Архітэктура Горад За польскім часам 

Статуя Свабоды над Гелянова: аналіз фотаздымка трыумфальнай аркі 1930 года

Толькі я запосціў падборку ўсіх фотак геляноўскай аркі, якія ў мяне ёсць, як на сайце польскага лічбавага архіву з’явілася новая вельмі якасная фотка. Сама выява вядомая, яна ёсць у маёй падборцы (я браў яе з адной кнігі), але якасць выкладзенай на польскім сайце копіі нашмат лепшая і дазваляе разглядзець новыя дэталі, якія я раней не заўважаў.

Фотка ў вялікім памеры.

Фотка зроблена ў чэрвені 1930 года падчас візіту ў Маладзечна прэзідэнта Польскай Рэспублікі Ігнацыя Масціцкага. У гарнізоне 86-га пяхотнага палка Войска Польскага, які знаходзіўся ў Гелянова. З гэтай нагоды ў палку арганізавалі святочную сустрэчу прэзідэнскай аўтакалоны, што і выяўлена на фота. Трыумфальная арка, пабудаваная годам раней, абазначала парадны ўезд на тэрыторыю гарнізона.

Пры павелічэнні здымка праз праём аркі можна пабачыць дарогу да чыгуначнай станцыі (цяпер вуліца Машэрава) з упрыгожанымі слупамі лініі электраперадач і забудову былой вёскі Бухаўшчына, якая ў 1929 ўвайшла ў склад горада Маладзечна. Дамы, што знаходзіліся бліжэй да аркі  — гэта відаць тыя хаты, што стаялі ў парку насупраць Белтэлекаму ў «Зялёным гарадку» да канца 2000-х. Таксама ўдалечыні можна пабачыць вадацяжную вежу, што стаяла недалёка ад вакзала (пазначана стрэлачкай):


Гэтая вежа бачна і на аэрафотаздымку 1941 года (можна адрозніць па доўгаму ценю). На здымку 1944 года вежа ўжо разбураная.

1941 год
1944 год

Старая, яшчэ царская тыповая вадацяжная вежа была знішчана падчас Першай сусветнай і Савецка-польскай войнаў. Па ўсяму выходзіць, што вежа са здымка 1930 года была пабудаваная палякамі пасля 1921 года па ўзору іншых падобных аб’ектаў Віленскай чыгункі.  Такім чынам вадацяжная вежа — гэта яшчэ адзін аб’ект міжваеннай архітэктуры Маладзечна, пра які я раней ня ведаў.

Старая вадацяжная вежа на здымку 1906 года.
Рэшткі маладзечанскага вакзала і знішчаная вежа на фота 1921 года.
Вадацяжнае вежа пабудаваная ў 1920-я гады на станцыі Ваўкавыск. Магчыма, такі самы выгляд мела і маладзечанская вежа («прыжыццёвых» яе здымкаў я пакуль не знайшоў).

Але вернемся да здымка 1930 года. На слупах аркі можна пабачыць чорныя (гранітныя?) пліты, на якіх па ўсяму выведзены імёны жаўнераў Мінскага стралецкага палка (які потым стаў 86 пяхотным палком Войска Польскага), якія загінулі падчас Савецка-польскай вайны. Гэтыя пліты былі знішчаны ў 1939 годзе і іх дакладны змест пакуль невядомы:


На вяршыне аркі можна пабачыць статую жанчыны ў тозе і з факелам у руцэ. Гэты вобраз вельмі падобны на знакамітую статую Свабоды ў ЗША, але маладзечанская «Свабода» акрамя факелу, трымала ў іншай руцэ меч, а не кнігу, што бачна на фота аркі, якое зроблена з адваротнага боку:

Статуя з тыльнага боку.
Статуя з параднага боку.

Гэтая статуя прастаяла на арцы нядоўга. На здымках аркі пасля 1933 года яе ўжо няма, а на яе месцы ўсталяваны флагшток, які заставаўся там ажно да моманту зноса аркі ў пачатку 1960-х. Магчыма статуя была зроблена з недоўгатрывалых матэр’ялаў (гіпсу) і за некалькі гадоў пад адкрытым небам разбурылася.

Пад статуяй на здымку 1930 года дзякуючы добрай якасці фота можна ўважліва разгледзець капліцу, якая размяшчалася ў арцы і з якой святары праводзілі набажэнствы падчас палкавых урачыстасцяў. На дадзеным фота можна пабачыць святара высокага сану, магчыма, епіскапа, які ,відаць, таксама наведаў Гелянова з нагоды візіту прэзідэнта.


Пад вакном капліцы змешчана цытата з польскай рэлігійнай песні-малітвы, прысвечанай святой Марыі:

Ochromiałym podaj rękę,
Niewytrwałym skracaj mękę,
Twe Królestwo weź w porękę,
O Mario!

Як пішуць на старонцы гэтай песьні на сайце лічбавай бібліятэкі польскіх песень — яна была папулярнай сярод жаўнераў польскіх легіёнаў у 1914-1917 гадах.

За каланадай у правай часцы аркі ўдалечыні можна пабачыць даволі вялікі масіў дрэваў. Хутчэй за ўсё гэта буйныя зарасці, што разрасліся уздоўж рэчкі Бухаўкі, якая праходзіла па тэрыторыі цяперашняга палаца культуры.

Вялікія дрэвы на гарызонце за калонамі.
Зарасці дрэваў на аэрафота 1941 года і на сучасным гугл-здымку.

Яшчэ, дзякуючы гэтаму здымку 1930 года, можна ацаніць дэкор самой аркі, якім ён быў нядоўга пасля яе пабудовы.

Ляпніна і пілястры.
Зноў ляпніна і статуя ў нішы.

Да канца 1950-х ад гэтай ляпніны і статуй амаль нічога не засталося.

Арка на фота канца 1950-х.

Такім чынам, дзякуючы аднаму здымку, адсканаванаму ў надзвычай добрай якасці, можна шмат чаго сказаць пра выгляд горада Маладзечна напачатку 1930-х гадоў і зрабіць некалькі краязнаўчых адкрыццяў.

Напаследак імправізаваны групавы здымак маладзечанскіх дзетак школьнага узросту разам з іх настаўніцамі, якіх, відаць, сабралі сустракаць прэзідэнта кветкамі.

Група маладых маладзечанцаў сустракае прэзідэнта.

Падобныя артыкулы

Leave a Comment