Што хацелі пабудаваць на месцы будучага ЗАГСа ў савецкія часы
У апошнія дні жыхары Маладзечна абмяркоўваюць праект новга будынка гарадскога ЗАГСа, які павінны паўстаць на месцы знесенай стаянкі на Цэнтральнай плошчы. Пакуль у райвыканкаме праходзіць грамадскае абмеркаванняў праекта, маладзечанскі краязнаўца Уладзімір Садоўскі ўзгадвае, што хацелі пабудаваць на месцы будучага ЗАГСа пасля вайны і чаму гэта не атрымалася.
Планы забудовы будучай Цэнтральнай плошчы ўзніклі ў пасляваенныя гады. Праўда, ёсць звесткі, што ўжо польскія ўлады ў канцы 1930-х гадоў планавалі засвоіць гэтую частку горада, але іхныя задумкі перакрэсліў верасень 1939-га. Так ці інакш, але ўжо ў генплане 1947 года Цэнтральная плошча была пазначана як новы адміністрацыйны цэнтр абласнога горада. Так, Маладзечна з 1944 да 1960 года мела статус абласнога цэнтра БССР, таму архітэктурныя праекты, створаныя ў гэты прамежак часу, у першую чаргу былі накіраваныя на тое, каб прывесці былы павятовы горад Маладзечна ў адпаведнасць з новым высокім статусам.
Цэнтральная плошча будавалася ў наўпростым сэнсе сярод чыстага поля, амаль што на сярэдзіне шляху паміж чыгуначнай станцыяй і раёнам былога фальварка Гелянова, дзе ў даваенныя часы размяшчаўся гарнізон Войска Польскага. Згодна з генпланам 1947 года на пляцоўцы адведзенай пад новы ЗАГС планавалася узвядзенне двух адміністрацыйных будынкаў, пазначаных на плане лічбамі 27 і 28. У тлумачэнні да генплана напісана, што пад нумарам 27 разумеецца будынак “дома судовых органаў”, па просту кажучы абласны суд, а 28 – гэта дом піянераў.
Я можна бачыць з вышіні нашага часу, далёка не ўсё запланаванае ў генплане 1947 года было здзейснена. Ні суд, ні дом піянераў, так і не былі пабудаваныя да таго моманту, калі ў 1956 годзе пачаў рабіцца новы генплан горада. Ужо паводле новых распрацовак на пустуючай пляцоўцы быў запланаваны вялікі будынак аблвыканкаму, пазначаны на генплане лічбай 5.
Згодна праекта гэта павінны быў быць тыповы для сярэдзіны 1950-х адміністрацыйны будынак у манументальным але даволі някідкім стылі, бо як раз ў 1955 годзе пачаў дзейнічаць вядомы хрушчоўскі загад у галіне спрашчэння савецкай архітэктуры, вядомы ў шырокіх колах, як “загад аб скасаванні архітэктурных празмернасцяў”. Дарэчы, вельмі падобны будынак пабудавалі ў Мінску у якасці аблвыканкаму Мінскай вобласці.
Як і папярэдні, генплан Маладзечна 1956 года не быў рэалізаваны цалкам. І адной з галоўных перашкодаў на шляху яго выкання хутчэй за ўсё стала страта горадам Маладзечна статуса абласнога цэнтра. У 1960-м годзе па загаду Хрушчова ў рэспубліках Савецкага Саюза было праведзена ўзбуйненне адміністрацыйных адзінак, у выніку каторага Маладзечанская вобласць была зліквідаваная – яе раёны былі падзелены паміж трыма суседнімі абласцямі: Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай. На фотаздымку Цэнтральнай плошчы 1959 года, які на днях знайшоўся ў фондах Музейна-выставачнага цэнтра расійскага горада Находка, можна пабачыць, што пляцоўка пад будучы адлвыканкам была агарожана і на ёй нават пачаліся земляныя работы. Але, відаць, пасля скасавання вобласці патрэба ў такім вялікім будынку адпала і працы былі спыненыя.
Да нашага часу незабудаваная пляцоўка ў самым цэнтры горада ператварылся фактычна ў прахадную пустку. На фотаздымках савецкіх часоў можна пабачыць, як падчас свят на плошчы непрывабную пустую пляцоўку закрывалі ад гледачоў шэрагам сцягоў ці плакатаў. У часы незалежнай Беларусі від на пустку перакрыў шэраг прыватных крам і агарожаная стаянка, але зусім нядаўна ўсё гэта было знесена пад патрэбы новага будаўніцтва.
Цікава, што ў 1980-я гады пры стварэнні новага генплана цэнтральнай часкі Маладзечна, на месцы пусткі планаваўся быдынак аддалена вельмі падобны на цяперашні праект ЗАГСа. На жаль, у мяне пакуль няма інфармацыі пра тое якое прызначэнне меў гэты будынак на мекеце, але цалкам можа быць, што цяперашні праект можа быць працягам ідэй 1980-х гадоў.
Аўтар: Уладзімір Садоўскі.