Генплан-1947: якім мог быць горад Маладзечна
Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе быў перагледжаны адміністратыўны падзел рэспублікі. Адным з вынікаў гэтага перагляду стаў перанос цэнтра Вілейскай вобласці БССР у Маладзечна з наступным перайменаваннем вобласці ў Маладзечанскую. Новы абласны статус горада патрабаваў буйных пераўтварэнняў, і ўжо ў 1946 годзе была пачата работа над першым пасляваенным генеральным планам Маладзечна, які павінны быў абазначыць шляхі развіцця горада на дзесяцігоддзі наперад. Праект распрацоўваўся Беларускім дзяржаўным праектным інстытутам. За архітэктурна-планіровачныя рашэнні генплана адказваў архітэктар Хегай А.Ч., тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне распрацоўваў інжынер-эканаміст Мерло А.С., да работ гэтак жа быў прыцягнуты член-карэспандэнт Акадэміі архітэктуры СССР — прафесар Палякоў Н.Х.. Генплан быў завершаны ў снежні 1947 года. Многія яго рашэнні былі выкананыя і моцна змянілі аблічча горада, але некаторыя планы так і не былі рэалізаваныя. Я разабраў генплан Маладзечна 1947 года, які захоўваецца ў архіве БГАНТД, і высветліў, наколькі сучасны горад адрозніваецца ад таго, якім ён быў у праекце.
Цэнтральная плошча — новы цэнтр горада
Да канца 1940-х гадоў горад Маладзечна ўяўляў сабой сукупнасць трох адасобленых цэнтраў, амаль незвязаных паміж сабой бесперапыннай забудовай: плошча Старое Месца — гістарычны цэнтр мястэчка Маладзечна, раён чыгуначнай станцыі і былы фальварак Геленово, дзе да вайны вырас польскі ваенны гарадок. Перад стваральнікамі генплана 1947 года стаяла задача аб’яднаць гэтыя цэнтры і надаць Маладзечна цэльны выгляд. На пустцы, у аддаленні ад старых цэнтраў на лініі дарогі Мінск-Вільня была запраектавана новая плошча, на якой павінны былі размясціцца асноўныя адміністрацыйныя ўстановы новага абласнога цэнтра. Лічбамі на плане Цэнтральнай плошчы пазначаныя наступныя праектаваныя будынкі: 24 — Дом Саветаў, 25 — Дом гаспадарчых і крэдытных арганізацый, 26 — бібліятэка, 27 — Дом судовых органаў, 28 — Дом піянераў, 29 — педагагічны інстытут.
Калі параўнаць генплан 1947 гады з сучаснай картай Маладзечна, то можна ўбачыць, што з запланаванага больш за паўстагоддзя таму было рэалізавана. Цалкам захавалася праектаваная форма самой Цэнтральнай плошчы — адкрыты пляц перад Домам Саветаў і невялікі сквер у бок парку Перамогі. Сам Дом Саветаў таксама быў пабудаваны па плане, але да заканчэння яго будаўніцтва ў 1960 годзе Маладзечанская вобласць была ліквідаваная і патрэба ў такім вялікім адміністрацыйным будынку адпала — у былым Доме Саветаў размясціўся палітэхнікум. Далей ідуць разыходжанні з праектам — правы бок плошчы з будынкамі пазначанымі лічбамі 27 і 28 да апошняга часу так і не была капітальна забудавана. У гэтым месцы доўгі час размяшчалася стаянка, а таксама былі ўзведзены гандлёвыя рады, пра хуткі знос якіх нядаўна пісаў kraj.by. На месцы, дзе ў 1947 годзе планавалася ўзвядзенне суда і дома піянераў, паводле цяперашніх планаў павінны вырасці гандлёва-адміністрацыйны будынак. Таксама не з’явіўся ў Маладзечне і свой ВНУ. Там дзе ў 1947 годзе планавалася ўзвядзенне Педагагічнага інстытута, у 1959 годзе быў узведзены будынак аблспажыўсаюза. Пасля ліквідацыі вобласці гэта будынак быў перададзены кааператыўнаму тэхнікуму, які сёння носіць назву «Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж». На левым баку Цэнтральнай плошчы гэтак жа мала супадзенняў з планам — на месцы Дома гаспадарчых арганізацый (25) у канцы 1950-х вырас маладзечанскі ўнівермаг. Будынак бібліятэкі быў узведзены ў 1960 годзе і ў баку ад месца, запланаванага ў 1947 годзе. На рагу вул. Тоўстага быў збудаваны абкам (затым гаркам) партыі, цяпер тут размяшчаецца музычная школа. Цікава, што на месцы гасцініцы і Палаца культуры, па плане 1947 года павiнна размяшчацца рэкрэацыйная зона з невялікім возерам і скверам (гл. Першую ілюстрацыю да паста).
Два гарадскіх паркі — цэнтральны і раённы
Паколькі на новай Цэнтральнай плошчы планавалася размясціць абласную адміністрацыю, ролю адміністрацыйнага цэнтра Маладзечанскага раёна адводзілася плошчы Старое Места (у савецкія часы яна называлася плошча Свабоды). Каля кожнай з гэтых плошчаў па генплане 1947 года праектаваліся паркі: цэнтральны і раённы адпаведна. Зрэшты, Цэнтральны парк культуры і адпачынку, ён жа парк Перамогі быў закладзены ўжо ў 1946 годзе, калі генплан толькі пачынаў рабіцца. Праектам вызначалася форма новага парку.
Калі параўноўваць праект з сучасным станам парку Перамогі, то можна знайсці мноства адрозненняў. Ад першапачатковай планіроўкі захавалася хіба што цэнтральная алея, якая вядзе да манумента Вялікай Айчыннай вайны. У левай верхняй частцы парку па плане 1947 года павінен быў усталяваны нейкі помнік, але гэтага не было зроблена. Доўгі час у тым месцы знаходзілася танцпляцоўка. На месцы праектаванага паркавага стадыёна ў 2010 годзе была зроблена сістэма вадаёмаў і амфітэатр. У генплане 1947 года цэнтральны парк меў тры ўладкаваных ўваходы: галоўны з боку Цэнтральнай плошчы і два другарадных — з боку сучасных вуліц Машэрава і Багдана Хмяльніцкага. Цэнтральны ўваход у парк быў рэалізаваны адрозна ад запланаванага — у 1950-я на ўваходзе была пабудавана арка, якой не было ў генплане. Таксама арка была пабудавана на ўваходзе ў парк з боку раёна Геленово. Уваход з боку вуліцы Хмяльніцкага ня быў аформлены такім жа чынам і наогул рэальная трасіроўка вуліц з усходняга боку парка сёння моцна адрозніваецца ад праектнай, але пра гэта ніжэй.
Другі раённы парк павінен быў размясціцца ў трыкутніку паміж сучаснымі вуліцамі Віленскай, Гарадоцкай і жалезнай дарогай. Гэтак жа невялікі ўчастак паміж сучаснымі вуліцамі Віленскай і Местачковай (Савецкай і Куйбышава ў савецкі час) павінны быў адведзены пад сквер з летнім тэатрам (будынак пад нумарам 36). Лічбамі 37 і 19 на плане пазначаныя існуючая ў той час пажарная частка і праектаваны малочны завод адпаведна. Мяркуючы па ўсім, завод павінен быў размяшчацца ў будынку былой сінагогі на вул. Віленскай. Акрамя таго, калі генплан 1947 года быў прыняты на плошчы Старое Месца планавалася ўзвядзенне раённага выканкама, але пазней ад гэтай ідэй адмовіліся і пабудавалі райвыканкам на вуліцы Віленскай бліжэй да Цэнтральнай плошчы. На Старым Месцы, дзе планавалася гэтая адміністрацыйная пабудова, цяпер знаходзіцца СШ №5.
Гледзячы на сучасную карту Маладзечна нескладана здагадацца, што раённы парк культуры і адпачынку ня быў пабудаваны. Плошча, адведзеная пад парк генпланам 1947 года, пазней была аддадзеная пад прыватную забудову (да вайны на гэтым месцы была пустка). Летняга тэатра жыхары горада гэтак жа не дачакаліся. На яго месцы зараз размяшчаецца гімназія №3. Зрэшты, адзін аб’ект з генплана 1947 года быў рэалізаваны хоць і ў баку ад запланаванага месца — гэта паркавы стадыён, які сёння належыць дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе №4.
Два бульвары — вуліца Маркава і вуліца Будаўнікоў
Згодна з генпланам 1947 гады ў Маладзечна стваралася шмат новых кварталаў і вуліц. Некалькі гарадскіх магістраляў планавалася зрабіць бульварамі. Адзін з такіх бульвараў быў рэалізаваны ў поўным аб’ёме ў раёне Гелянова. Сучасная вуліца Маркава і кварталы нізкапавярховай забудовы, якія прымыкаюць да яе, амаль не адрозніваюцца ад таго, якімі яны былі запраектаваныя ў 1947 годзе (пра гэты раён можыце прачытаць у маім пасце «Маладзечна. Раён Гелянова: забудова 1950-х»). Хіба што ў скверы на заходнім канцы бульвара размясціўся дом культуры будаўнікоў (цяпер лялечны тэатр «Батлейка»), а не школа (будынак пад нумарам 31), як гэта было на плане. Гэтак жа будынак школы на вуліцы Машэрава ў рэальнасці размясцілася на квартал на поўнач ад запланаванага. Лічбай 32 на плане пазначаныя былыя казармы Войска Польскага, пабудаваныя ў Гелянова да вайны. Падчас складання генплана ў гэтым будынку размяшчалася адміністрацыя Маладзечанскай вобласці. Нумарам 35 на плане пазначаны гарадскі дом культуры, размешчаны ў былым польскім афіцэрскім казіно. Зараз у гэтым будынку знаходзіцца Мінскі абласны драматычны тэатр.
Раён Гелянова на сучаснай мапе. Можна заўважыць якая невялікая пляцоўка першапачаткова адводзілася пад мэблевую фабрыку (нумар 3 на старым плане) і як разраслося прадпрыемства да сённяшняга дня.
Другі бульвар значна больш доўгі, чым на вуліцы Маркава, павінны быў прайсці скрозь сучасныя мікрараёны №1 і №2 Маладзечна ад парку Перамогі да вуліцы Міру.
11. Сённяшняя трасіроўка вуліц у гэтым раёне кардынальна адрозніваецца ад запланаванай ў 1947 годзе, так як мікрараёны былі пабудаваныя тут значна пазней і зусім па іншым планах. Як бачна на сучаснай мапе, праектаваны бульвар павінны быў прайсці ў раёне Гімназіі №10 і СШ №11. Цікава, што і паводле генплана 1947 года ў гэтым раёне планавалася дзве школы (будынкі пад нумарам 31 на старым плане): адна ў раёне вуліцы Міра, іншая на месцы сённяшняга дзіцячага садка №19.
Рэкрэацыйныя зоны ля прытокаў Ушы
Хоць Маладзечанская рэчка Уша і невялікая, але ў яе ў розныя часы было мноства прытокаў, некаторыя з іх праходзілі па тэрыторыі горада (я пісаў пра іх у пасце «Рэкі-прывіды Маладзечна»). Многія з гэтых прытокаў мелі сезонны характар - напаўняліся вясной і перасыхалі да восені. Сёння рэшткі старых рэк загнаныя ў трубы, але ў генплане 1947 года іх планавалася вывесці вонкі і ўладкаваць каля іх зоны адпачынку і рэкрэацыі. Напрыклад, такім чынам павінна была акультураны рэчка Бухаўка, якая па некаторых дадзеных дала назву вёсцы а затым і гарадскому раёну Бухаўшчына.
Рэчышча павінна было выведзена вонкі на ўчастку ад сучаснай Лібава-Роменскай вуліцы да сквера ў раёне цяперашняга Палаца культуры. Як бачна на сучасных мапах, гэтыя планы не былі рэалізаваныя, сёння рэчка Бухаўка пахаваная ў калектары пад цяперашнім Партызанскім завулкам і выходзіць вонкі толькі каля аўтавакзала і ў Залінейным раёне горада.
Другі безназоўны прыток Ушы, які павінны быў уладкаваны паводле генплана 1947 года, знаходзіцца ў раёне сучасных вуліц Магістральнай і Касманаўтаў. Па праекце рэкрэацыйная зона павінна была аддзяляць жылыя кварталы, размешчаныя на захад ад прытоку, ад прамысловай зоны на ўсходзе. Уладкаваны прыток павінны быў пачынацца ад сучаснай вуліцы Вялікі Гасцінец у раёне стаматалагічнай паліклінікі і заканчвацца ля чыгункі ў раёне пуцеправода.
Зрэшты, і гэтым планам не наканавана было спраўдзіцца — сёння прыток Ушы ў гэтым раёне пахаваны ў трубы пад зямлёй. Рэчка выходзіць вонкі толькі ў раёне пуцеправода.
Базар ля пераезду
Сучасныя жыхары Маладзечна прывыклі да размяшчэння харчовага рынку ў цэнтры горада на вуліцы Багдана Хмяльніцкага (хоць ужо даўно ходзяць чуткі пра яго перанос у іншае месца), але згодна з генпланам 1947 года, першапачаткова планавалася змясціць гэты рынак у раёне сённяшняга чыгуначнага пераезду на Гарадоцкай вуліцы.
Гледзячы на сучасную карту можна зразумець, што базар мог размяшчацца ў квартале паміж сучаснымі вуліцамі Каляднай і Канстанціна Астрожскага. Як і ў выпадку з раённым паркам культуры і адпачынку, пустуючая да вайны зямля ў гэтым раёне была аддадзеная пад прыватную забудову, а не пад рэалізацыю генплана 1947 года.
Старыя генпланы — гэта даволі цікавыя дакументы па гісторыі горада. Вывучэнне іх можа даць уяўленне аб шляхах развіцця горада і прымусіць разважаць пра тое, чаму тыя або іншыя запланаваныя праектныя рашэнні не былі рэалізаваны ў жыццё.
Крыніцы: БДАНТД, Яндэкс.Карты, openstreetmap.org