Архітэктура Асобы Горад За польскім часам 

Дом архітэктара Лісецкага на вул.Таўлая

З 1921 па 1939 гады Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. Для новай польскай дзяржавы беларускія землі з самага пачатку былі праблемнай тэрыторыяй: разбураная вайной інфраструктура, нелаяльнае насельніцтва, мяжа з Савецкім Саюзам, з якім у Польскай Рэспублікі былі напружаныя адносіны. Але адмаўляцца ад «крэсаў усходніх» палякі не спяшаліся. Ужо напачатку 20-х гадоў Польшча прынялася рэалізоўваць план асіміляцыі ўсходніх земляў, у якім архітэктура грала не апошнюю ролю. Палякі актыўна будавалі адміністрацыйныя будынкі: староствы, управы, паштовыя і банкаўскія аддзяленні. Узводзілі польскія школы і гімназіі. Але самую пільную ўвагу польскія ўлады надавалі ведамаснаму жыллю для палякаў, якія перасяляліся з заходніх рэгіёнаў Польшчы для працы ў новых адміністрацыйных раёнах. Спецыяльна для польскіх адмыслоўцаў у беларускіх гарадах і мястэчках будаваліся так званыя «калоніі ўраднікаў»: раёны з тыпавымі малапавярховымі дамамі, разлічанымі на адну ці на дзве сем’і. Забудова такога тыпу добра захавалася ў Лідзе, Наваградку, Брэсце, Баранавічах і іншых заходнебеларускіх гарадах. Але катэджамі для стараст, лекараў, настаўнікаў і іншых службоўцаў палякі не абмяжоўваліся. Будавалі яны і шматкватэрныя дамы, праўда, жыллё ў такіх пабудовах прызначалася ў большасці выпадкаў не для перасяленцаў грамадзянскіх прафесій. У дзвюх- і трохпавярховыя дамы засяляліся сем’і афіцэраў і сяржантаў Войска Польскага, а таксама сем’і службоўцаў Міністэрства ўнутраных спраў. У Маладзечна да сённяшняга дня захавалася каля дзясятка такіх шматкватэрных дамоў, пабудаваных палякамі ў 20-х, 30-х гадах ХХ стагоддзя.

Вось, напрыклад, жылы дом №5 на вул.Таўлая, што знаходзіцца недалёка ад Маладзечанскага аўтавакзала:

Ён пабудаваны ў 1925 годзе па праекце архітэктара Юльяна Лісецкага для сем’яў афіцэраў Корпуса Аховы Памежжа і службоўцаў Маладзечанскай гміны. Гэта было ведамаснае жыллё вышэйшага класа. У доме знаходзілася 14 камфартабельных кватэр: 3 чатырохпакаёвыя, 3 трохпакаёвыя і 8 двухпакаёвых. У кожнай прадугледжваліся памяшканні для прыслугі і ўласнае каміннае ацяпленне.

Дом пабудаваны ў так званым «закапанскім стылі», модным сярод архітэктараў міжваеннай Польшчы. Лічылася, што гэты стыль найболш блізка перадае нацыянальныя рысы польскай архітэктуры.

Першапачаткова ў доме былі скразныя пад’езды, але пазней дзверы, якія выходзяць на бок вул.Таўлая,  замуравалі. Магчыма, зрабілі гэта ў паваенныя гады калі прасторныя кватэры польскіх службоўцаў былі пераўтвораны ў тыповыя савецкія «камуналкі». У часы “перабудовы” жылыя памяшканні былі прыватызаваны і выкуплены. Так што зараз на кожнай пляцоўцы ў доме зноў па дзве кватэры.Угары кожнай лесвічнай клеткі дома знаходзяцца дзверы, што вядуць да падстрэшша. Гэта адметная рыса ўсіх польскіх жылых пабудоў у Маладзечна — іх жыхары мелі магчымасць сушыць памытую бялізну ў прасторных памяшканнях гарышча.

Побач з домам знаходзіўся бетонны зброевы склад, дзе афіцэры і салдаты Корпуса Аховы Памежжа захоўвалі стрэльбы, якія выдавалася перад адпраўкай у рэйды да мяжы.

Сёння ў памяшканнях «збаёўні» захоўваюць свае скарбы сучасныя жыхары дома №5 па вул.Таўлая.

 

 

Падобныя артыкулы

Leave a Comment