Трыумфальная арка ў Маладзечне, 30 фота
Спачатку невялікая гістарычная даведка пра арку.
У 1929 годзе мястэчку Маладзечна быў дадзены статус горада. Адміністрацыйныя межы паселішча былі пашыраны і ў іх увайшла ў тым ліку і тэрыторыя фальварка Гелянова, дзе з 1922 года месціўся гарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскага. У тым жа годзе на паўночным уездзе ў гарнізон была ўзведзена трыумфальная арка, прысвечаная тагачаснаму кіраўніку Другой Рэчы Паспалітай Юзафу Пілсудскаму. Адкрыццё аркі адбылося падчас урачыстасцяў, прысвечаных святкаванню дзесяцігодзя 86-га пяхотнага палка. Полк быў створаны ў 1919 годзе і ўваходзіў у склад так званых сіл «Самаабароны Літвы і Беларусі» пад назвай «Мінскі стральцовы полк». Полк адзначыўся ўдзелам у Варшаўскай бітве 1920 года.
Трыумфальная арка была ўпрыгожана шматлікімі барэльефамі, статуямі рыцараў і львоў. На вяршыні аркі спачатку была пастаўлена статуя, але праз некалькі год па нявысветленых пакуль што прычынах яе замянілі на флагшток. У верхнім аб’ёме аркі знаходзілася невялікая капліца, адкуль палкавы капелан бласлаўляў жаўнераў падчас вайсковых урачыстасцяў (ёсць меркаванне, што ў той капліцы размяшчаўся звон, які нядаўна быў абнаружаны на даху будынка № 16 на прашп. Незалежнасці ў Мінску, выраблены той звон як раз у 1929 годзе ў ліцейні братоў Фельчынскіх у Калушы і прысвечаны «Мінскаму стральцоваму палку»). Вось як арку ўспрымалі сучаснікі. Урывак з дзённіка сяржанта Войска Польскага Вітавецкага, які ў 1939 годзе так апісваў знакамітую маладзечанскую трыумфальную арку: «Dojeżdżamy do koszar, a raczej wojskowego osiedla, do którego wchodzi się przez coś na kształt ciężkiego, niegustownego łuku triumfalnego w szarym kolorze. Wejście to zwie się Bramą Mińska, zapewne dla podkreślenia naszych zapędów do tego miasta, którego łuny co wieczór rozpalają się na wschodniej stronie nieba.» (пераклад: «Мы даехалі да казармаў, а дакладней цэлага ваеннага гарадка, уваход у які ішоў праз нешта накшталт грувасткай і безгустоўнай трыумфальнай аркі пафарбаванай шэрым. Уваход гэты завецца Мінскай Брамай, відаць, для падкрэслення нашых памкненняў да таго горада, агні якога штовечар запаляюцца на ўсходнім баку неба»):
Напрыканцы 1939 года Маладзечна, як і іншыя гарады Заходняй Беларусі, было ўключана ў склад БССР. На першых парах новыя ўлады абмежаваліся толькі пазбаўленнем аркі ад яе «польскага мінулага»: статуі рыцараў і львоў былі дэмантаваны, разбіты ўсе ўшанавальныя надпісы і барэльефы ў гонар Войска Польскага, саму арку зносіць не сталі. Перажыла яна і вайну.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў у 1944 годзе была ўтворана Маладзечанская вобласць. Горад пачаў развівацца і пашыраць тэрыторыю, адміністрацыйны цэнтр Маладзечна быў перанесены з плошчы Свабоды (цяпер плошча Старое Месца) на новапабудаваную плошчу Леніна (цяпер Цэнтральная) з будынкам аблвыканкама і абкама партыі (установы праіснавалі да 1960 года, калі Маладзечанская вобласць была скасавана). Гелянова, якое раней было далёкім ускрайкам Маладзечна, стала значна бліжэй да новага цэнтра.
У 1954 годзе на тэрыторыі Гелянова была заснавана мэблявая фабрыка, частка цэхоў якой першапачаткова размясцілася ў пабудовах былога вайсковага гарнізона. У канцы 1950-х была пракладзена прамая дарога Маладзечна-Валожын (Р56), у сувязі з гэтым узмацніўся рух па вуліцы Машэрава ў Маладзечна. Арка стала перашкодай, бо праз вялікі праём мог праехаць толькі адзін аўтамабіль. Улады не сталі замарочвацца ўладкаваннем дарожнага кальца вакол аркі і ў пачатку 1960-х міжваеннае збудаванне было проста знесена.
А цяпер фоткі аркі з маёй электроннай калекцыі, размеркаваныя, па магчымасці, у храналагічным парадку.
Перыяд: 1929-1941.
Перыяд: 1941-1944 (на жаль здымкаў аркі часоў акупацыі вельмі мала).
Перыяд: 1944-пачатак 1960-х.