Раён Гелянова: забудова 1950-х
Першая хваля масавага тыповага будаўніцтва жылых дамоў пракацілася па СССР пасля вайны на пачатку 1950-х гадоў. Пэўныя спробы тыповага будаўніцтва ажыццяўляліся ў Савецкім Саюзе і да вайны, можна узгадаць тыя ж ДАСы — дамы афіцэрскага састава, аднолькавыя чатырохпавярховікі канца 1930-х можна пабачыць і ў Мінску, і ў Гомелі, і ў Віцебску. Але такое будаўніцтва не мела масавага характару, і жыллё тое прызначалася з большага толькі для ваенных. У 1950-я ж вялікі калектыў архітэктараў з розных саюзных рэспублік стварыў вялікі каталог тыповых праектаў будынкаў грамадскага прызначэння: ад аднапавярховых індывідуальных дамоў, да школ на 660 вучняў, паводле якога забудоўваліся цэлыя кварталы ў гарадах па ўсяму СССР. Напрыклад, у Мінску на слыху назвы жылых раёнаў, такіх як Асмолаўка, пасёлак трактарнага завода, аўтазавадскі пасёлак і інш., якія ўзніклі як раз ў 1950-я. Шмат раёнаў з тыповай забудовай з’явілася ў іншых гарадах Беларусі. Не абышла гэтая практыка і Маладзечна, дарэчы, абласны горад ў 1950-я (Маладзечанская вобласць праіснавала з 1944 па 1960 гады). Пра адзін такі раён Маладзечна, збудаваны ў пачатку 1950-х паміж былым міжваенным гарнізонам Гелянова і новым гарадскім цэнтрам, я вам і хачу расказаць:
У генеральным плане развіцця Маладзечна ад 1947-га года адзначаўся вялікі недахоп жылля ў межах горада. У плане прадугледжвалася новае будаўніцтва 2-х і 3-х павярховых жылых і грамадскіх будынкаў у цэнтральным раёне горада, на галоўных вуліцах Рэвалюцыйнай і Камуністычнай і ў гарадку Гелянова. Дарэчы, сам былы польскі ваенны гарадок у Гелянова ў вайну пацярпеў мала і вялікая частка міжваенных будынкаў у ім захавалася (пра іх я неаднаразова пісаў, напрыклад, тут і тут). Гелянова хоць і было ўключана ў склад горада яшчэ ў 1929 годзе, але да канца 1940-х паміж ім і цэнтрам Маладзечна знаходзіліся вялікія абшары незабудаванай тэрыторыі. На нямецкім аэрафотаздымку 1941 года бачныя засеяныя палі на поўнач ад Гелянова, на гэтых «пахатных землях» і паўстаў у пачатку 1950-х новы жылы раён, сканцэтраваны вакол новаўтворанай вуліцы (а па факту бульвара) імя Маркава. Дарэчы, дамы 1950-х гадоў на сучасным гугл-здымку лёгка пазнаць па яскравых чырвоных і сініх дахах — слядах дажынкаўскай рэканструкцыі горада:
Вуліца Маркава названая так ў гонар Героя Савецкага Саюза Маркава Фёдара Рыгоравіча, які ў гады вайны кіраваў партызанскім рухам на Маладзечыншчыне, а да вайны быў актыўным дзеячом КПЗБ. Прозвішча Маркаў даволі распаўсюжанае ў нашых краях, муж маёй цёткі (не ведаю, як гэта будзе адным словам), таксама Маркаў, а яго маці пэўны час жыла на вуліцы Маркава і з-за гэтага ў яе часта здараліся невялічкія непаразуменні са служачымі розных дзяржаўных устаноў: «Прозвішча? — Маркава. — Адрас? — Маркава. — Адрас ваш? — Ну, Маркава, дом такі-та, кватэра такая-та. — А-а-а.»
Вуліца і бюст на старым фотаздымку. Можна параўнаць, як выраслі дрэвы за дзесяцігоддзі:
Вуліца Маркава, як я ўжо казаў, гэта бульвар з пешаходнай алеяй у цэнтры паміж двума праезднымі часткамі з аднабаковым рухам. Пачынаецца алея ад аркі парка перамогі, які быў закладзены ў красавіку 1946 года:
Арка на старым здымку. Бачна, што паміж калонамі былі раней усталяваны вароты, напэўна, парк зачыняўся на ноч, ці ўваход у парк быў платны (у шапіках па баках ад аркі мажліва размяшчаліся касы). Зараз прайсці праз парк можна без перашкодаў у любы час. У глыбіні парка за аркай можна пабачыць пабелены помнік з фігруай падобнай на Леніна, да нашага часу помнік не захаваўся.
Сучасны выгляд аркі. Дрэвы ў парку заўважна выраслі, на месцы Леніна паставілі помнік воінам-інтэрнацыяналістам, а за ім у глыбіні парка можна пабачыць шматпакутны помнік «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі», які за апошнія пяць гадоў тры разы змяніў месца дыслакацыі і раскалоўся на две часткі:
Другі канец пешаходнай алеі на вул.Маркава ўпіраецца ў лялечны тэатр «Батлейка»:
Архітэктурна гэта тыповы ДК 1950-х гадоў, якіх толькі ў Беларусі некалькі дзясяткаў (я пра гэта пісаў у пасце тут):
«Батлейка» у гэтым будынку з’явілася ў 1990 годзе, а да гэтага тут размяшчаўся дом культуры будаўнікоў. Уласна кажучы, уся забудова вуліцы Маркава і наваколляў узводзілася для працаўнікоў мясцовага будтрэста. ДК на старым здымку, на пярэднім плане аўтобус маркі ЗИС/ЗИЛ-155 (1949-1957):
Час перайсці ўласна да жылой забудовы раёна. На пачатку вуліцы Маркава (з боку парка) і уздоўж вуліцы Машэрава (ідзе перпендыкулярна бульвару) тыповыя дамы размешчаны сіметрычна і ўтвараюць пэўны ансамбль малапавярховай архітэктуры. Але чым далей ісці па Маркава да лялечнага тэатра, тым менш там дамоў 1950-х і больш украпленняў пазнейшай архітэктуры. Бачна, што будаўнікам па нейкіх прычынах не удалося да канца рэалізаваць архітэктурны ансамбль уздоўж усяго бульвара.
Насупраць паркавай аркі па цотным баку вуліцу пачынае вуглавы Г-падобны 16-цікватэрны дом серыі 1-211 тыпавы праект №1-211-3, архітэктар В.Л.Яснапольская. Дарэчы, вызначыць праект і серыю дамоў мне дапамог каталог тыповых праектаў, змешчаны ў суполцы su_maloetazhki, за што вялікі дзякуй яе стваральнікам:
Праект адметны эркернымі выступамі і лоджыяй на рагу. Усяго ў раёне Гелянова пабудавана тры такія дамы, пра астатнія гаворка пойдзе ніжэй. На сцяне ж гэтага дома яшчэ размяшчаецца мемарыяльная дошка ў гонар Ф.Р.Маркава:
Эркер з арыгінальным шкленнем. Драўляных вокнаў з 1950-х на фасадах дамоў у Гелянова амаль не захавалася, павальная мода на шклопакеты зрабіла сваю чорную справу:
Сіметрычна адносна дома №2 на няцотным баку стаіць больш просты знешне дый яшчэ бязлітасна адтэрмашублены Г-падобны дом №1 па Машэрава. Серыя 1-222 праект №1-222-126, архітэктар Д.І.Бурдзін:
Далей па Машэрава зноў сіметрычна размешчаны два дамы серыі 1-202 праекта №1-202-1, архітэктар Д.М.Меерсон. Дом №3:
Увогуле, гэты і некаторыя іншыя савецкія тыповыя праекты 1950-х мне нагадваюць тыповыя праекты дамоў, што мелі распаўсюд у міжваеннай Другой Рэчы Паспалітай ў 1920-я гады (параўнаце дом архітэктара Меерсона пачатку 1950-х з домам архітэктара Боемскага пачатку 1920-х, які пабудаваны у Вілейцы). Паралелі яшчэ больш мацнеюць, калі прыгадаць, што польскія архітэктары таксама любілі ствараць ансамблі малапярховай архітэктуры з тыповых праектаў: урадавыя калоніі ў Брэсце, у Нясвіжы, у Слоніме і інш. Выходзіць, што савецкія архітэктары ўзялі на ўзбраенне практыку польскіх калегаў 30-цігадовай даўніны.
На фота ганак дома №4 па вул.Машэрава, драўляны разны падстрэшак нібыта перакачаваў у праект з сялянскага дома:
Наступны дом №6 пабудаваны паводле больш простага праекта №1-201-2 серыі 1-201, архітэктар С.А.Масліх:
Аналагічны дом №5 па няцотным баку:
Затым уздоўж вул. Маркава ідуць адразу па два вялікіх 18-кватэрных дома серыі 1-255 з кожнага боку. Дом №8:
Дом №9. Так, гэта адзін з тых дамоў, пад’езды якога сталі героямі фоткі з майго паста «Дзень адчыненых дзвярэй».
Вось той двор з іншага ракурса. Я насамрэч не ведаю, чаму ўсе пад’ездныя дзверы былі адчыненыя і ці часта тут такое здараецца:
У двары дома №9 абнаружыўся атмасферны восеньскі корч — ВАЗ-2103 (1972-1984):
Марсіянскія тэхналогіі заладжвання прабоін з дапамогай плёнкі і скотча добра паказваюць сябе і на Зямлі 🙂
Дарэчы, чым яшчэ цікавыя такія раёны забудовы 1950-х гадоў, як у Гелянова, дык гэта тым, што за прыгожымі вулічнымі фасадамі тыповых дамоў у глыбіні двароў хаваюцца часта жудасныя збудаванні з крывых дошак і бітай цэглы, якія выкарыстоўваюцца жыхарамі як кладоўкі. Сарайчык за карчом яшчэ не самы горшы прыклад гаспадарчай пабудовы:
У суседнім двары знаходзіцца такая сараіна:
Але вярнуся на вул.Маркава. У сярэдзіне бульвар перасякае вуліца Ясінскага, дарэчы, гэта напэўна адзіная ў Беларусі вуліца, названая ў гонар аднаго з кіраўнікоў паўстання Тадэўша Касцюшкі генерала і паэта Якуба Ясінскага. На перакрыжаванні на цотным баку стаіць тыповы вуглавы дом серыі 1-255:
Насупраць яго былая кантора будтрэста, а цяпер маладзечанскі філіял Энэрганагляда і некалькіх іншых дзяржаўных устаноў. Будынак быў жэстачайшэ адкапіталены да дажынак:
За перакрыжаваннем Ясінскага і Маркава ў бок «Батлейкі» забудовы 1950-х гадоў амаль няма. Па няцотным баку сярод пазнейшых дамоў стаіць 18-цікватэрнік, аналагічны дамам №7,8,9,10:
Вярнуся зноў да парка і вуліцы Машэрава, уздоўж якой сканцэнтравана астатняя частка забудовы 1950-х.
Від на дом з эркерамі з боку вуліцы Машэрава. На фота бачны бетонны куб вентыляцыі бомбасховішча:
Дамы уздоўж Машэрава стаяць у два шэрагі у шахматным парадку: аднія бліжэй да вуліцы, іншыя далей. Вось просты будынак другога шэрагу — дом №11а па Машэрава:
Від з двара. Праект тыповы і часта дзе сустракаецца, але серыю я вызначыць не змог. Але зноў жа дом гэты мне нагадаў тыповыя польскія двухпавярховікі, якія можна пабачыць у Стоўбцах і Баранавічах:
У двары дома стаіць сіняя «буханка» — УАЗ-452 (1965-нашыя дні):
Цікава, што задняя дверца у машыне заварана, а замест яе зафігачана вакно ад РАФіка (RAF-2203 Latvija):
Яшчэ адна варыяцыя дома з эркерамі серыі 1-211 праект №1-211-1:
За домам знаходзіцца акуратны сарайчык і грады:
Будынак на мяжы з былым міжваенным гарнізонам гэта зноў жа вядомы вуглавы дом з эркерамі серыі 1-211. Від з двара:
За ім бачыцца масіўны сілуэт трохпавярховага афіцэрсакага дома 1930-х, пабудаванага для сем’яў афіцэраў 86-га пяхотнага палка Войска Польскага, які размяшчаўся ў Гелянова ў часы Другой Рэчы Паспалітай. Цікава, што польскі міжваенны будынак выглядае больш сучасным і маладзейшым за пасляваенныя савецкія тыповыя двухпавярховікі 1950-х. Некаторыя жыхары Маладзечна нават думаюць, што афіцэрскія дамы Гелянова пабудаваныя ў 1960-я ці пазней, але яны, безумоўна, памыляюцца, дом на фота старэйшы за дамы на вул. Маркава на два дзесяцігоддзі:
Мярзотная афарбоўка, якой «узнагародзілі» дом 1930-х гадоў рэспубліканскія дажынкі, коліць вочы.
Дом з эркерамі таксама атрымаў падарункі на свяце працаўнікоў сяла і займеў модную тэрмашубу і сінюю металадахоўку:
Ад вуглавога дома з эркерамі і афіцэрскага дома пачынаецца ўжо ўзгаданая вышэй вуліца Ясінскага. Яна мае Г-падобную форму таму і перасякае абедве перпендыкулярныя паміж сабой вуліцы Маркава і Машэрава:
Пайду ў бок цэнтра горада па вуліцы Машэрава:
Участак ад вуліцы Маркава да вуліцы Вольнай карацейшы і тут паміж двума вуглавымі дамамі ўціснулі толькі адзін даўгі двухпавярховы будынак. Будынак падобны на дом серыі 1-221 праекта №1-221-137:
Вуглавы дом серыі 1-211 на рагу вуліц Машэрава і Вольнай, трэці з шэрагу дамоў гэтага тыпу ў Гелянова:
Насупраць яго тыповая школа 222 праекта, архітэктары Н.М. Вавіроўскі і А.П. Веліканаў. Раней у гэтым будынку размяшчалася маладзечанская сярэдняя школа №2, але ў 1970-я яна пераехала ў новы будынак на вул.Чкалава. Затым у будынку па Машэрава знаходзілася вячэрняя школа і дом дзіцячай творчасці. У пачатку 2000-х я хадзіў сюды на заняткі гуртку «Што? Дзе? Калі?»:
Далей па вул. Вольнай знаходзіцца дом ужо знаёмага праекта №1-202-1.
Трохі далей размяшчаецца першы ў раёне Гелянова дзіцячы садок 1950-х гадоў, які таксама належыў будтрэсту. Праект пэўна ўжо канца 1950-х, зроблены пасля прыняцця загаду аб «ізлішэствах у архітэктуры»:
Далей вуліца Вольная перасякаецца зноў жа з вуліцай Ясінскага. На маленькім участку Ясінскага ад Вольнай да Машэрава прытулілася два дамы з эркерамі серыі 1-211 праекта №1-211-1:
На гэтым хачу закончыць свой маленькі паход па раёну забудовы 1950-х гадоў у Гелянова. Гэта, безумоўна, не адзіны такі раён у Маладзечна. Калі вам будзе цікава, магу напісаць і пра іншыя.
Пішыце лісты каменты, падпісвайцеся на канал і стаўце лайкі 🙂
Выйшла вельмі цікава. Манера пісаць сур’ёзна і пры тым усоўваць нейкія зусім не па тэме каментарыі наконт «Карчоў» :)), адразу крыху здзівіла, але потым прывык і нават пры канцы пачало не хапаць гэтага. Адразу бачна што чалавек адносіцца не да афіцыйнага пісакі, а да чалавека які піша ад сябе, ад душы аб тым што яму падабаецца! Здаецца ўсё ў вас атрымаецца! Гэта сапраўды будзе вельмі цікавы рэсурс звестак.
Аўтар большай часткі матэрыялаў, апроч краязнаўства, журналісцкай дзейнасці і пісьменніцтва, прафесійна займаецца «карчаводствам» — фотаздымкай і класіфікацыяй рэтра-аўтамабіляў. Артыкулы пра Маладзечна ў мэтах сістэматызацыі пераносяцца з асабістага блога У.Садоўскага, таму фармат «карчоў» і душэўнага блогінга чырвонай ніткай будзе праходзіць праз артыкулы гэтага сайта 😉
Уладзімер, цудоўная работа, але подпісы да здымкаў:
Дом №1, №3, №4, №5, №6, №8, №9 па вул. Машэрава (падпісана) — а яны па вул. Маркава, і толькі з дома №12 па вул. Маркава правільна.
І яшчэ. Прысутнічаў на паседжанні клуба фотааматараў які праводзіць Я. Стэльмах — паказваль фота з альбомаў пасланых піянэрамі маракам Находкі. І прышлі да высновы, што вул. Маркава спачатку называлася «ул. Строітелей» — так падпісаны здымак аднаго з двухпавярховых дамоў-баракаў. Ну, а праспект Леніна — вул.Камуністычная.
Дзякуй. Пабачыу на здымку свой колішні дом…