Гісторыя гарнізоннага касцёла ў Маладзечне
Пра тое, што ў Маладзечне ў 1930-я быў пабудаваны новы касцёл я даведаўся гадоў 15 таму. Пра яго расказываў мой дзядуля Раман Хацяловіч, які ў 1954 годзе ў першы раз прыехаў у Маладзечна і бачыў гэты касёл у закінутым стане. Доўгі час не ўдавалася знайсці ніводнай выявы касцёла з зямлі — яго можна было пабачыць толькі з вышыні на нямецкіх аэрафотаздымках 1941 і 1944 гадоў і на геападаснове савецкага генплана 1954 года. Гэтыя выявы не давалі поўнага ўяўлення пра знешні выгляд будынка, але па іх можна было зразумець, што касцёл меў рысы незавершанасці — часткі сцен, якія стаялі асобна ад асноўнага аб’ёму, контур падмуркаў, які быў большы за сам будынак і т.п.
І вось на пачатку новага 2024 года, падчас пошука ў інтэрнэце ў архіве прададзеных лотаў польскага інтэрнэт-аўкцыёна, я натыкнуўся на першую выяву гэтага касцёла. Як стала вядома з подпіса да фота, група польскіх жаўнераў у 1937 годзе знаходзілася на вакацыях у Маладзечне і вырашыла сфатаграфавацца на фоне храма.
За першай, мабыць, згодна з «законам парных выпадкаў», хутка знайшлася і другая выява — у сямейным архіве аднакласніцы аказалася некалькі міжваенных фотаздымкаў Маладзечна і на адным з іх можна было пабачыць частку касцёла на заднім плане.
І вось зусім нядаўна знайшоўся новы фотаракурс на будынак касцёла. У кнізе польскага пісьменніка і журналіста Мельхіора Ваньковіча (ураджэнца Міншчыны, з роду тых самых Ваньковічаў, чый дом-музей ёсць у Мінску) «Anoda-katoda. Tom 1. Było to dawno», выдадзенай у 1986 годзе, знайшлася выява дзіўнага незавершанага касцёлу без пазначэння месца, дзе было зроблена фота. Апазнаць у гэтым будынку маладзечанскі гарнізонны касцёл ўдалося дзякуючы папярэдне знойдзеным фотаздымкам,.
Такім чынам, маючы гэтыя выявы гарнізоннага касцёла, цяпер можна скласці поўную карціну таго, як выглядаў гэты будынак і распавесці гісторыю яго кароткага жыцця.
Варта адзначыць, што ў 1920-я гады ў Маладзечне не было паўнавартаснага асобнага будынка касцёла, стары касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі згарэў у 1823 годзе, а новы з таго часу так і не пабудавалі. Існавала невялікая каталіцкая капліца пры былым кляштары трынітарыяў на Замкавай вуліцы. Царскія ўлады пасля паўстання 1863 года перарабілі яе на праваслаўную, а палякі пасля завяршэння Савецка-Польскай вайны 1919-1920 гадоў зноў вярнулі каталікам. Але будынак там быў малы і да таго ж прыбудаваны да навучальнай установы — у былым кляштары ў міжваенны час знаходзілася гімназія імя Тамаша Зана. Падрабязней пра гісторыю кляштара і касцёла трынітарыяў можна пачытаць на сайце маладзечанскага касцёла св.Піо.
Пытанне аб пабудове вялікага асобнага касцёла вісела ў паветры. Першыя згадкі пра такую пабудову ўдалося знайсці ў польскай прэсе 1933 года. У віленскай газеце «Kurier Wileński» №95 ад 11 красавіка 1933 года пісалася (пераклад на беларускую мову і арыгінал):
«Маладзечна.
Будова касцёла.
У Маладзечне прыступілі да пабудовы гарнізоннага касцёла.
Касцёл павінны быць пабудаваны ў бягучым годзе, калі хопіць на тое сродкаў.
Камітэт пабудовы святыні прымае любыя ахвяраванні на будоўлю.»
Цікава, што месца для размяшчэння гарнізоннага касцёла сустракаецца яшчэ раней — яно пазначана на генеральным плане разбудовы новых раёнаў горада 1931 года (план знаходзіцца ў Літоўскім Дзяржаўным архіве, рэквізіты: LCVA, Ф.154, воп.1, спр.2681). Сярод іншага генплан прадуглежваў стварэнне ў раёне былой вёскі Бухаўшчына (у 1929-м годзе уключана ў склад горада Маладзечна) сеткі новых вуліц, двух плошчаў — рынкавай і касцельнай, а таксама новага скверу каля касцёла.
Як бачна на аэрафотаздымку 1941 года, гэтыя планы не былі рэалізаваны у поўнай меры.
2 мая 1935 газета «Kurier Wileński» №118 змясціла зацемку з больш падрабязнымі абставінамі будаўніцтва гарнізоннага касцёла (пераклад на беларускую мову і арыгінал):
«Маладзечна.
Будова гарнізоннага касцёла.
На пяшчаным пагорку у 1,5 км ад Гелянова і 2 км ад м.Маладзечна [тут фактычная памылка,
Маладзечна ў 1935 годзе ўжо мела статус горада і ўзгаданая тэрыторыя таксама была ў
рысе горада] узведзены гарнізонны касцёл. Касцёл паўстаў з ініцыятывы палкоўніка
Бацяньскага і ксяндза-капелана Маляўскага. Зямлю пад касцёл ахвяраваў пан
Ёзаф Тышкевіч. Першыя ахвяраванні на закладку падмуркаў паступілі з
дабраахвотных унёскаў афіцэрскіх і падафіцэрскіх сем’яў,
чыгуначнікаў і ўсёй грамадскасці.
Зараз касцёл мураваны толькі ў нязначнай часцы. З прычыны раптоўнай неабходнасці,
справамі ксяндза-капелана Міхала Завадскага і пры матэр’яльнай дапамозе
палкоўніка Вятра, узведзена часовая прыбудоўка. Набажэнствы, якія там адбываюцца,
даказваюць вялікую запатрабаванасць у паўнавартасным касцёле, бо прыбудоўка
не можа змясціць усіх вернікаў.
Далейшая разбудова касцёла павінна распачацца пасля атрымання субсідыі ад Вайсковага
Міністэрства, бо грамадскасць м.Маладзечна не ў стане завяршыць будову ўласнымі сіламі.»
Як кажуць — няма больш трывалага, чым часовае — так атрымалася і з гарнізонным касцёлам. Невялікая драўляная прыбудова да мураванай апсіды касцёла аказалася апошняй грунтоўнай зменай у знешнім выглядзе будынка. Менавіта ў гэтай «прыбудоўцы» 18 мая 1935 годзе адбылася жалобная імша на дзень пахавання маршалка Юзафа Пілсудскага. Як пісала газета «Kurier Wileński» №137 1935, на жалобу сабралося так шмат людзей, што казанне ксяндза-капелана Завадскага змаглі пачуць толькі тыя, хто стаяў блізка да касцёлу. У тым жа 1935 годзе ў гарнізонным касцёле праходзіла святочная імша з нагоды Дня незалежнасці Польшчы 11 лістапада 1935 года. «Kurier Wileński» №112 з той нагоды пісаў, што перад касёлам праходзіў парад войск 86 пяхотнага палка, які завяршыўся выступам каменданта гарнізона палкоўніка Вятра.
Дарэчы, напэўна як раз для такіх мэтаў — для вайсковых парадаў і гарадскіх урачыстасцяў — планавалася перад касцёлам арганізаваць плошчу і правесці вуліцу паралельна лініі фасада будынка, што было адзначана, як ў генплане 1931 года, так і на карце 1938 года, на якой чырвоным пункцірам пазначаны перспектыўныя вуліцы і плошчы. Як можна было пабачыць вышэй, гэтыя планы не здзейсніліся і ніводная з запраектавааных вуліц так і не з’явілася ў сучаснай планіроўцы горада.
Стан «прыбудоўкі» задавальняў далёка не ўсіх і нейкія рухі ў бок пабудовы паўнавартаснага мураванага касцёла рабіліся. Так напрыканцы 1937 года камісія па пабудове касцёла рабіла справаздачу пра атрыманне значных сродкаў на яго адбудову. Вось што пісаў «Kurier Wileński» на гэтую тэму ў 333-м нумары ад 2 снежня 1937 года (пераклад на беларускую мову і арыгінал):
«Маладзечна.
Будова гарнізоннага касцёла.
1-га дня бягучага месяца адбылося ў вайсковай плябаніі ў Маладзечне сабранне Камітэту
Пабудовы Гарнізоннага Касцёла пад кіраўніцтвам старасты Казіміра Пратасевіча.
Ксёндз-капелан Завадскі праінфармаваў сабранне, што ад устаноў і прыватных асоб паступіла
на рахунак 1 760 злотых. Камітэт склаў прашэнні да Гаспадарчага краёвага банку ў Варшаве
і Фонду працы ў Вільні аб субсідыі. Кіраўнік будаўнічай секцыі падпалкоўнік Уладыслаў Міхальскі
атрымаў у Вайсковым міністэрстве 20 000 злотых і ажыццяўляе з дапамогай інжынера
Ёўандта з Варшавы пераробку планаў мураванага касцёла. Камітэт, улічваючы ужо выкананыя
працы па ўзвядзенню падмуркаў на суму 23 000 злотых разам з субсідыяй Вайсковага
міністэрства, а таксама разлічваючы на дапамогу Гаспадарчага банку і Фонда працы,
а таксама на прыхільнасць будаўнічых фірм «Гедройць» і «Мэнэс», якія выконвалі работы
у Маладзечне для войска — пастанавіў прыступіць наступнай вясной
да будовы мураванага гарнізоннага касцёла, адсутнасць каторага
адчувальная, як для войска, так і для польскай грамадскасці.»
Ці былі атрыманы дадатковыя субсідыі і ці пачалося будаўніцтва ў 1938 годзе яшчэ трэба будзе даведацца, але факт у тым, што да пачатку Другой Сусветнай вайны ў верасні 1939 гарнізонны касцёл так і не быў дабудаваны.
Дарэчы, згаданы неаднаразова вышэй ксёндз-капелан 86 пяхотнага палка Міхал Завадскі быў даволі дзіўнай, калі не казаць злавеснай, асобай. Судзячы па ягоных дзеяннях ён лічыў сябе місіянерам і ставіў на мэту татальнае акаталічванне мясцовага праваслаўнага насельніцтва. У згаданай вышэй кнізе Мельхіора Ваньковіча «Anoda-katoda», расказваецца пра выпадак, калі капелан Завадскі падгаварыў селяніна за пяць капцоў ячменя перахрысціцца з праваслаўя ў каталіцызм. Зрэшты, практыкаваў капелан і іншыя метады. У жніўні 1938 года Маладзечна ускалыхнула ў прамым і пераносным сэнсе навіна пра падрыў праваслаўнай капліцы імя Аляксандра Неўскага, якая знаходзілася на цэнтральнай вуліцы Пілсудскага. Пра гэты выпадак ужо ёсць матэр’ял на сайце, але калі казаць коратка, то вайсковы капелан скарыстаўся сваім службовым становішчам, здабыў выбухоўку ў палку і падгаварыў знаёмага чальца маладзёвай рэлігійнай арганізацыі «Саюза Маладой Польшчы» Антонія Влодарчыка падарваць ненавісную капліцу (якую ксёндз ужо спрабаваў адабраць у праваслаўных адміністрацыйнымі метадамі). Першапачаткова ўсе думалі, што падрыў здзейсніла бальшавіцкае падполле, але ў лютым 1939 года падчас суда ў Вільні стала вядома, што арганізатарам выбуха быў капелан Завадскі. Зрэшты, з прэсы не было зразумела, ці быў пакараны сам ксёндз, падрыўнік Влодарчык атрымаў год зняволення.
Хто ведае, можа як раз гэты выпадак і стаў прычынай таго, што гарнізонны касцёл не быў дабудаваны да канца.
Таксама мне невядома і тое, як склаўся лёс касцёла пры савецкай уладзе, калі Маладзечна пасля вызвалення Заходняй Беларусі было далучана да БССР. Невядома ці працаваў касцёл ў нямецкую акупацыю. Адзінае, што можна сказаць дакладна, гэта тое, што будынак не пацярпеў ні ў 1941-м годзе, пры захопе горада немцамі, ні ў 1944-м, калі Маладзечна было вызвалена Чырвонай Арміяй. Гэта добра бачна на аэрафотаздымках, прыведзеных вышэй — за прамежак часу паміж здымкамі заўважных пашкоджанняў на будынку не з’явілася, а тэрыторыя вакол яго амаль не змянілася.
Што стала з гарнізонным касцёлам пасля вайны і калі ён быў разбураны таксама дакладна не вядома. З успамінаў майго дзядулі, якія я прыводзіў вышэй, можна зразумець, што ў 1954 годзе будынак ужо быў закінуты. Але ў каментарах на фэйсбуку да майго допісу з першым знойдзеным фотаздымкам касцёла, Ірына Такарская напісала, што ў 1958 годзе яе хрысцілі ў гэтым касцёле.
Ірына Шатыронак там жа ў каментарах згадвала: «Я помню этот костел, в 1963г. Мне девять лет, начальные классы школа №7. Мы ходили после уроков путанными дорожками, обязательно надо было пройти мимо костела, довольно мрачное место, но оно притягивало, ходили разные слухи про клады. Ребята постарше лазили через разбитые окна, было высоко, внутри уже был хлам, груды мусора, летали голуби, но обязательно кто-нибудь возвращался с какой-то мелкой добычей — осколки цветных стеклышек, бумажные цветы, ленточки, граненая крышка от флакончика…»
Іншыя каментатары пісалі, што будынак яшчэ часткова захоўваўся да канца 1960-х, пачатку 1970-х. Ірына Ганецкая ўзгадвала: «У 1970-я гады яшчэ з зямлі нейкія рэшткі падмуркаў яго былі бачныя. Мне мама казала, што тут быў касцёл.»
Так ці інакш рэшткі гарнізоннага касцёла дакладна зніклі ў той час, калі практычна на месцы храма напрыканцы 1970-х быў пабудоаваны новы будынак гарадскога суда, які знаходзіцца па адрасе Партызанская вуліца, дом 5. На спдарожнікавым здымку Маладзечна 1972 года можна пабачыць, што у той час тэрыторыя былога касцёла яшчэ захоўвала свой арыгінальны выгляд (квадратная форма, высадка дрэваў па перыметру) і можна нават разабраць лінію падмуркаў касцёла (ад самой пабудовы тады, мабыць, ужо нічога не засталося). На здымку ж 1979 года на месцы касцёла ўжо новы будынак суда.
Контур былога касцёла на сучасным спадарожнікавым здымку горада выглядае так:
Такім чынам ў 2024 годзе адной краязнаўчай загадкай для мяне стала менш. Але засталіся іншыя: дагэтуль не знойдзена фотаздымкаў 13-мятровага бетоннага помніка-крыжа, які стаяў у раёне цяперашняй Цэнтральнай плошчы з 1937 па сярэдзіну 1950-х гадоў. Яшчэ мне хацелася б знайсці «прыжыццёвыя» фотаздымкі 1930-х-1960-х былой «сберкассы» (пабудавана пры паляках, як офіс страхавой кампаніі), што стаяла на рагу Прытыцкага і Грамадоўскай, бо маю толькі яе познія здымкі 1990-х, з часу калі будынак ужо быў моцна перабудаваны.