БССР 1960-1991 Было/Стала Горад Маладзечанская вобласць Помнікі 

Застаўся толькі адзін: пералік усіх помнікаў Леніну, што былі ў Маладзечне

Гісторыю з помнікамі Леніну ў Маладзечна можна апісаць слоганам да знакамітага серыяла «Горац» — «У канцы павінны застацца толькі адзін!». Так і адбылося, з усіх статуй правадыру, што знаходзіліся ў горадзе, да нашага часу засталася толькі адна, тая што на Цэнтральнай плошчы. З гэтага Леніна і пачнем расказ:

Помнік Леніну на Цэнтральнай плошчы тады яшчэ абласнога цэнтра Маладзечна ўсталявалі і святочна адчынілі 5 лістапада 1958 года. Момант адкрыцця манумента захаваўся на кадрах кінахронікі:

Кадр з кінахронікі 1958 года.
Святочны мітынг на Цэнтральнай плошчы (фота з фондаў МВЦ г.Находка).

Бронзавая скульптура аўтарства народнага мастака БССР Заіра Азгура была ўсталяваная на высокім п’едэстале, абліцаваным чорным мармурам. Помнік быў змешчаны каля ўвахода ў Дом Саветаў (ён жа аблвыканкам). Гэты пафасны будынак пасля ліквідавання Маладзечанскай вобласці ў 1960-м годзе быў перададзены палітэхнічнаму тэхнікуму:

Кадр з кінахронікі 1958 года.

У пачатку 1990-х, калі па горадзе прайшла хваля знакавых перайменаванняў вуліц і плошчаў з мэтай іх дэсаветызацыі, мясцовымі ўладамі ставілася пытанне і аб дэмантажы помніка. Тады Леніна выратаваў статус культурнай каштоўнасці дзяржаўнага значэння:

Фота плошчы з брашуры 1974 года.

У наш час пра дэмантаж ужо нічога і не кажуць. Ленін стаіць дзе стаяў, і як можа стараецца ўпісацца ў сучасны свет і атачэнне — на цёплых ў сонечныя дні мармуровых плітах пастамента любяць адпачываць студэнты, а пляцоўку каля помніка аблюбавалі скейтэры і BMX-роварысты.

Помнік на Цэнтральнай плошчы, быў не першым помнікам правадыру пралетарыята ў Маладзечна. У сярэдзіне 1950-х невялая гіпсавая статуя Леніна з’явілася перад маладзечанскай гасцініцай (былы будынак польскага староства 1927 года пабудовы) недалёка ад аўтавакзала:

У пачатку 1990-х помнік ад гасцініцы перанеслі да сярэняй школы №9 ў залінейны раён Маладзечна.

Там ён пратрымаўся не доўга і да нашага часу знік. На фота фасад СШ №9 (я па шчырасці нават і не ведаю дзе стаяў тут помнік):

Яшчэ адзін паўнароставы помнік Леніну стаяў у парку Перамогі каля ўвахода з боку раёна Гелянова.

Уваход у парк напачатку 1960-х.

Гэта была гіпсавая копія помніка Заіра Азгура з Цэнтральнай плошчы, праўда з’явалася яна ў парку раней за 1958 год (фота з маладзечанскай суполкі ў «Аднакласніках», дарэчы, там вельмі багаты фотаальбом старых здымкаў горада):

Парк Перамогі ў 1950-я. Пасажаныя ў 1946 годзе дрэвы яшчэ малыя, а Ленін яшчэ белы:

Фота гэтага ж помніка з 1980-х. Дрэвы выраслі, Леніна пафарбавалі:

У пачатку 1990-х Леніна з парка перанеслі да СШ №10 на вул. Б.Хмяльніцкага. Некаторы час месца Леніна пуставала, але ў 2000-я тут з’явіўся помнік воінам-інтэрнацыяналістам. Перад «дажынкамі» на пляцоўку за мемарыяльным камянём аўганцам ад вуліцы Вялікі Гасцінец перабраўся шматпакутны помнік «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі», які першапачаткова быў усталяваны на Цэнтральнай плошчы:

Каля 10-й гімназіі Ленін прастаяў не доўга. У 2000-я пашарпаны гіпсавы помнік адправілі на рамонт з якога той ужо не вярнуўся. Ленін стаяў перад галоўным уваходам у гімназію, цяпер месца пастамента закладзена пліткай:

Кадр з відэа 2004 года на якім яшчэ бачны пастамент ад помніка.
Сучасны выгляд.

UPD. З падказкі Валерыя Трацяка даведаўся, што бюст Леніна стаяў у двары сярэдняй школы №8, што добра бачна на паштоўцы 1988 года:

Школа №8

На гэтым можна было б і закончыць, але акрамя помнікаў Леніну было у Маладзечна яшчэ адно месца з выявай правадыра — дошка гонару на вуліцы Прытыкага каля кінатэатра «Радзіма». Усталяваная тут у 1950-я яна змяшчала два барыльефы і цытаты з Маркса і Леніна. Дошка да нашага часу не захавалася, а яе сучасны аналаг знаходзіцца каля Маладзечанскага палаца культуры:

Падобныя артыкулы

Leave a Comment