Архитектура История 

Польскае ведамаснае жыллё ў Маладзечна

Артыкул складзены на падставе матэрыялаў, што я паступова збіраў пра польскую архітэктуру ў Маладзечна, а таксама, з інфармацыі, знойдзенай ў польскай архітэктурнай перыёдыцы 1920-1930-х гадоў.
Руская версія артыкула на партале kraj.by

З 1921 па 1939 гады Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. Для новай польскай дзяржавы беларускія землі з самага пачатку былі праблемнай тэрыторыяй: разбураная вайной інфраструктура, нелаяльнае насельніцтва, мяжа з Савецкім Саюзам, з якім у Польскай Рэспублікі былі напружаныя адносіны. Але адмаўляцца ад «крэсаў усходніх» палякі не спяшаліся. Ужо напачатку 20-х гадоў Польшча прынялася рэалізоўваць план асіміляцыі ўсходніх земляў, у якім архітэктура грала не апошнюю ролю. Палякі актыўна будавалі адміністрацыйныя будынкі: староствы, управы, паштовыя і банкаўскія аддзяленні. Узводзілі польскія школы і гімназіі. Але самую пільную ўвагу польскія ўлады надавалі ведамаснаму жыллю для палякаў, якія перасяляліся з заходніх рэгіёнаў Польшчы для працы ў новых адміністрацыйных раёнах. Спецыяльна для польскіх адмыслоўцаў у беларускіх гарадах і мястэчках будаваліся так званыя «калоніі ўраднікаў»: раёны з тыпавымі малапавярховымі дамамі, разлічанымі на адну ці на дзве сем’і. Забудова такога тыпу добра захавалася ў Лідзе, Наваградку, Брэсце, Баранавічах і іншых заходнебеларускіх гарадах. Але катэджамі для стараст, лекараў, настаўнікаў і іншых службоўцаў палякі не абмяжоўваліся. Будавалі яны і шматкватэрныя дамы, праўда, жыллё ў такіх пабудовах прызначалася ў большасці выпадкаў не для перасяленцаў грамадзянскіх прафесій. У дзвюх- і трохпавярховыя дамы засяляліся сем’і афіцэраў і сяржантаў Войска Польскага, а таксама сем’і службоўцаў Міністэрства ўнутраных спраў. У Маладзечна да сённяшняга дня захавалася каля дзясятка такіх шматкватэрных дамоў, пабудаваных палякамі ў 20-х, 30-х гадах ХХ стагоддзя.

Вось, напрыклад, жылы дом №5 на вул.Таўлая, што знаходзіцца недалёка ад Маладзечанскага аўтавакзала:

Дом №5 на вул.Таўлая
Дом №5 на вул.Таўлая

Ён пабудаваны ў 1925 годзе па праекце архітэктара Юльяна Лісецкага для сем’яў афіцэраў Корпуса Аховы Памежжа і службоўцаў Маладзечанскай гміны. Гэта было ведамаснае жыллё вышэйшага класа. У доме знаходзілася 14 камфартабельных кватэр: 3 чатырохпакаёвыя, 3 трохпакаёвыя і 8 двухпакаёвых. У кожнай прадугледжваліся памяшканні для прыслугі і ўласнае каміннае ацяпленне.

Дом пабудаваны ў так званым «закапанскім стылі», модным сярод архітэктараў міжваеннай Польшчы. Лічылася, што гэты стыль найболш блізка перадае нацыянальныя рысы польскай архітэктуры.

Першапачаткова ў доме былі скразныя пад’езды, але пазней дзверы, якія выходзяць на бок вул.Таўлая,  замуравалі. Магчыма, зрабілі гэта ў паваенныя гады калі прасторныя кватэры польскіх службоўцаў былі пераўтвораны ў тыповыя савецкія «камуналкі».

У часы “перабудовы” жылыя памяшканні былі прыватызаваны і выкуплены. Так што зараз на кожнай пляцоўцы ў доме зноў па дзве кватэры.

Угары кожнай лесвічнай клеткі дома знаходзяцца дзверы, што вядуць да падстрэшша. Гэта адметная рыса ўсіх польскіх жылых пабудоў у Маладзечна — іх жыхары мелі магчымасць сушыць памытую бялізну ў прасторных памяшканнях гарышча.

Побач з домам знаходзіўся бетонны зброевы склад, дзе афіцэры і салдаты Корпуса Аховы Памежжа захоўвалі стрэльбы, якія выдавалася перад адпраўкай у рэйды да мяжы.

Былы склад зброі
Былы склад зброі

Сёння ў памяшканнях «збаёўні» захоўваюць свае скарбы сучасныя жыхары дома №5 па вул.Таўлая.

Дарэчы, Корпус Аховы Памежжа сам па сабе цікавая арганізацыя. Чыннікам яго стварэння ў 1924 годзе паслужыла напружанае крымінальнае становішча на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Ўкраіны. Памежнікі і мясцовая паліцыя не спраўляліся з наплывам банд, кантрабандыстаў, палітычных экстрэмістаў і савецкіх дыверсійных атрадаў, якімі кішэлі прымежныя рэгіёны ўсходу Другой Рэчы Паспалітай. Польскі ўрад пастанавіў заснаваць адмысловае ваенізаванае фармаванне для рашэння гэтых праблем. Створаны Корпус Аховы Памежжа падпарадкоўваўся адначасова Міністэрству ўнутраных спраў і Міністэрству Абароны Польскай Рэспублікі, асноўнай яго функцыяй была ахова ўсходняй мяжы. Акрамя таго, у абавязкі корпуса ўваходзіла навядзенне парадку на прымежнай тэрыторыі, а таксама крымінальны і нават палітычны вышук. Для утрымання пад вартай падазроных асобаў у вядзенні КАП мелася некалькі турмаў. Цікава, што набіралі на службу ў корпус толькі палякаў ці этнічных немцаў з заходніх раёнаў Польшчы.

Адна з турмаў КАП месцілася ў Маладзечна (вул. Лібава-Роменская, дом №69) недалёка ад жылога афіцэрскага дому. У савецкі час у гэтым непрыкметным будынку знаходзіўся занальны архіў, а зараз фонды краязнаўчага музея.

Ад кватэры да месца працы некаторым афіцэрам было менш пяці хвілін хады, як, зрэшты, і службоўцам Маладзечанскай польскай адміністрацыі.
Староства, дом і турма на аэрафотаздымку 1941-га года і на спадарожнікавым здымку 2006-га.

Маладзечанскае староства на старым фотаздымку з польскага нацыянальнага архіва.

Маладзечанскае староства
Маладзечанскае староства

Цяпер у гэтым будынку знаходзіцца падатковая інспекцыя.

Акрамя таго, палякамі ў Маладзечна актыўна ўзводзілася жыллё для афіцэрскага і падафіцэрскага (сержанцкага) складу рэгулярнага польскага войска. Дакладней, дамы будаваліся ў фальварку Гелянова, які толькі ў 1929 годзе быў далучаны да горада Маладзечна. У Гелянова з 1922-га года месціўся гарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскага. Адной з першых цагляных пабудоў гарнізона была двухпавярховы жылы дом на 12 кватэр для падафіцэраў і іх сем’яў. Вось ён на фотаздымках пачатку 1920-х гадоў.

Так дом №9 на вул.Чкалава выглядае сёння.

Дом №9 на вул.Чкалава
Дом №9 на вул.Чкалава
Дом №9 на вул.Чкалава
Дом №9 на вул.Чкалава

Гэта тыповая пабудова пачатка ХХ стагоддзя, спраектаваная па замове Міністэрства Абароны Польскай Рэспублікі. Дарэчы, у нормах праектавання жылля для вайскоўцаў таго часу гаварылася, што метраж двухпакаёвай кватэры для сем’яў падафіцэраў павінен складаць 55 кв.м. Акрамя таго, для кожнай сям’і ў доме павінна быць прадугледжана каморка на цокальным паверсе і месца на гарышчы для сушкі бялізны. У дадзеным будынку ўсе гэтыя патрабаванні былі выкананы.

Спуск у склеп у адным з пад’ездаў

Спуск у склеп
Спуск у склеп

Дзверы на гарышча.

Дзверы на гарышча
Дзверы на гарышча

Далей па вуліцы Чкалава знаходзіцца другі дом, пабудаваны па такім жа праекце, што і дом №9, але з некаторымі спрашчэннямі.

На пачатку 1930-х у Гелянова ўзвялі два аднолькавых 18-цікватэрных дома для афіцэраў ВП і іх сем’яў. Яны пабудаваны ў стылі функцыяналізму, які набіраў абароты ў Польшчы ў той час. Дамы размешчаны па абодва бакі сучаснай вул.Машэрава ў Маладзечна. Нажаль, арыгінальны экстэр’ер захаваўся да нашых дзён толькі ў аднаго з гэтых будынкаў.

Другі дом да дажынак перафарбавалі ў светла-ружовы колер.

Цікава, што цёмна-карычневая расфарбоўка характэрна для большасці жылых дамоў ваеннага ведамства, збудаваных у Польскай Рэспубліцы ў 30-я гады. Вось, напрыклад, дом для сем’яў афіцэраў у Варшаве (фота з Вікіпедыі).

Хутчэй за ўсё, маладзечанскія і варшаўскія афіцэрскія дамы збудаваны з аднаго і таго ж тыпу цэглы, які вырабляўся тады ў заходняй Польшчы. Наогул, як адзначана ў справаздачы Міністэрства Грамадзянскага Будаўніцтва Польскай Рэспублікі ад 1925 году, у Заходняй Беларусі ў той час назіраўся дэфіцыт будаўнічых матэрыялаў, напрыклад, да 90% ад агульнай колькасці цэглы былі прывазнымі.

Дамы па вул.Машэрава ў Маладзечна пабудаваны на аснове праекта архітэктара Ўладзіслава Палкоўскага, які ён прадставіў на конкурс Ваеннага жыллёвага фонду Войска Польскага.

Праекта архітэктара Ўладзіслава Палкоўскага
Праекта архітэктара Ўладзіслава Палкоўскага

Ад першапачатковага архітэктурнага праекту яны адрозніваюцца толькі адсутнасцю балконаў і дадатковым тэхнічным паверхам, замест гарышча з двухсхільным дахам.

На лесвічнай клетцы дома №2 па вул.Машэрава захавалася арыгінальнае аздабленне падлог і арыгінальныя аконныя рамы.

Тут таксама ёсць выхад да падстэшша.

Акрамя таго, на тэрыторыі былога польскага гарнізона ў Маладзечна захавалася некалькі аднатыпных васьмікватэрных дамоў.

Адзін дом такога ж тыпу захаваўся ў Залінейным раёне Маладзечна.

Фактычна, гэта былі першыя шматкватэрныя дамы ў Маладзечна. З большага польскае жыллё перажыло вайну і ў паваенны час складала значную частку захаванага кватэрнага фонду горада, аж да таго моманту, калі ў СССР пачалося масавае будаўніцтва панэльных дамоў.

Связанные статьи

Leave a Comment