Дом культуры

Сёння ў будынку былога ДК будаўнікоў размяшчаецца дзіцячы тэатр лялек «Батлейка», адчынены ў 1990 годзе.

Тэатр лялек «Батлейка»
Тэатр лялек «Батлейка»

Будынак Маладзечанскага музычнага вучылішча ў пачатку 1960-х. Яно размясцілася на тады яшчэ ўскраіне на захадзе горада ў так званым «зялёным гарадку». Першы набор у вучэльню адбыўся ў 1958 годзе.

Будынак Маладзечанскага музычнага вучылішча ў пачатку 1960-х
Будынак Маладзечанскага музычнага вучылішча ў пачатку 1960-х

Сёння музычны каледж носіць імя славутага земляка маладзечанцаў — кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага, помнік якому быў усталяваны ля сцен навучальнай установы ў 2001 годзе.

Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага
Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К.Агінскага

Вуліца Прытыцкага ў Маладзечна звязвае Цэнтральную плошчу з вакзалам. Як і на плошчы, асноўнае будаўніцтва на вуліцы разгарнулася ў 1950-я гады. Адным з першых пабудаваных аб’ектаў быў абласны паштамт.

Будынак абласнога паштамту
Будынак абласнога паштамта

Будынак паштамта захавалася да нашых дзён у арыгінальным выглядзе. У ім і цяпер знаходзіцца аддзяленне РУП «Белпошта».

Аддзяленне РУП «Белпошта»
Аддзяленне РУП «Белпошта»

Насупраць паштамта ў сярэдзіне 1950-х гадоў адкрыўся самы вялікі на той час у Маладзечна рэстаран «Папараць кветка».

Рэстаран «Папараць кветка»
Рэстаран «Папараць кветка»

Сёння рэстарана «Папараць Кветка» ўжо няма. На яго месцы размясціць некалькі гандлёвых аб’ектаў, а таксама кафэ ў мезаніне ля будынка (яно так і завецца — «Мезанін»).

Недалёка ад рэстарана ў канцы 1950-х быў пабудаваны яшчэ адзін цэнтр культуры ў абласным горадзе — кінатэатр «Радзіма». Па здымку можна зразумець, што ў тыя гады вуліца Прытыцкага была яшчэ адкрыта для аўтамабільнага руху.

Кінатэатр "Радзіма"
Кінатэатр «Радзіма»

Вуліцу Прытыцкага зрабілі пешаходнай на адрэзку ад Цэнтральнай плошчы да вуліцы Валынца ў 1988 годзе ў гонар 600-годдзя горада. Гэтае новаўвядзенне так палюбілася гараджанам, што яны сталі называць участак пешаходнай вуліцы маладзечанскім Брадвеем. Да рэспубліканскага свята вёскі «Дажынкі-2011» ужо ўся вуліца Прытыцкага ад плошчы і да вакзала стала пешаходнай. У той жа час была праведзена рэканструкцыя кінатэатра, падчас якой у тым ліку беларускамоўная шыльда змянілася рускамоўнай.

Кінатэатр "Радзіма" цяпер
Кінатэатр «Радзіма» цяпер

Паміж рэстаранам «Папараць кветка» і кінатэатрам «Радзіма» ў 1950-я стаяла дошка гонару, на якой размяшчаліся партрэты перадавікоў вобласці і раёна.

Дошка гонару ў 1950-я
Дошка гонару ў 1950-я

Сёння на месцы старой дошкі гонару стаяць гандлёвыя шапікі. Тым не менш, традыцыя ўшанавання лепшых людзей горада і раёна ў Маладзечне працягваецца, новая дошка гонару ўсталяваная каля Маладзечанскага палаца культуры і штогод абнаўляецца.

За 16 гадоў у статусе абласнога цэнтра горад Маладзечна адбыўся як прамысловы, адукацыйны і культурны цэнтр рэгіёна. Сувязі Маладзечна з іншымі гарадамі Маладзечанскай вобласці за гэтыя гады настолькі умацаваліся, што нават у прашэсці больш чым за паўстагоддзя з дня скасавання вобласці Маладзечна не стала чужым горадам для жыхароў Мядзела, Вілейкі, Глыбокага, Докшыц або Смаргоні.

Аб мінуўшчыне абласным статусе горада нагадваюць не толькі пышныя будынкі ў цэнтры Маладзечна, але назвы і межы некаторых дзяржаўных устаноў, заснаваных ў гады Маладзечанскай вобласці. Так, напрыклад, у зоне абслугоўвання Маладзечанскіх электрычных сетак на сённяшні дзень знаходзяцца Валожынскі, Вілейскі, Мядзельскі і Маладзечанскі раёны, якія сумарна займаюць плошчу роўную прыкладна палове плошчы былой вобласці. Драматычны і лялечны тэатры ў Маладзечна носяць статус абласных. У горад, як і раней, на працу і вучобу прыязджаюць з усіх куткоў былой Маладзечанскай вобласці. Праўда, часцяком Маладзечна служыць толькі своеасаблівым перавалачным пунктам з глыбінкі ў сталіцу, ды і самі маладзечанцы пасля вучобы ў сталіцы не заўжды вяртаюцца ў родны горад.

Крыніцы фота: Уладзімір Садоўскі, асабісты архіў Валера Трацяка, flickr.com і panoramio.com

Связанные статьи

Leave a Comment