Маладзечна на карце 1800 года
На сайце Гістарычныя мапы Беларусі размешчаны скан Планаў генеральнага межавання Вілейскага павета Мінскай губерні 1800 года. Маладзечна ў той час было мястэчкам у складзе Вілейскага павета і трапіла на гэтую карту разам з навакольнымі вёскамі, якія ў наш час ужо вайшлі ў склад горада: Бухаўшчына, Вялікае Сяло, фальварак Гелянова. Але ёсць сярод назваў і незнаёмыя вёскі якія альбо таксама ўжо ўвайшлі ў склад горада, альбо зніклі, альбо былі нанесены картографам памылкова: Распшчызна, Харомшчына (абедзве прыкладна ў раёне 6-га мікрараёна), Саколіца (паміж Насілавам і Маладзечнам).
Таксама цікава пабачыць на карце трохі іншую назву вёскі Бухаўшчына, якая зараз часткова захавалася ў цэнтры горада ўздоўж вуліцы Бухаўшчына. На плане 1800 года яна названа як «Обуховщизна» — цікава, гэта сапраўды першасная назва вёскі, ад якой потым адвалілася першая літара, ці гэта памылка расійскага картографа, які не так пачуў назву і вырашыў утварыць яе ад слова «обух»?
Цяпер лічыцца, што назва вёскі Бухаўшчына ўтворана ад назвы прытока Ушы, рэкі Бухаўка, што працякала праз вёску, але ж на плане 1800 года гэтая рэчка пазначана безыменнай. Калі сапраўды этымалогія назвы вёскі паходзіць ад слова «Обух»/»Абух», а не ад рэчкі — то тады гэта будзе маленькае краязнаўчае адкрыццё.
Цікава, што «Маладзечна» напісана праз яць: Молодѣчно. Пошук па Гуглакнігах паказцвае, што звычайна пісалі-такі праз Е (Молодечно).
Так што, напэўна, і «Молодѣчно», и «Обуховщизна» — памылкі.
наконт «Обуховщизны/Буховщизны» іншы наш краязнаўца Іван Мікалаеў не адрынае такой версіі тым больш што назва такая ў нашых крях была распаўсюджана — прыкладам і зараз у Валожныскім раёне ёсць Абухоўшчына