Знішчэнне капліцы Аляксандра Неўскага ў 1938 годзе
Баіць ці не? Буду баіць.
Ноччу з 17 на 18 жніўня 1938 года, каля 1 гадзіны 50 хвілін, Маладзечна скалануў моцны выбух. Гук быў чутны ва ўсім горадзе, а ў некалькіх будынках пры вуліцы Пілсудскага выбіла вокны.
Была ўзарваная праваслаўная капліца Аляксандра Неўскага. Зарад дынаміту вагой больш як дзесяць кілаграмаў цалкам разваліў старыя муры. Капліца была збудаваная ў 1776 годзе як каталіцкая, пасля паўстання 1863 года царскія ўлады адабралі яе і аддалі праваслаўным.
У міжваеннай Заходняй Беларусі адносіны паміж праваслаўнай супольнасцю і польскай адміністрацыяй былі напружаныя. Але цэрквы ніхто яшчэ не ўзрываў. Грамадзянства блыталася ў здагадках, віленская газета “Słowo” (№231, 24 жніўня 1938 года) прысвяціла здарэнню ў Маладзечне першую паласу.
Урэшце, таямніца выйшла навонкі. 27 лютага 1939 года ў Віленскім Акруговым судзе пры зачыненых дзвярах была разгледжаная справа аб падрыве капліцы. Следства высветліла, што выбух арганізаваў каталіцкі святар Міхаіл Завадскі, капелан маладзечанскага вайсковага гарнізона.
Гэты святар раней служыў у грэка-каталіцкім абрадзе. Потым перайшоў на рымскі абрад. У Маладзечне ён заняўся “місіянерствам”, спрабаваў наварочваць праваслаўных у каталіцтва. За год да здарэння спрабаваў адабраць у праваслаўных тую самую капліцу.
Ксяндзу дапамагаў 32-гадовы Антоні Влодарчык, родам з-пад Познані, які працаваў ў Маладзечне на прапітцы хімікатамі чыгуначных шпалаў. Належаў да “Саюза Маладой Польшчы” – маладзёвай арганізацыі пры праўрадавым “Аб’яднанні нацыянальнага адзінства” (OZN). У 1932 годзе быў караны за крадзеж. Антоні заклаў выбухоўку пад капліцу. У акцыі ўдзельнічалі і “іншыя неўстаноўленыя асобы”, якіх следчыя ці то не знайшлі, ці то не стараліся шукаць.
Захопленыя поспехам, кс. Міхал Завадскі і Антоні Влодарчык уноч на 30 жніўня 1938 года ўзяліся руйнаваць яшчэ адну праваслаўную капліцу, пры вуліцы Сенкевіча. На гэты раз вырашылі дзейнічаць ціха – разваліць капліцу пры дапамозе 12-метровай вяроўкі, прычэпленай да грузавога аўтамабіля. Вось з гэтай вяроўкай Влодарчыка і арыштавалі паліцыянты.
Тое, што Влодарчык дзейнічаў “пад уплывам іншых асобаў”, суд палічыў за абставіны, якія змяншаюць віну. Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе аднаго года зняволення. У судовым выраку, які надрукавала газета “Słowo” (№58, 28 лютага 1939 года), нічога не сказана пра пакаранне ксяндза Завадскага. Атрымліваецца, што яго ніяк не пакаралі?
Праз дзесяць год імя ксяндза Міхала Завадскага ўсплыло ў Польшчы ў групе “ксяндзоў-патрыётаў”, якую падтрымлівалі камуністычныя спецслужбы, спадзеючыся зрабіць раскол у Касцёле. Пасля адной заявы, дзе ён паабяцаў служыць “найперш Польшчы, а потым Касцёлу”, духоўная ўлада забараніла яму выконваць святарскую службу.
Цікава? Распавядзі сябрам!
Аўтар: краязнаўца Кастусь Шыталь.